Зь Беластоку й Вільні на Беларусь будуць вяшчаць новыя радыё

 

У канцы жніўня польская Рада радыёвяшчаньня і тэлебачаньня выдала суполцы «Рацыя», галоўным удзельнікам якой зьяўляецца Беларускі саюз у Польшчы, канцэсію на выпуск радыёперадачаў на звышкароткіх і кароткіх хвалях.

Гэтай падзеі папярэднічала нечакана вострая дыскусія ў польскім беларускім асяродзьдзі. Супраць новай радыёстанцыі, якая, адразу было ясна, будзе вяшчаць ня толькі на Беласточчыну, але й на Беларусь, выступілі пісьменьнік Сакрат Яновіч, які жыве ў Крынках, і мастак Лявон Тарасэвіч з Гарадку, два найбольш вядомыя ў польскім асяродзьдзі беларускія інтэлектуалы. Якія былі прычыны іх пратэсту? Яўген Мірановіч у апошняй беластоцкай «Ніве» сьцьвяржае, што рэч проста ў асабістых амбіцыях і перанясеньні прыватных няпрыязяў (да Яўгена Вапы і Алега Латышонка, галоўных арганізатараў радыё «Рацыя») на грамадзкую справу. Ясна, што публічныя аргумэнты Яновіча й Тарасэвіча былі іншымі. Сакрат Яновіч апэляваў да інтарэсаў дзяржавы — быццам бы беларускай. Паводле яго, беларускае радыё ў Беластоку будзе мацаваць рэжым Лукашэнкі, бо той знойдзе ў ім публічнага ворага і стане казаць: «Вось, палякі вядуць сваю прапаганду» — і што ня трэба беларускі рэжым дражніць. На выступленьні Яновіча й Тарасэвіча ў «Gazecie Wyborczej» адгукнуліся салідарніцкая «Gazeta Wspolczesna» і лібэральны «Kurier Poranny».

Абедзьве газэты чарговую дыскусію ў беларускім асяродку ацэньвалі з пункту гледжаньня польскай «рацыі стану», то бок дзяржаўнага інтарэсу. «Kurier» падкрэсьліў, што польская рацыя стану патрабуе, каб праваслаўны люд усходняй Беласточчыны як найхутчэй ператварыўся зь сёньняшняй протаэтнічнай масы, ласай на папулісцкую дэмагогію, у частку беларускага народу, сьвядомага сваёй ролі сярод іншых эўрапейскіх народаў. І таму, маўляў, стварэньне добрага беларускага радыё на Беласточчыне карыснае для польскага дзяржаўнага інтарэсу.

Эндэцкая польская рацыя стану, прадстаўленая ва «Wspolczesnej», выглядае зусім інакш. Паводле яе, беластоцкі крэсавы люд — гэта не народ, а кандыдаты ў палякі. Затое ёсьць праблема польскай меншасьці ў Беларусі. Новае радыё можа ўскладніць адносіны з Лукашэнкам, які ў рэакцыю можа пачаць дыскрымінаваць тамтэйшых палякаў. Польская рацыя стану, паводле «Wspolczesnej», патрабуе гарантыяў для польскай меншасьці ў Беларусі і рынку збыту на ўсходзе для польскіх прадуктаў. Хто і як кіруе суседняй дзяржавай — у прынцыпе няважна. І ніякае радыё непатрэбнае.

Зразумела, што польскія газэты ня ўлічваюць беларускіх дзяржаўных інтарэсаў. Ці нармальная сытуацыя, калі беларуская нацыянальная меншасьць у Польшчы імкнецца ўплываць на лёсы беларускай мэтраполіі? Так, бо мы ўсе адзін народ. Гэта іх права. Больш, гэта іх беларускі абавязак. Ці прывядзе гэта да пагаршэньня беларуска-польскіх дачыненьняў? Пагоршыць гэтыя дачыненьні на палітычным узроўні мацней, чым яны цяпер кепскія, немагчыма, а эканамічныя, як паказвае досьвед, больш залежаць ад цаны бэнзыну й карумпаванасьці мытнікаў, чым ад палітычнай кан’юнктуры. Ці падставіць гэта пад удар беларускіх палякаў? Але й тут, як паміж дзяржавамі, далей няма куды — дыскрымінацыя школаў, нежаданьне рэгістраваць Саюз палякаў і г.д. Ці будзе гэтае польскае радыё выклікаць у беларусаў Беларусі адпрэчваньне? Не, бо яго, у адрозьненьне ад беларускай рэдакцыі Польскага радыё, будуць рабіць прафэсійныя беларускія журналісты зь Беларусі, якія ня будуць вымаўляць беларускіх словаў з кракаўскім акцэнтам і палянізаваць мову да непрыстойнасьці. Ці будзе радыё «Рацыя» лішнім для Беларусі? Такія сама радыёстанцыі мусілі б паўстаць у Літве і Ўкраіне. Будзем спадзявацца, што вяшчаць яно будзе і ўдзень, і ўначы, што якасьць прыёму будзе лепшай, чым цяпер у «Свабоды» і што будзе яно музычным.

Мы паспрабавалі даведацца ў тых беларускіх мэнэджэраў і журналістаў, што маюць дачыненьне да радыё «Рацыя», нейкія «шчэгулы». Усе трымаюць зарок маўчаньня. Значыць, справа сур’ёзная. Беларускія ўлады баяцца новага радыё так сама моцна, як калісь баяліся «101,2 FM». Толькі тут у іх рукі кароткія.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0