сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

 

Сьвятлана Гарбунова. Помнік Буднаму

 

Усё, што мы ведаем пра аблічча Сымона Буднага — гэта гратэскавая гравюра пачатку 17 ст., дзе ён, карыкатурны, патанае ў смале пекла сярод іншых ерэтыкоў... Гэта значыць, што мы ведаем, у пэўным сэнсе, «адваротны» вобраз слаўнага асьветніка. Прынамсі, так было. Бо ўжо сёньня мы будзем уяўляць яго так, як яго ўявіла сабе наша сучасьніца, скульптарка Сьвятлана Гарбунова.

Гледзячы на яе скульптуру Буднага, што ўстаноўленая ў Нясьвіжы, я думаю пра тое, што вобразы мужчын, якія ствараюць жанчыны — гэта іх ідэалы. Ідэалы бацькі, мужа, сына. «Будны» работы Габуновай — гэта ідэал мудрага настаўніка, абаяльнага і фізычна моцнага, здольнага ўсё зрабіць уласнымі рукамі мужчыны. Несувымерна вялікія рукі падкрэсьліваюць тую стыхію, сярод якое беларускасьць пачуваецца ўпэўнена. Гэта рукі аратага і стыхія ральлі. Як у Каліноўскага: «Сейце, дзецюкі, поўнаю жменяй!»

Настаўнікамі Гарбуновай былі ледзь ня ўсе клясыкі беларускай савецкай скульптуры: Бембель, Анікейчык, Мурамцаў. Адпаведна фармаваўся й погляд на тое, як мусіць выглядаць сапраўдны мужчына: мудры, спраўны, моцны. Яны ж прышчапілі сваёй улюбёнай вучаніцы тыя рысы, што спатрэбіліся ёй у далейшым: уважлівасьць да чалавека, а таксама мікелянджэляўскае, старое, але ні кім не адмененае правіла скульптуры — прыбраць лішняе.

Помнік Буднаму стаў узорным, у сэнсе павагі да гістарычнага асяродку й прадбачлівасьці ў дачыненьні да асяродку натуральнага. Бо старасьвецкі фарны касьцёл Божага Цела па-ранейшаму стаіць у Нясьвіжы, а дрэвы, у засені якіх прыпыніўся Будны, растуць...

Кампазыцыя манумэнту надзвычай простая: чалавек паказвае адной рукою на справу свайго жыцьця — кнігу. Другая рука, нібы прысягаючы на нябёсах, заклікае неба ў сьведкі, што справа тая неўміручая. Для яснасьці гэтае думкі надта ж надалося сьвятарскае ўбраньне Буднага. Як і ва ўсіх пратэстантаў, яно аскетычнае, бязь лішніх аксэсуараў. Кампазыцыя й зьмест гэтага твору, зробленага ў 1979 годзе, сталі настолькі вычарпальнымі, што нічога больш вартага за Гарбунову пра вобраз асьветніка ў мастацтве гэтак і не сказаў ніхто. Наадварот, твор Гарбуновай спарадзіў эпігонаў. Усьлед за маладой скульптаркай многія паспрабавалі ўвагнаць у ейны кампазыцыйны фармат Гусоўскіх, Скарынаў ды іншых. Але не атрымалася.

Гэты вобраз моцна зьнітаваны з асабістымі перажываньнямі і самой скульптаркі, ён паклаў адбітак на ўсе астатнія яе творы. Нават астэнічны Шагал, які неўзабаве ўзьляціць да нябёсаў у сваёй бронзавай абалонцы, выраблены паводле вобразу й падабенства з Сымонам Будным, арыянскім вандроўным пастырам, які прыпыніўся ў Нясьвіжы, каб уславіць нашую мову, пераканаўшы ў тым Радзівілаў. «Катэхізысам» па-нашаму...

Сяргей Харэўскі


 

Сьвятлана Гарбунова (1954, Менск) скульптар, пэдагог. Скончыла школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка ў 1972 годзе. У 1978 скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладала ў Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0