Упершыню разам

27 жніўня ў Музэі сучаснага мастацтва ў Менску а 17:00 адкрыецца выстава беларускіх жывапісцаў зь Вільні братоў Сяргея і Алеся Покладаў

 

Гэтыя два мастакі ўпершыню будуць разам дэманстраваць свае творы на радзіме. Паасобку іх добра ведае глядацкая публіка ў Нямеччыне, Польшчы, Літве і ў Беларусі.

Супольныя ў іх былі першыя радкі біяграфіі — нарадзіліся на Ўсходзе, там, дзе Беларусь сканчаецца Акулінскай пушчаю, у вёсцы Кажамякіна на Краснапольшчыне. Пасьля іхныя сьцяжыны разьбегліся ў розныя бакі. Сяргей Поклад адвучыўся ў Лясным тэхнікуме ў Полацку, вандраваў пасьля па Сібіры, Туве, Уралу. А Алесь тымчасам вучыўся ў Менску, у мастацкай школе імя Ахрэмчыка, затым у Беларускай Акадэміі мастацтваў. Праз шмат гадоў іхныя лёсы скрыжаваліся ў старой Вільні. Менавіта тут яны й сталі мастакамі.

Розны досьвед і розныя школы зрабілі зь іх розных людзей, адрозных мастакоў. Бадай, гэта і стала зарукаю таму, што, працуючы побач, абменьваючыся думкамі, яны застаюцца ў розных стылях.

Стыль Сяргея Поклада, які абапіраецца на інтуіцыю, увабраў у сябе розныя ўплывы. Часам амаль узаемавыключныя. Пачаўшы з інсітных рэалістычных пэйзажных кампазыцыяў, ён прайшоў шлях засваеньня літоўскае жывапіснае школы 70-80-х гадоў, зь яе «вітражнасьцю», адкрытымі колерамі й пастознай манераю. Але адных пэйзажаў мастаку не хапае. Ён бясконца экспэрымэнтуе, вывучаючы то Шагала, то старажытныя праваслаўныя абразы, то найноўшы польскі жывапіс. Гэтак утварыўся ягоны пэрсанальны яскравы кшталт, дзе перадусім — досьлед колеру ў няспынных аплікатыўных спалучэньнях. Гэтае захапленьне ўласнымі адкрыцьцямі дало яму той досьвед, які па-ранейшаму кліча далей. Калі ён вылучаецца сярод віленскіх пэйзажыстаў, ён бярэцца пісаць абразы, за імі — нацюрморты...

Аляксандар Поклад атрымаў грунтоўную мастацкую адукацыю ў Менску, роўна ж як і досьвед плыні мастацкага жыцьця, што не вымагае нонканфармізму. Ягоныя работы ідуць усьлед за тым, што ствараецца ў беларускім мастацтве, дапаўняючы яго, дадаючы тое, што яшчэ не было сказана. Гэтае веданьне сфармавала ў ім мэтанакіраванасьць. Ён не экспэрымэнтуе, а стварае дакладна тое, чаго хоча. Ён гатовы паўтарыць кампазыцыю шматкроць, пакуль яна ня стане дасканалай. І гэтае пачуцьцё кампазытара, прымножанае гіранічным сьветаўспрыманьнем, ёсьць найбольшай вартасьцю ягоных сёньняшніх пошукаў. І гэтыя пошукі ўсё далей ад менскае школы. З другога боку, беларускі досьвед падказвае яму, чаго яшчэ няма ў Вільні...

Віленскае мастацтва вяртаецца ў Беларусь. Старая сталіца паўстае ў іхных творах іншаю, жывою, беларускаю.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0