слоўнік паняцьцяў

 

Валерка БУЛГАКАЎ

11. Пра імпэрскую нармалізацыю і несьвядомых беларусаў.

 

Што б там ні гаварылі, але за апошняе дзесяцігодзьдзе беларуская нацыяналістычная міталёгія папоўнілася цэлым шэрагам мітаў. Адныя зь іх былі зусім новымі, другія ж сур’ёзна падноўленымі (пералічым некаторыя зь іх: міт пра Беларусь як пра галоўную пераемніцу гістарычнай традыцыі Вялікага Княства Літоўскага; міт пра сур’ёзны навуковы патэнцыял, якім валодае Беларусь; міт пра Беларусь як цэнтар Эўропы; міт пра беларускую мову як самую чыстую са славянскіх моваў і г.д.). Не адчула на сабе, аднак, значных мадыфікацыяў крыптанацыяналістычная дактрына пра «сьвядомых» і «несьвядомых» беларусаў.

Згодна з гэтым уяўленьнем, якое практыкуецца часткай беларускай эліты, «несьвядомыя» беларусы — гэта пэўнае адхіленьне ад нормы, вынятак з правіла, маргінальная кандыцыя, часовае недаразуменьне, постімпэрскі казус, саманедастатковы стан, зь якога, строга кажучы, можа быць толькі адно выйсьце, а менавіта іх непазьбежнае ператварэньне ў беларусаў «сьвядомых». Пры гэтым паняцьце «несьвядомыя беларусы» аўтаматычна пашыраецца на ўсю беларускую этнічную масу.

Падкрэсьлім, што гэтая дактрына мае істотную афэктыўную вартасьць для тых, хто называе сябе «сьвядомымі» беларусамі, бо дазваляе апошнім пазытыўна самасьцьвердзіцца, стварае ілюзію ўпэўненасьці ў сабе, а таксама ў тым, што шлях да нацыянальнага самаўсьведамленьня, пройдзены імі, зьяўляецца тыповым і раней ці пазьней немінучым для ўсіх прадстаўнікоў дадзенай нацыянальнасьці. Тым самым пад увагу не прымаецца эўрапейскі досьвед, які вымоўна сьцьвярджае, што не бывае мэханічнага пераходу этнічнай якасьці ў якасьць нацыянальна-палітычную. Этнічнае — гэта толькі незрэалізаваная магчымасьць, і адно час і кантэкст вызначае, у якой канкрэтнай палітычнай рэальнасьці наканавана яму ўвасобіцца.

Расейскі каляніялізм у Беларусі прывёў да ўзьнікненьня новай калектыўнай ідэнтычнасьці, якая апэлюе не да ўласна беларускага этнакультурнага архіву, а да архаізуючага набору сымбаляў савецкага, а фактычна расейскага «гераічнага» мінулага. Гэты сьвядомасны працэс можна акрэсьліць як імпэрскую нармалізацыю, зважаючы на тое, якія мэты перасьледуюцца пры яго дапамозе — сьціраньне рэшткавых адрозьненьняў паміж цэнтрам і пэрыфэрыяй і правядзеньне ў жыцьцё адзінага, санкцыянаванага згары ідэнтыфікацыйнага стандарту.

Час, аднак, бязьлітасна расставіў усё па сваіх месцах. Пры канцы ХХ ст. стала канчаткова ясна, што якраз «сьвядомыя» беларусы зьяўляюцца маргінальнай групай. Тымчасам як «сьвядомыя» беларусы аддадзеныя самім сабе, грамадзкая ініцыятыва ўсё больш і больш апынаецца ў рукох беларусаў «несьвядомых». «Несьвядомыя» беларусы зрабіліся сапраўднымі «заканадаўцамі мод» і значна лягчэй дасягаюць сацыяльнага посьпеху, бо лепей разумеюць законы, паводле якіх функцыянуе вышэйназванае грамадзкае цэлае.

Лягічнае наступства такога стану рэчаў у тым, што беларускасьць «сьвядомых» беларусаў успрымаецца дзеючым рэжымам па сутнасьці як антысацыяльная практыка, таму што ў пэрспэктыве яна ўсё-ткі можа стварыць для яго шмат непрыемных калізіяў.

Той, хто хоць раз-пораз чытае прэсу ці слухае радыё, напэўна запрыкмеціў, як часта чуюцца закіды ў бок шэрагу беларускіх дзеячоў, асабліва палітыкаў, у «адарванасьці ад народу», «бясконцай далёкасьці ад народу», «неразуменьні патрэбаў і жаданьняў простага чалавека».

На чым жа будуюцца такія сур’ёзныя абвінавачаньні? Што ляжыць у іх аснове? Як правіла, гэта досыць стандартны набор аргумэнтаў, якія ўключае ў сябе наступныя пазыцыі: першае, проста неэтычна паўсюль і заўсёды паслугавацца беларускай мовай, «бо народ гэтага не разумее», другое, не рэкамэндуецца займаць бескампрамісную і аб’ектыўна сумленную пазыцыю па пякучых пытаньнях бягучага жыцьця, «бо тым самым можна ўкрыўдзіць народ і народ гэтага пасьля не даруе», трэцяе, нельга «судзіць народ», г.зн. указваць яго недахопы і дэфэкты, як прыроджаныя, так і набытыя, таму што «народ тады можа адвярнуцца ад сваіх ненавісьнікаў».

Відаць, такое паняцьце народу ёсьць спэцыфічна расейскім творам, перажыткам расейскага цэзарапапізму і народніцтва, выдумкай расейскіх камуністаў і аграрыяў. На карысьць гэтага прамаўляюць некалькі прычын. Перадусім, чыста расейская стылізацыя сьвятасьці — народ у падобных ананімных уяўленьнях выступае дасканалай безаблічнай субстанцыяй, найвышэйшай і абсалютнай сацыяльнай мерай, фактычна адмысловай інкарнацыяй Бога, якую катэгарычна забаронена абмяркоўваць і якой неабходна толькі сьлепа пакланяцца. Да таго ж, расейскім вярхам было выгадна стварыць і культываваць акурат такое разуменьне народу, паколькі яно стварала ілюзію легітымнасьці дзяржаўнай улады, якая ў расейцаў традыцыйна гарой стаяла за народ і ніяк не залежала ад волевыяўленьня гэтага самага народу. Адмаўляючы да самага апошняга часу рэальнаму народу ў сувэрэнным праве ўдзельнічаць у фармаваньні дзяржаўнай улады й, такім чынам, самому распараджацца ўласным лёсам, прывілеяваная кляса была проста асуджана выпрацоўваць і насаджаць у масавую сьвядомасьць фікцыйныя апраўданьні свайго кіраўнічага становішча.

Няясна таксама, адарванасьць ад якога народу пастаянна падкрэсьліваецца нашымі дамарослымі аналітыкамі і ўстанаўляльнікамі канчатковых дыягназаў. Пагатоў, што ім усё-ткі нешта не дазваляе адкрыта заявіць пра адарванасьць ад беларускага народу. Людзі расейскай культуры на Беларусі не разумеюць адной элемэнтарнай рэчы: якраз айчынная культура і палітыка тут і цяпер стварае беларускі народ зь яго ўнікальнай ідэнтычнасьцю, якая не зьяўляецца сьляпым паўтарэньнем недзе ўжо існуючага прататыпу. Беларускі народ — не застылая дадзенасьць, якую можна памацаць рукамі і ад імя якога можна рабіць любыя безадказныя заявы, а хутчэй незавершаны праект, рэалізацыя якога залежыць ад кожнага з нас.

Сакрат Яновіч аднойчы зацеміў, што калі ў Расеі азначэньне «народны пісьменьнік» было сынонімам крайняга літаратурнага посьпеху, зэніту славы і грамадзкага прызнаньня таго ці іншага літаратара, то ў Польшчы такая дэфініцыя ўспрымалася з дакладнасьцю наадварот: як прызнаньне таго, што пісьменьнік так і ня выйшаў за межы сялянска-бульбянай праблематыкі і піша так, як ужо нельга пісаць. Дадам ужо ад сябе: паняцьце «народ» для расейцаў, так і ненабыўшы выразнага этнічнага ці палітычнага зьместу, засталося прафанным сымбалем валоданьня або ўлады, ужываным для маніпуляцыяў масавай сьвядомасьцю.

Калі гэта так, то адарванасьць некаторых беларускіх дзеячоў ад такога «народу» абарочваецца прырастаньнем нацыі палітычнай.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0