Беларусы як частка чагосьці

Белорусы. — Масква: «Наука», 1998. — (Сэрыя «Народы и культуры»). — 503 с. — Наклад 1980 ас.

 

Па структуры кніга належыць да «брацкіх магілаў» (акадэмічныя навукоўцы так называюць калектыўныя манаграфіі, разьдзелы якіх напісаныя рознымі аўтарамі). Адсюль — стракатасьць падыходаў. Увесь калектыў аўтараў — беларускія дасьледчыкі з Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, а роля Расеі — замова, грошы, агульнае рэдагаваньне і ўводзіны, а таксама сам друк. Як жа чытач «уводзіцца» ў працу? Чытаем: «У літаратуры выказаныя розныя меркаваньні пра беларусаў. Адны лічаць іх групай рускага народа, другія — часткай польскага, трэція — асобным славянскім этнасам». Так што існаваньне беларускага народу адразу пастаўлена пад сумненьне.

Тут жа, праўда, зазначана: «Фактычны матэрыял сьведчыць пра тое, што беларусы зьяўляюцца ўсходнеславянскім народам, роднасным рускаму па паходжаньні і вельмі блізкім яму па культуры і назьве». Але матэрыял гэты такі багаты, што «роднасьць» можна паказаць і з польскім, і зь літоўскім, і з украінскім народам.

У кнізе напісана амаль пра ўсё. Пра тое, чаго ня варта шукаць, папярэдзілі: пра шляхту, духавенства, купецтва, пра грамадзкія аб’яднаньні беларусаў ды пра палітычную гісторыю. Затое асьветлена шмат тэмаў, якія раней мала краналіся. Гэта пытаньні дэмаграфіі, расьсяленьня беларусаў у суседніх і далёкіх краінах, сучасныя этнамоўныя працэсы, народныя веды пра сьвет і прыроду.

Сутнаснай у этнаграфіі беларусаў ёсьць праблема іх паходжаньня. Аўтары «Беларусаў» вырашылі пачаць гісторыю свайго народу ад летапісных славянскіх плямёнаў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Што было раней — утоена. Верагодна таму, што Беларусь была заселена балтамі, а тэорыя балцкага субстрату тут не ў пашане.

Выглядае, што славяне зьявіліся ў Беларусі ніадкуль. Затое тлумачыцца, як зьявіліся беларусы ў Расеі: праз палон, высылкі, рэпрэсіі, дэпартацыі. Для Сібіры гэта слушна, а для Смаленшчыны? Абыякавасьць аўтараў паставіла яе на адзін узровень з Паволжам і Аўстраліяй: маўляў, беларусы па-за БССР і РБ — прыхадні.

У выкладзе этнічнай гісторыі беларусаў шмат недарэчнасьцяў. Быццам тэрмін «Чорная Русь» зьявіўся ў ХІV ст. — раней, чым назва «Белая Русь» (ХІІІ ст.), быццам пад ціскам мангола-татараў заходнія землі Русі ў ХІІІ ст. увайшлі у ВКЛ (вось хто аказаўся сапраўдным творцам ВКЛ!). Забарона беларускай мовы ў канцылярыях на адной старонцы праз два радкі датуецца 1695 і 1696 г. Увогуле, зьвесткі пра забарону і адмену беларускай мовы сьведчаць, што аўтары ня ведаюць праблемы.

«Сьвядомая беларуская дэмакратычная інтэлігенцыя аб’ядналася вакол выданьня «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага» — неблагі пасаж, калі б вялося пра ленінцаў і «Искру». У вялікім матэрыяле па этнічнай гісторыі толькі паўстаронкі адведзена для Заходняй Беларусі (?!).

У разьдзеле пра народныя напоі вышэй за квас (па градусах) аўтары не рызыкнулі ўзьняцца. То беларусы — нацыя цьвярозьнікаў? З абзацу пра народныя анэкдоты вынікае, што яны бываюць пра фашыстаў і яшчэ пра нешта... Гэта і ёсьць анэкдот.

Што бянтэжыць, дык гэта часам нястрыманае ўхваленьне СССР: станоўча падзейнічалі на сям’ю савецкія дэкрэты, станоўчую працу праводзіла русіфікатарскае таварыства «Прэч непісьменнасьць» і г.д. І побач — пра савецкія рэпрэсіі, дэпартацыі. Сапраўды задумаесься, што дала беларусам савецкая ўлада? Канчатковага адказу аўтары «Беларусаў» не даюць, што цешыць, а знаёмства з багатым матэрыялам кнігі дазволіць чытачу займець свой погляд.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0