Зь Беларусі за тыдзень


Адам Супрун
(1928—1999)

18 жніўня памёр Адам Супрун, навуковец з сусьветным імем, прафэсар, доктар філялягічных навук, доктар пэдагагічных навук, аўтар больш за 500 навуковых працаў. Нарадзіўся ён у Палтаве, скончыў Кіргіскі ўнівэрсытэт, там і пачаў працаваць. Ад 1966 году да апошніх дзён ён загадваў катэдрай тэарэтычнага й славянскага мовазнаўства БДУ. Адама Супруна цікавілі славістыка, беларусісітыка, русістыка, тэарэтычнае і прыкладное мовазнаўства, мэтодыка выкладаньня мовы, быў ён найпершым спэцыялістам па палабскай мове — старой славянскай мове, ад якой захавалася невялічкая колькасьць помнікаў ХVІІІ ст. Быў ён сябрам Беларускага камітэту славістаў, камісіі па лексыкалёгіі і лексікаграфіі пры Міжнародным камітэце славістаў, сябрам рады штогодніка «Балто-славянские исследования».

Зямля табе пухам, Адаме Яўгенавіч.

Фёдар Клімчук


 

Пантонны мост цераз Гарынь

Ня ўсюды, дзе трэба, у нас ёсьць масты. Гэтак, пад Лунінцам няма моста цераз Прыпяць, і аўтобус Менск—Столін мусіць ехаць у аб’езд ці то празь Пінск, ці то на Жыткавічы. Не было моста й на Гарыні проці Століна. Каб зьвязаць вёскі на правым беразе з самім горадам, прыдумалі хітрую штуку — пантонны мост. Будаваць такі мост узяўся Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. Мост зьлепяць з трох пантонаў агульнай даўжынёй 90 мэтраў, а шырынёй — 10 мэтраў. Абяцаюць, што такім мостам змогуць езьдзіць любыя машыны, піша «Звязда». Яшчэ адна хітрасьць у тым, што на зіму гэты мост будуць разводзіць, каб прапусьціць веснавыя крыгі — вельмі рамантычна! Пабудуюць яго да кастрычніка наступнага году, і прастаіць ён 10 гадоў, а тады трэ будзе яго зьнімаць і рамантаваць. Толькі ці ўсе будуць мець сьмеласьць такім мостам езьдзіць?

 

Як у Беластоку беларусаў рабуюць

У Беластоку праходзіла міжнародная канфэрэнцыя, і дзьве яе ўдзельніцы з Горадні сьпяшаліся на абед у тутэйшы рэстаран «Горадня». Пайшлі яны ня самым цэнтрам па вуліцы Сянкевіча, а карацейшай дарогай — па вуліцы Мальмеда. Раптам адна з жанчын адчула нейкае дакрананьне. Яна адвярнула галаву: на плячы ў яе не было сумачкі, а матляўся толькі раменьчык ад яе. Нейкі малойца тым часам зьдзіраў тарбінку ў яе калегі. І пабег. У гэтую ж суботу, піша беластоцкая «Ніва», у беларускае консульства ў Беластоку зьвярнуліся ажно 13 беларусаў з просьбай выдаць ім паперы на падарожжа дамоў — усіх іх абрабавалі ці абакралі ў Беластоку.

Найчасьцей рабаўнікі пільнуюць кабетаў (на мужчынаў нападалі толькі раз ці два). Калі ж кабета ідзе з мужчынам, то чакаюць, пакуль ён куды адыдзецца ці загаўроніцца, а тады падлятаюць да цёткі й вырываюць з рук тарбінку. Бывае й так: муж выйшаў разглядзецца за таварам, а жонка сядзіць і пільнуе машыны. На каленях трымае сумачку, у якой грошы ды паперы, дзяржыць моцна. Раптам злодзей зрывае дзьверы ў машыне, хапае, што пад рукой, і дае драла.

Або яшчэ паваляць бабу на зямлю і забяруць у яе партманэ, дзе б яна яго ні трымала, хоць пад каптаном.

Крадзенае адразу перадаюць сваім кумплям, што стаяць у выгбах, брамах побач — лавіць такіх урвісаў нялёгка. Усё гэта адбываецца ў самым цэнтры — на алеі Пілсудзкага, на Сьвятога Роха, Сянкевіча, Мальмеда, Гаёвай і традыцыйна на Кальварыйскай, дзе знаходзіцца базар. Людзі застаюцца ў вялікай крыўдзе на Польшчу, якая ня можа ці ня хоча абараняць гасьцёў зь Беларусі.

 

Беларускі спартовы абутак

Беларуска-гішпанскае прадпрыемства «Белкельмі», якое раней выпускала красоўкі, цяпер перайшло й на бутсы, піша тая самая «Звязда». За гэты год іх выпусьцяць 16 тысяч. 11 тысяч прададуць у Гішпаніі, а 5 тысяч — у нас тут. Узяліся яны выпускаць таксама лыжныя боты. Вырабляюць амаль усё гэта з прывазной сыравіны. З нашага бяруць толькі скуру й вусьцілкі вырабу магілёўскага «Хімвалакна», якія па сваіх гігіенічных якасьцях нібыта лепшыя за гішпанскія.

 

Менш шкодны рэнтген

У Рагачове на заводзе «Дыяпраектар» сканструявалі новы флюараграфічны апарат «Пульмаскан». Ён лепшы за іншыя тым, што калі ім прасьвечваюць грудзі, дык чалавек атрымлівае ў разоў 5 меней радыяцыі, чым пры прасьвечваньні цяперашнім. Добра, улічваючы, што ўсіх ганяюць на флюараграфію раз на год. Але ж паліклінікі ў нас ня маюць грошай — за гэты год у рагачоўцаў купілі толькі 6 такіх апаратаў, піша «Звязда».

 

Дамы для ўзброеных

«Навіны» пішуць, што ў самым цэнтры Менску будуюць «элітныя» дамы — адзін на 81 кватэру для вайскоўцаў, а адзін на 108 кватэраў дла контразьведчыкаў (з 38-мю падземнымі гаражамі). Побач у будучыні мяркуецца прыбудаваць яшчэ два дамы. Найменшая двухпакаёўка ў такім цагляным доме мае 67 мэтраў плошчы, а большая чатырохпакаёўка — 109. Добра, бадай, што дзяржава забясьпечыць тых, хто ваюе, толькі чаму нічога бясплатна не пабудуюць тым, хто працуе — настаўнікам ці дактарам? Беларусы мо й ня мелі б нічога проці кагэбістаў ці афіцэраў, калі б былі пэўныя, што гэта беларускія кагэбісты і беларускае войска. А так і войска застаецца асноўным інструмэнтам русіфікацыі вясковай моладзі і прышчапленьня расейскіх каштоўнасьцяў, і разьведка сама проці сваёй краіны разьведвае, а разам яны дружна ахоўваюць такі парадак рэчаў, пры якім беларусы працуюць задарма, а створаная іхнымі рукамі даданая вартасьць абсядае ў кішэнях Лужковых, Беразоўскіх, Вяхіравых і Ельцыных.

 

10 гадоў чаргі, каб мець права на крэдыт

Раней хоць лічылася, што каму трэба, можа атрымаць ільготны крэдыт на пабудову жытла, цяпер жа Менгарвыканкам прыняў рашэньне, што такі крэдыт могуць даць толькі тым, хто стаіць у чарзе на кватэру 10 гадоў, з 1990 году, і падпадае пад той Лукашэнкаў «указ». Былі б хоць зямлянкі дазволілі капаць, чым жыць у гэтых нялюдзкіх інтэрнатах.

 

«Народная воля» вінаваціць Віка

У вялікім артыкуле газэта высоўвае рэзкія абвінавачваньні супраць Ганса-Георга Віка, прадстаўніка АБСЭ ў Беларусі — што ён у сваёй дзейнасьці ня столькі імкнецца вярнуць Беларусь на шлях эўрапейскага разьвіцьця, колькі працуе на руку цяперашнім уладам, і робіць гэта небескарысьліва, а з выгодай ці то для сябе асабіста, ці то для пэўных сілаў за мяжой. Прычым газэта намякае нават на факт «дзелавога й фінансавага супрацоўніцтва Віка зь цяперашнім беларускім рэжымам».

Чорт ведае, ці праўда гэта. Ясна толькі, што ў апошні час частка газэт і журналістаў, і сярод іх аўтар гэтага артыкулу Міхаіл Падаляк, ствараецца ўражаньне, нападаюць па чарзе на ўсіх — спачатку гэта быў Ганчар, пасьля Шарэцкі, тады Шушкевіч, Вярхоўны Савет, БНФ, цяпер ужо й Вік. Прычым аргумэнты з аднаго артыкулу супярэчаць сьцьвярджэньням з другога — нават у аднаго аўтара. Ці ня той самы аўтар, што цяпер абвінавачвае Віка і спасылаецца на аўтарытэт Шарэцкага, тры тыдні таму ў іншай газэце абвінавачваў Шарэцкага, спасылаючыся на аўтарытэт Віка. Сярод менскай інтэлігенцыі ўжо прама кажуць, што спэцслужбы ажыцьцяўляюць вялікую й далёкасяжную апэрацыю па ўзяцьці пад такі падсподны кантроль прыватных выданьняў.

 

Да канца 2000-га ў Менску будзе тытунёвая фабрыка

Гэтым займаецца сумеснае прадпрыемства «Табак-інвэст», што працуе пад рукою ў Ціцянкова, які кіруе справамі Лукашэнкі. СП, што паказальна, беларуска-багамскае. Пачало яно сваю дзейнасьць летась з цыгарэт «Астра-люкс». Цяпер яно выпускае яшчэ цыгарэты «Карона» й «Форт». Неўзабаве, піша «Звязда», фабрыка пачне выпускаць цыгарэты зь нізкім утрыманьнем нікатыны і смолаў, што шкодзяць здароўю — «лёгкую» «Карону», а таксама якасныя цыгарэты «Гранд», якія, мяркуецца, будуць спаборнічаць з «Мальбара» (хвалілася каліна, што зь мёдам салодкая). Калі ж пабудуюць новую фабрыку, дык на ёй будуць выпускаць больш за 5 мільярдаў цыгарэт у год, палову таго, што выпускае сёньня гарадзенская фабрыка «Нёман». Ясна цяпер, чаму Лукашэнка так валэндаўся й не хацеў пускаць у Горадню заходніх інвэстараў — з «Рэйнальдзам» ягонаму ўласнаму «Табак-інвэсту» канкураваць было б цяжэй, чым зь дзяржаўным «Нёманам». «Табак-інвэсту» ж цяпер — усе выгоды. «Куратар» Берасьцейскай вобласьці Ціцянкоў нават закамандаваў садзіць тытунь на Піншчыне. Толькі тытунь той будзе тхнуць коксагызам і кукурузай. Што ў Беларусі будуць вырабляць свае новыя цыгарэты на замену расейскага выпуску «Мальбары» і «эЛэМу», добра, кепска толькі, што прыбытак будзе сядаць у кішэні купкі прыўладных багатыроў.

Праз стварэньне «Табак-інвэсту» ў Беларусі пачалі вырабляць сваімі рукамі цыгарэтныя фільтры — прычым іх цяпер не бракуе нават на Гарадзенскую фабрыку, якая раней купляла іх заграніцай. Іх, аказваецца, робяць з ацэтату.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0