тэма нумару:

Сцэнары для Дагестану

 

У многіх народаў Дагестану ёсьць гэткі звычай — пасьля будаўніцтва хаты самая старая ў сям’і кабета ставіць адбітак сваёй рукі над атворам брамы. Дзеля таго каб у доме заўсёды былі мір і ласка. Калі ўваходзіш у саклю, мусіш прыгнуць галаву, схіляючы яе перад памяцьцю тае кабеты — гаспадыні роду. Гэта ні з чым не параўнальнае пачуцьцё. Многім дамам-саклям у гарах Дагестану па некалькі соцень гадоў, і ў іх узгадаваліся дзясяткі пакаленьняў. Калі сярод непрыступных скалаў спатыкаеш могілкі, якім больш за тысячу гадоў, а яны, як і колісь, дагледжаныя, дык пачынаеш верыць усяму безаглядна... Даўжэзным расповедам пра Іскандэра (Аляксандра Македонскага), пра пэрсідзкіх цароў, пра орды Батыя, нібы ўсё гэта адбывалася на вачах суразмоўцаў...

Сёньняшняя вайна — трагедыя для народаў гэтае каўкаскае краіны. Для іх, у адрозьненьне ад нас, гэтае стагодзьдзе было адным з самых мірных за ўсю іх трохтысячагадовую гісторыю. Аднак ніколі ў гісторыі іхныя дамы не руйнаваліся. Цяпер яны, прастаяўшы шмат стагодзьдзяў, разьлятаюцца ўшчэнт ад расейскіх снарадаў і бомбаў.

 

Гэтая вайна імгненна зьмяніла палітычны ляндшафт у Расеі. Дастаткова згадаць аўральную зьмену прэм’ера. Разам з тым, пэрспэктывы анэксіі Беларусі становяцца ўсё больш туманныя. Правядзеньне «рэфэрэндуму» аб улучэньні нашае краіны ў Расею адмененае. Больш за тое, расейскія палітолягі запанікавалі, сурочачы адтэрмінаваньне выбараў і ўвядзеньне Ельцыным прамога прэзыдэнцкага праўленьня (або прызначэньне Лебедзя выратавальнікам краіны). Гэта імаверна, бо надта ж нягегла выглядае сёньняшні прэм’ер Пуцін, які паабяцаў разабрацца з Дагестанам за паўтара-два тыдні. Тыя тыдні мінулі, а вайна разрастаецца. Узятая тактыка цэнзуры ў расейскіх СМІ й брутальных інсынуацыяў. France Presse ды ВВС пацяшаюцца з расейскіх ваенных зводак, называючы іх мякка «недастаткова верагоднымі». Што праўда, дык гэта тое, што расейскай ракетаю быў зьнішчаны аўтобус, у якім ехалі 15 міліцыянтаў з Дагестанскага МУС. Вайна мае сваю лёгіку, і сваякоў гэтых міліцыянтаў не пераканаеш, што гэта была памылка...

 

Хто ваюе ў Дагестане

Хто ваюе ў Дагестане і за што? Ісламскія палітычныя рухі нарадзіліся тут пры канцы 80-х. Гэта была натуральная рэакцыя на распад камуністычнае ідэалёгіі. У Дагестане звыш 30 карэнных народаў, а таму іслам з арабскай моваю доўга выконваў ролю галоўнага злучніка іх усіх. У сярэдзіне 90-х, у зьвязку з вайною ў Чачэніі, адбылося канчатковае разьмежаваньне ісламскіх рэлігійных рухаў на радыкальную (вахабіцкую) і традыцыяналісцкую плыні. Вахабіты прапагандуюць «дзейны» і «чысты» іслам, што вельмі падобна на некаторыя пратэстанцкія плыні ў хрысьціянстве. Маўляў, штодзень трэба стаяць на варце веры і даводзіць сваю веру канкрэтнымі ўчынкамі. Галоўная вахабіцкая арганізацыя — Ісламскі Джамаат Дагестану, кіраўніцтва якога з канца 1997 году спрабуе супрацьстаяць і дагестанскім уладам, якія не зьмяніліся з савецкіх часоў, і расейцам, якія несупынна пашыралі сваю мілітарную прысутнасьць у краі — значэнным рэгіёне для транспартоўкі касьпійскай нафты. Кіраўніцтва Джамаату карыстаецца актыўнай падтрымкаю з боку баявых камандзіраў Ічкерыі (аль-Хатаба, Шаміля Басаева, Салмана Радуева). Зь верасьня 1998 году баявы штаб Джамаату знаходзіцца на тэрыторыі Чачэніі.

Тут варта растлумачыць, што сярод тубыльцаў Дагестану ёсьць і этнічныя групы чачэнцаў. Жывуць карэнныя чачэнцы-акінцы тут у некалькіх раёнах, найперш у самым дзікім і бязводным, Хасаўюрцкім. Гэтыя этнічныя групы не былі дэпартаваныя ў 44-м годзе, а таму як найлепей захавалі сваю этніку, традыцыі і фальклёр. Таму ўзаемны ўплыў чачэнцаў Дагестану і Ічкерыі цалкам натуральны. Дарэчы, і аль-Хатаб чачэнец, толькі зь Ярданіі, дзе чачэнцаў жыве больш за 5 тысячаў — нашчадкаў заможнае арыстакратыі, што эмігравалі ад бальшавікоў.

У сакавіку 1999 году аміры (чальцы) Джамаатаў Дагестану і Ічкерыі абвесьцілі пра пачатак газавату (сьвятой вайны). У Буйнацкім, прыгорным раёне Дагестану, існуе Ісламская тэрыторыя, абвешчаная Джамаатамі чачэнскіх аулаў Карамахі і Чабанмахі. Тымчасам на гэтай тэрыторыі вахабіцкая Шура (ісламская Рада) увяла дзеяньне законаў шарыяту. І гэта пачало падабацца суседзям чачэнцаў — кумыкам, якіх у Дагестане чвэрць мільёну і якія падзяляюцца на тры народнасьці. Кумыкаў ачольвае вялікая й энэргічная палітычная арганізацыя — Кумыцкі народны Рух «Тэнглік», на чале якога стаіць вядомы навуковец і грамадзкі дзяяч прафэсар Салаў Аліеў. Прадстаўнічым ворганам кумыцкае нацыі стаў Мілі Мэджліс — Народная Рада, які фактычна прымыкае да «Тэнглік». Яны патрабуюць спыніць міграцыю горцаў на іх этнічныя землі ў стэпах і перадгор’ях Кумыкстану (Кумыцкая раўніна), а таксама прапагандуюць фэдэралізацыю самаго Дагестану і стварэньне кожнаму этнасу сваіх аўтаноміяў. Кумыкі абгрунтавана даводзяць, што прамаскоўскае кіраўніцтва ў Махачкале дзейнічае выключна ў інтарэсах «першых» народаў — аварцаў ды даргінцаў, абыходзячы ўвагаю астатнія народы. З гэтае прычыны кумыкі знаходзяцца ў радыкальнай апазыцыі да посткамуністычных уладаў, стаўшы тактычнымі саюзьнікамі ісламістаў-вахабітаў.

Блізкая сытуацыя і з лакцамі, якія маюць Лакскі народны рух «Казікумык», на чале якога стаіць былы міністар сельскае гаспадаркі Дагестану Магамэд Хачылаеў. Пасьля яго адстаўкі і арышту большасьць лакцаў знаходзіцца ў глухой апазыцыі да афіцыйнае Махачкалы і актыўна падтрымліваюць любыя антыўрадавыя выступленьні.

Калі ж дадаць, што, напрыклад, тыя ж даргінцы падзяляюцца на дзьве асноўныя народнасьці, якія гавораць на 15 дыялектах, палова зь якіх мае традыцыі пісьмовасьці, дык можна толькі ўявіць, якія праблемы ўзяўся разьвязаць за пару тыдняў новы расейскі прэм’ер...

 

Гэта Каўказ

«Памяркоўнае» крыло вахабітаў стварыла Ісламскі культурны цэнтар «Каўказ», старшыня якога Магамэдшалі Джагшыеў быў запрошаны ў прэс-сакратары Джамаатаў аулаў Карамахі і Чабанмахі. Цэнтар «Каўказ» мае свой сайт у Інтэрнэце (www.kavkaz.org), які пераўтварыўся фактычна ў інфармацыйны цэнтар маджахедаў Дагестану і паведамляе сёньня бягучую інфармацыю з вайны — сайт вельмі прыгожы, прафэсійны і абнаўляецца кожныя 15 хвілінаў. Робяць яго на месцы, там, дзе былі апошнія апірышчы Шаміля ў ХІХ ст. і адкуль цяпер, падобна, можа пачацца справакаваная Масквой вайна за нацыянальнае вызваленьне. Дарэчы, ячшэ з восені 1998 году вахабітаў вельмі моцна і адкрыта падтрымоўвае Саюз мусульманаў Расеі, цэнтар якіх у Маскве. Яго ачольвае буйны бізнэсмэн, колішні навуковец, Надыршах Хачылаеў, дэпутат Думы, былы сябар НДР («Наш дом — Расея»)...

Пакуль вахабітам супрацьстаяць (дакладней, агітуюць за нэўтралітэт) памяркоўныя ісламскія групы розных народаў Дагестану, якім пакуль давярае ўрад у Махачкале і «афіцыйнае» сьвятарства на чале з Духоўным упраўленьнем мусульманаў Дагестану, што не зьмянілася з часоў СССР. Да сярэдзіны 90-х асноўнай міжэтнічнай памяркоўнай ісламскай сілаю была Ісламская дэмакратычная партыя Дагестану, якая, аднак, вылучалася скрайнім антыкамунізмам. Аднак, калі ў яе кіраўніцтве ўзялі верх аварскія нацыяналісты, яе ўплыў на агульнадагестанскія працэсы зьменшыўся. Зь сярэдзіны 90-х гадоў вылучылася Ісламская партыя Дагестану, старшыня якое Сукарат Асіятылаў увадначасьсе ачольвае парлямэнцкі камітэт па міжнацыянальных адносінах і замежных сувязях. Але абедзьве гэтыя партыі выступаюць за культурную ізаляцыю Дагестану ад Расеі і за сынтэз дэмакратычных дзяржаўных інстытутаў з ісламам, на ўзор некаторых арабскіх краёў. Абедзьве партыі ўвайшлі ў сакавіку 1999 году ў рух Усерасейскі ісламскі кангрэс. Калі вайна зацягнецца на большы тэрмін, дык яе спыненьня будзе гучна й дзейсна патрабаваць менавіта гэтая ўплывовая агульнарасейская арганізацыя. А тады расейцы апынуцца ў самым горшым становішчы — злога й няўхільнага супрацьстаяньня з усімі сваімі мусульманамі.

 

Што будзе далей?

Што будзе далей, калі Пуцін не стрымае свайго слова і вайна зацягнецца? Невыпадкова Сяргей Сьцяпашын, які меў немалы апэратыўны і баявы досьвед на Каўказе, абмовіўся, што Дагестан Расея, бадай, згубіць. Тады будзе мець рацыю Шаміль Басаеў, які паабяцаў увосені вызваліць ад акупацыйных войскаў трэць Дагестану. Ён меў на ўвазе ўвесь горны Дагестан, у якім жывуць роднасныя чачэнцам народы і тыя народы, якія гатовыя іх падтрымаць супраць махачкалінскае намэнклятуры і ельцынскае Расеі. Што будзе тады? Тады яны змогуць падаць іншаму Дагестану прыклад таго, што іхная ўлада, абапертая на традыцыйныя і ісламскія каштоўнасьці, больш эфэктыўная, некарумпаваная (бо ўжо цяпер парадак у вахабітаў проста ідэальны: мужчыны зарабляюць найбольш перавозкай грузаў, кожная сям’я мае аўтафургоны, кіроўцы-вахабіты зьнянавідныя расейскім гаішнікам тым, што прынцыпова не даюць хабару). Тым самым яны заваююць давер тых народаў, якія цяпер іх пабойваюцца.

Што маглі б зрабіць расейцы? Спыніць бессэнсоўную бамбардоўку гораў, заняць абарону і абаперціся на традыцыйных супернікаў чачэнцаў — аварцаў ды даргінцаў, якія разам складаюць пад палову насельніцтва. І зноў сесьці за адзін стол з Басаевым... Выканаць хоць бы частку сваіх абяцанкаў у дачыненьні да Чачэніі (аднавіць населеныя пункты, выплаціць кампэнсацыі, спыніць эканамічную блякаду). Перастаць раздаваць там зброю налева й направа...

Праўда, гэты сцэнар пагражае вялікімі расейскімі закалотамі, а магчыма й вайсковым путчам урэшце. Але інакш Расеі прыйдзецца абцерціся ганьбай чарговай ваеннай паразы.

Гары Куманецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0