сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

 

Валеры Славук. Зіма

 

Беларуская кніжная графі-ка 80-х уся была ў прадчу-ваньнях новага Рэнэсансу. Гэтаму садзейнічалі магутная «ўзорна-паказальная» паліграфічная база і прыход у мастацтва новай генэрацыі, першай цалкам беларускай і паводле паходжаньня, і паводле адукацыі. Сярод тае генэрацыі ёсьць і постаць Валер’я Славука.

...Трапляючы на поўнач Беларусі, што ўлетку, што ўзімку, я часта прыгадваю тыя фантастычныя апавяданьні, што сабраў у гэтых мясьцінах Ян Баршчэўскі. І тое, што першае ж выданьне ягонага «Шляхціца Завальні» па-беларуску праілюстраваў Валеры Славук, родам з Талачыншчыны, — цалкам натуральна. Сьвет Славука, населены фантастычнымі й сапраўднымі йстотамі, у шапаценьні балотных чаратоў і чорных лясоў, вялікіх і малых стварэньняў, якіх поўна вакол нас у снах і на яве, — гэта сьвет ягонага краю.

Славук вельмі рана, яшчэ студэнтам, выпрацаваў свой стыль. Перадусім гэта любоў да манахромнай, чорна-белай графікі. Пры тым, любоў лягічная. Ягоныя раньнія кампазыцыі на сумежжы 70-х і 80-х гадоў, як паасобныя, так і зь нізак «Канфлікты» ці «Вандроўкі» — гэта вялікія, больш як па паўмэтры, аркушы, па-барочнаму кінэтычна перанасычаныя дэталямі й пэрсанажамі. Здаецца, ім няма канца, папросту мастаку не хапіла аркуша, каб разьвіць іх ва ўсе бакі. Уявіць іх каляровымі... Гэта было б нязносна.

Буйнае, амаль хваравітае, уяўленьне мастака ад эратызаваных лірычных сюжэтаў (абавязкова ў антуражы балотна-лясное натуры) у сярэдзіне 80-х адхіляецца да «касьмічных» і «эзатэрычных» тэмаў. Жудасныя пачвары ці не мэханічнага паходжаньня б’юцца міжсобку, як зьвяры ў творах барбарскага мастацтва. Паступова гэтая сьведамая «барбарызацыя», для якой характэрная прага звышпачуцьцяў, пакрысе саступае месца мэтафорыцы, гіроніі.

«Зіма», створаная ў 1987 годзе, нібы падзяляе творчасьць Славука напалам. Перад ёю — бурапена, вір недавыказаных, недавыснаваных фантазіяў, увасобленых у філігранных, працаёмкіх, шматслоўных работах, дзе зьмяшаліся й гістарычныя алюзіі, і касьмічная фантастыка, і беларускія страшылкі пра ночы ў лясох... За «Зімою» — больш трывалая повязь зь «літаратураю», самаабмежаваньне ў прыёмах і больш, больш гіроніі, якая ператварае ягоныя пазьнейшыя творы ў прыпавесьці.

Менавіта ад гэтага твору, у якім мастак праэкспэрымэнтаваў з формамі, неўласьцівымі ягонаму «штрыхавому» стылю, падгледзеўшы прыёмы плямаўтварэньня ў японскім клясычным мастацтве, пачынаецца іншы этап ягонае творчасьці. У якім ёсьць і пляма, і проста чыстая бель, паветра, што разьмяжоўвае існасьць і прастору, абмежаваную, хай і ўмоўнымі, але рамкамі. Гэты другі этап прынёс Славуку славу аднаго з найлепшых мастакоў кнігі ў Беларусі.

...Чорная яліна, бязважкае гальлё астэнічнае бярозы й каравыя разложыстыя шаты дубоў... Кожнае дрэва ў беларускім мастацтве набывае сваю пэўную й асаблівую сэмантыку. Яна можа з часам зьмяняцца. Напрыклад, яліны, сымбаль патаемнага, неспазнанага й драматычнага напачатку стагодзьдзя, у Рушчыца, Жукоўскага ці ў Стаброўскага пакрысе мяняюць свой вобраз. Пара ялінаў на краі ворыва ў Астаповіча — сымбаль рассоўваньня межаў чалавечае работы. Радок ялінаў на краі засьнежанай дарогі ў сёньняшняга Задорына — сымбаль няўтулку і бясплодага канца, незваротнасьці...

У 80-я гады сярод флярыстычнае сэмантыкі ў нашым мастацтве ізноў зьявіліся вербы. Ня тыя, кучаравыя зялёныя, што шумяць каля грэблі, а старыя, надламаныя, з пукамі танюткіх атожылкаў. Асаблівую яснасьць матыву гэтага дрэва надавала тое, што яго выяўлялі найчасьцей бязь лісьця, у пару чаканьня. Такія вербы нагэтулькі трывала ўвайшлі ў кантэкст нашага мастацтва, што часам, здаецца, бязь іх ужо не ўявіць 80-х гадоў. Першае, што пазнаецца ў «Зіме» — гэта ўсё той жа вербалоз, мёртвы й жывы, які ведае, што ёсьць там, па той бок холаду, ільду і сьмерці...

Сапраўды, падобна да японцаў. Можа, на Хакусая... Аднак адна з найбольшых вартасьцяў японскай графікі — рэалізм, даведзены да эпасу. У «Зіме» Славука эпас даводзіцца да рэалізму. У гурбах, што камякамі палеглі на зьледзянелае гальлё вербаў, мы пазнаем іх — нашы страхі, адчаі, кашмары. Вось яны, стаіліся ў суках. Але ня страшна. Бо і яны мерзнуць, недарэкі. Няма каго пужаць у гэтай ледзяной балотнай пустэльні пад поўняю. Жах і боль, зьнерухомеўшы, засумавалі, бо яны вечныя, а таму мусяць перацярпець гэтую пару...

Холад сыдзе разам з пачварамі, што нараджаюцца адно ў людзкіх галовах. Ізноў пацячэ вада, а па-над балотамі ўздымецца духмянае мроіва. І пырснуць на ўсе бакі зеляненькія атожылкі з ссохлых, нягеглых, каржакаватых вербаў. І вербы, беларускія пальмы ерусалімскія, каторы раз абнадзеяць нас, было зьнявераных, перапоўняць пачуцьцямі й жаданьнямі. Гэтак парадак жыцьця зьменіць пару. А ў новую пару прыйдуць новыя пачвары. І іх будзе легіён. Прыдуманых ня Янам Баршчэўскім і не Валер’ем Славуком...

Сяргей Харэўскі


 

Валеры Славук (мяст. Коханава, Талачыншчына, 1947), графік, мастак кнігі. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1977 годзе. Аўтар графічных сэрыяў «Прышэльцы», «Вандроўкі», «Спосабы выжываньня». Аформіў кнігі «Беларускія народныя казкі», «Філіпка-сынок», «Удовін сын», «Айвэнга» Вальтэра Скота, «Чорны млын» Юра Базана, «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага. Творы экспанаваліся ў Эстоніі, Грэцыі, Расеі, Нямеччыне, Літве, Польшчы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0