Вадзім Карцаў

Чалавек з ружжом

 

Сталася так, што наша міліцыя, надзвычай занятая палітычным перасьледам апанэнтаў рэжыму, ня можа сёньня выступіць гарантам бясьпекі жыцьця й здароўя для ўсіх грамадзянаў. Зь іншага боку, на падмогу мясцовым бандытам праз адчыненую ўсходнюю мяжу на «гастролі» й на «пастаянку» бесьперашкодна едуць да нас крымінальнікі рознага рангу: ад кішэньнікаў да вароў у законе.

У гэткіх умовах адным са шляхоў супрацьстаяньня злачыннасьці застаецца самаўзбраеньне. Прычым, калі ад нападу на вуліцы можна адбіцца з дапамогаю электрашокера, газавага пісталета ці балёнчыка, дык надзейна абараніць жытло ад уварваньня няпрошаных гасьцёў ні памянёнымі сродкамі, ні ўстаноўкаю ўзмоцненых дзьвярэй немагчыма.

Статыстыка сьведчыць, што менавіта кватэры з стальнымі дзьвярыма становяцца аб’ектам пільнай увагі злодзеяў, якія імкнуцца патрапіць туды падманам ці праз вокны. Спраўдзіць прынцып «мой дом — мая крэпасьць», абзавёўшыся адно пасыўнымі сродкамі аховы, цяжка. Комплексны падыход да арганізацыі бясьпекі свае й сваіх родных патрабуе наяўнасьці ў хатнім арсэнале інструмэнта актыўнага ўзьдзеяньня — сама мала сякеры. Аптымальным жа бачыцца набыцьцё агнястрэльнай зброі. Беларускае заканадаўства прадугледжвае дастаткова лібэральны парадак пакупкі спартова-паляўнічых ружжаў. Існуюць, праўда, абмежаваньні тэхнічнага пляну: руля не павінна быць наразною й карацейшаю за паўмэтры.

Але ў гарадзкіх умовах, на блізкіх адлегласьцях, эфэктыўнасьць гладкаствольнай зброі ці не найбольшая з-за шырокага вугла паражэньня і, адпаведна, магутнага спыняючага ўзьдзеяньня пры стрэле шротам, у адрозьненьне ад стрэлу куляй з наразнога ствала, калі існуе вялікая рызыка непажаданага патрапленьня рыкашэтам. З гэтых прычынаў, дарэчы, «вінчэстэр» — звыклая зброя паліцэйскіх на Захадзе. Як тут не згадаць доблесных аўтаматчыкаў на менскіх вуліцах. Ведаючы характарыстыкі «калашнікава», я рэкамэндаваў бы гараджанам спаць на падлозе й не падыходзіць да вокнаў, каб не схапіць ад якогась ахоўніка парадку шальную кулю.

Першай фармальнасьцю перад набыцьцём стрэльбы стане вашае ўступленьне ў Беларускае вайскова-паляўнічае таварыства з атрыманьнем егерскага білету пасьля здачы простага тэарэтычнага іспыту й пяці стрэлаў па мішэні на стэндзе. Спадзяюся, гэтая працэдура не натхніць кагосьці сапраўды пайсьці ў лес і забіваць беднае зьвяр’ё. Потым у дазваляльнай сыстэме аддзела ўнутраных справаў па месцы жыхарства вам распавядуць, якіх памераў мусіць быць жалезная скрыня для захоўваньня зброі ў хаце (праверыць участковы); якіх лекараў трэба абысьці для атрыманьня мэдычнае даведкі; чаго нельга рабіць, каб не патрапіць пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу.

Трэці этап — паход у краму. Не абцяжарвайцеся роздумам — набывайце самае таннае, бо рызыкі купіць нешта няякаснае, што можа разарвацца ў руках, практычна не існуе: усе мадэлі перад паступленьнем у продаж праходзяць шчыльны кантроль і выпрабаваньні ў адмысловым сэртыфікацыйным цэнтры. Найлепшы пяцізараднік амэрыканскай вытворчасьці каштуе сёньня каля 250 даляраў; іжэўская дубальтоўка — блізу $180; набоі — па 50 цэнтаў.

Не праміну сказаць колькі словаў пра палітычны аспэкт узбройваньня насельніцтва. Калі ў бальшыні хатаў будзе па ствале, дык абыходзіцца з народам цалкам і з кожным паасобку ўлады будуць больш акуратна, чым цяпер. І канстытуцыйныя правы падумаюць ці кранаць, і сувэрэнітэт пад сумнеў не паставяць, і выдачу заробкаў не зацягнуць. А чаго-небудзь пра якіх-небудзь сургуцкіх неданоскаў і блізка не пачуем. Чалавек з ружжом — суб’ект палітыкі, традыцыйна варты павагі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0