Вадзім Карцаў

Сабакі і палітыка

Узгадайце, колькі разоў вы былі пакусаныя сабакам? Я — двойчы. А вы — ніводнага? Пашэнціла. У грамадзтве, дзе культура ўтрыманьня хатняе жывёлы абмежаваная адно заклікам любіць братоў нашых меншых, а культура наагул стагодзьдзі два як выжывае пад братам старэйшым, дацягнуць да такога ўзросту ды каб чытаць разумныя артыкулы ў тоўстай газэце й ня быць хоць аднойчы пакусанымі — гэта сапраўды шчасьлівы зьбег абставінаў.

Вы дзе гадаваліся? Я — у Барысаве ў прыватным сэктары, дзе блыхастых барбосаў адчапляюць з ланцуга на ноч, каб не брахалі пад вокнамі, не перашкаджалі спаць. Бяз палкі з дому не выходзь, бо ніхто потым не пашкадуе — толькі пасьмяюцца. Як, напрыклад, дасюль сьмяюцца з адной мажной цёткі, што ў навагоднюю ноч, здаецца, пазалетась, на добрым падпітку выправілася ў цэнтар да галоўнай елкі, а дзьве сучкі сярэдніх памераў падпільнавалі ды завалілі яе ў сьнег, парвалі ў ашмёткі пуховы палітон, пагрызьлі рукі. Альбо сьмяюцца з хлопца, які даўно бясплённа спрабуе атруціць суседзкага «неўміручага Джэка», бо той калісьці пракусіў яму красовак і, адпаведна, пяту. Напэўна, жывы яшчэ й другі Джэк — трохлапы: хто й за якое злачынства пазбавіў яго аднойчы задняе канечнасьці — жахлівая загадка вуліцы Заходняй, былой Бродні.

А вы расьлі ў шматпавярховым раёне? Тады пэўна ж ведаеце й без папярэджаньняў: па газонах не хадзіць! Ну, калі ёсьць ахвота выкалупваць потым нешта сьмярдзючае з падэшваў, дык, у прынцыпе, можна й прайсьціся — для людзей жа зроблена.

Абурацца нявыхаванасьцю сабак ці іхных гаспадароў сёньня ў нашай краіне, мякка кажучы, не зусім актуальна. Не да таго. Тым больш на фоне ўсеўзроставага сантымэнту да чатырохногіх сяброў. Дарослыя хаця й пужаюць дзетак, каб тыя не краналі бадзяжных псоў, трыццацю ўколамі ў жывот у выпадку шаленства й праплешынамі на галаве ў выпадку лішая, але самі дэманструюць гіпэртрафаваную талерантнасьць да нахабных аматараў фаўны ды іхных падапечных. Ну скажыце, дзе яшчэ людзі будуць ціха трываць такія рэгулярныя праверкі нэрвовае сыстэмы, калі ў двары раптоўна падбягае пазнаёміцца якісь дурны ратвэйлер, «хот-дог» без напысьніка ці агрэсіўны неадэкватна памерам улюбёнец пажылае мэм, якому самае месца — у кунсткамэры.

Абурайся не абурайся, а прыродная еднасьць чалавека й ягонага самага вернага служкі перамагае ў нас сёньня любы супраціў. Між тым, супраціў гэты ёсьць ні чым іншым як наступам цывілізацыі. Утрыманьне хатніх жывёлаў у перадавых краінах рэгулюецца законамі, а не інструкцыямі санстанцыі. А законы, вядома, прымаюцца парлямэнтамі ды не бяз спрэчак. І калі мы імкнемся да прагрэсу, раней ці пазьней, але ўзьняць гэтую праблему для грамадзкага абмеркаваньня было б варта, для чаго, урэшце, і пісаўся гэты артыкул.

Далёкі той дзень, калі беларускі заканадаўчы орган закіпіць спрэчкамі пра мэтазгоднасьць абмежаваньняў у разьвядзеньні сабак байцовых пародаў (на маю думку, разводзьце хоць какадрылаў, абы тыя шкоды не рабілі); пра даўжыню павадка ў гарадзкіх умовах; пра абсталяваньне пляцовак для выгулу; пра памер падатку на сабак; пра інтэрнаты для бяздомных жывёлаў; пра адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з хатнімі гадаванцамі; пра абавязковасьць прышчэпак ад інфэкцыйных захворваньняў і наагул пра прынцыпы фінансаваньня вэтэрынарыі; пра ліцэнзіі на спэцыяльную дрэсуру з патэнцыйна небясьпечнымі наступствамі... Гэта будзе дзень, калі сапраўды можна будзе сказаць, што жывем у цывілізаванай краіне.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0