Адам ГЛЁБУС 

Невялікае пра вялікіх

 

Гогарт

Ангельскі графік Гогарт пад час шпацыраў па Лёндане рабіў накіды іголкаю на пазногцях. Не сумняваюся, што гэта былі найлепшыя зь ягоных гравюраў. Зрэшты, усё найлепшае, зробленае намі, належыць выключна нам і зьнікне разам з намі, як гравюры на пазногцях.

 

 

СЭбасьцян

Калі малююць сьвятога Сэбасьцяна, працятага процьмаю стрэлаў, у большасьці самых шчырых мастакоў кшталту Мантэньі атрымліваецца кактус. А вось калі намаляваны кактус, чамусьці ня згадваецца пакутнік Сэбасьцян, а дарма.

 

 

Малевіч

Казімір Малевіч — мастак, адзін зь нешматлікіх, які не пабаяўся правесьці роўную лінію безь лінейкі.

 

 

Бэрніні

Легендарны рымскі творца эпохі барока Джавані Бэрніні зрабіў скульптурную групу пад назваю “Экстаз сьвятой Тэрэзы”. Адзін досыць блізкі да Ватыкану гісторык назваў яе “Аргазм сьвятой Тэрэзы”. Вульгарна і па-народнаму трапна. Што да маіх уражаньняў ад Бэрніні... Ён выдатна мог пераўтвараць мармур у шаўковыя драпіроўкі. Анучы ў Бэрніні атрымліваліся, а вось анёлы — не.

 

 

Мікелянджэлё

Мне не даваў спакою зламаны нос Мікелянджэлё Буанароці. Скалечаны, крывы, выразны, як... Як што? Як барока! У Мікелянджэлё баракальны нос. Можа гэта дзякуючы зламанаму, пашкоджанаму, зьвернутаму набакір носу ён і распачаў стыль барока. Сваімі перакручанымі, надламанымі, мармуровымі рабамі. Барока — гэта рэнэсанс са зламаным носам.

 

Гаген

Палотны Поля Гагена з краявідамі выспы Таіці, з аголенымі таіцянкамі, пальмамі, бананамі, морам — гэта не Таіці, а сны эўрапейца пра Таіці.

 

 

Тыцыян

Ёсьць адна рыса ў творчасьці Тыцыяна, якую я вельмі хацеў бы пераняць. Гэта не залаты калярыт вэнэцыянца, не дакладны малюнак, не кампазыцыйныя пабудовы карцінаў, а ўменьне доўга жыць. Тыцыян пажыў 99 гадоў. 99 геніяльных гадоў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0