Размова ідзе пра верасень

Апазыцыя будзе чакаць сустрэчных крокаў яшчэ месяц

 

Пра гэта дамовіліся Старшыня ВС Сямён Шарэцкі з паслом АБСЭ Гансам-Георгам Вікам і ягоным намесьнікам сп.Гансам Кляйнэрам.

Сустрэча адбылася ўчора, 22 жніўня, у Вільні, у сядзібе Тварыства Беларускай Культуры ў Літве. Пасьля перамоваў пры зачыненых дзьвярах сп.Шарэцкі адказаў на пытаньні карэспандэнта «НН».

 

С.Шарэцкі: Гэта ўжо трэцяя мая сустрэча з прадстаўнікамі АБСЭ. Сп.Вік выконвае пастановы гэтай арганізацыі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі парлямэнтаў з 54 краінаў, каб знайсьці выхад з таго крызысу, што ўтварыўся ў Беларусі. Яны спадзяюцца, што эканамічны стан і міжнародная ізаляцыя, у якіх знаходзіцца Лукашэнка ды ягоны ўрад, змусяць яго сесьці за стол перамоваў. Але я сёньня падняў пытаньне пра апошнія заявы Лукашэнкі пра тое, што ён на перамовы з апазыцыяй ня пойдзе, а будзе «размаўляць з грамадзкасьцю». На што спадар Вік адказаў гэтак: «Калі ён сарве перамовы, хай наракае пасьля на сябе».

 

— Што маецца на ўвазе?

— Іншыя дзяржавы, міжнародныя арганізацыі адразу адрэагуюць на гэта рэзка нэгатыўна — далейшай ізаляцыяй і ігнараваньнем яго ды ягонага ўраду.

 

— А што да плянаванага Вамі падпісаньня заявы пра перайманьне абавязкаў прэзыдэнта?

— Я гэтае пытаньне перад Вікам не падымаў. Бо гэта ж вынікае з Канстытуцыі. І ніяк не кранае працэсу перамоваў. Гэта між сабою не зьвязана. Усё вырашана ў нашай Канстытуцыі.

Мы дамовіліся сустрэцца ў Вільні наноў празь дзесяць дзён. Спадар Вік прывязе канкрэтныя прапановы па складзе дэлегацыі і па тэрміне пачатку перамоваў.

 

— Ці ўяўляеце Вы сабе перамовы з Лукашэнкам?

— Адмаўляць гэтага ня трэба. Але ведаючы Лукашэнку... Ніводзін дыктатар не станавіўся дэмакратам. Перамовы прадугледжваюць павагу да другога боку. Сумняюся, што Лукашэнка на гэта здольны.

 

— Ці вызначаўся тэрмін, да якога Вы, беларуская апазыцыя і АБСЭ гатовыя чакаць крокаў насустрач?

— Размова ідзе пра верасень.

Гутарыў Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0