Тры гады бяз гуку

Выключанае Радыё 101,2 верыць у свой эфір

 

Тры гады таму спыніла сваё існаваньне ў эфіры Радыё 101,2 FM. Людзі, якія рабілі гэты праект, стварылі прэцэдэнт у гісторыі Беларусі — цалкам беларуская, незалежная, прафэсійная прастора. Нябачная, але чутная мадэль Беларусі, якая «мусіць быць».

Часам кажуць, што гэтае Радыё не маглі не зачыніць, бо яно «апераджала час». Насамрэч, яно падштурхнула час. Вяшчаньня няма, але праект ня спынены. Ні фактычна, ні юрыдычна. Праект падзяліўся на драбнейшыя, якія дзейнічаюць паводле заяўленых і сьцьверджаных Радыё 101,2 прынцыпаў. Пэрыяд невяшчаньня можна назваць «стажам» для «стоадзіншчыкаў», псыхалягічным і прафэсійным трэнінгам. Ніхто не сумняваецца ў тым, што праект толькі прыпынены і мусіць аднавіцца на больш высокім узроўні.

Між тым, споўніўся ўжо трэці год, як радыё не гучыць. З гэтай нагоды карэспандэнт «Нашай Нівы» Севярын Квяткоўскі сустрэўся з дырэктарам Радыё 101,2 FM Зьмітром Новікавым.

 

«НН»: Вас зачынілі ў той момант, калі Радыё толькі пачало ўздымацца: выйшла «ў нуль» і займела рэальную пэрспэктыву на прыбытак.

Зьміцер Новікаў: Калі мы стваралі Радыё, мы вырашылі існаваць незалежна ў поўным сэнсе гэтага слова. Першыя месяцы па выхадзе ў эфір людзі працавалі амаль на голым энтузіязме. Лета лічыцца самым беспэрспэктыўным для пошуку рэклямы часам, але менавіта ўлетку 1996-га яна «паваліла».

Падвышэньне рэйтынгу Радыё зьвязанае з інфармацыйнымі выпускамі, як уласнымі, так і рэтрансьляванымі («ВВС», «DeutscheWelle», беларуская рэдакцыя «Polskiego Radja-5»). Фактычна, у сфэры інфармацыі Радыё сталася па-за канкурэнцыяй адносна «ВА» і «Роксу». З дапамогай інфармацыі Радыё захапіла свае 25% патэнцыйных слухачоў, таму магло сабе дазволіць працаваць у клясычным гіт-фармаце.

Мы рабілі апераджэньне інфармацыі, стваралі эксклюзіў. У ідэале я бачыў ператварэньне Радыё ў цалкам інфармацыйны канал, і паралельнае стварэньне яшчэ адной — забаўляльнай станцыі. Бо ж, як не было ў Беларусі падобнага незалежнага праекту, так няма й дагэтуль.

 

— Наколькі рэальныя дапушчэньні аб ролі дзейных і патэнцыйных канкурэнтаў, якія «прыклалі лапу» да закрыцьця Радыё? У друку ўсплывалі вэрсіі аб некаторых маскоўскіх станцыях, нават нашыя «папсавікі» згадваліся...

— Казаць пра перадзел эканамічных сфэраў што да FM-эфіру ў сучаснай Рэспубліцы Беларусі несур’ёзна. За апошнія тры гады колькасьць рэклямадаўцаў, якіх і тады было няшмат, зьнізілася. Зьнізіліся й сумы, якія праходзяць праз станцыі. Закрыцьцё Радыё зьвязанае з тым, што дзяржава адышла ад «прамываньня мазгоў» пэнсіянэрам і ўзялася за моладзь.

Вельмі важны момант: на сёньняшні дзень дзяржава можа тэхнічна забясьпечыць існаваньне толькі сямі FM-станцыям. Шэсьць працуюць, адна «ў заначцы». У 1996 годзе месцы былі расьпісаныя, мы на «пляцоўцы» не зьмяшчаліся ні па ніякіх парамэтрах.

У нас была патэнцыйная аўдыторыя моладзі. Мы не былі заангажаванымі якой-кольвек палітычнай, эканамічнай ці якой іншай структурай. Ніхто ня можа сказаць, што мы выконвалі чыесьці замовы (дарэчы, гэтая сытуацыя раздражняла ўсе бакі: і ўлады, і апазыцыю). Нават, калі б на рэфэрэндуме ў 1996 годзе перамагла апазыцыя, мы ўсё роўна засталіся б апазыцыянэрамі. Бо, калі ты паслугоўваесься прынцыпам свабоды слова, ты ня можаш ня мець сутыкненьня з уладай (некаторыя «нацыяналісты» думалі, што раз мы вяшчаем па-беларуску, значыць а priori «парцейныя»). Тым ня менш, мы мелі сваю грамадзкую пазыцыю, і калі лічылі, што рэфэрэндум ня наш, так і казалі. Калі палічылі, што на выбары ісьці трэба, самі зрабілі адпаведную рэкляму («Ніф-Ніф, ты яшчэ не хадзіў на выбары?» — «Не-е...» — «Ну і сьвіньня ж ты!»).

Нам прапаноўвалі застацца ў эфіры, але пад крылом «камсамольцаў» з БПСМу. Маўляў, якая розьніца, пад якой лэйбай зарабляць грошы. Гэта цынізм людзей, якія цяпер пры ўладзе. Яны пасадзілі на нашу хвалю БПСМаўцаў. Супрацоўнікі іхнай станцыі маюць такія магчымасьці для працы, якіх няма ў іншых менскіх эфэмшчыкаў. БПСМаўцы не залежаць ад рэклямы, бо фінансуюцца наўпрост дзяржавай. Яны круцяць музыку, папулярную ў сёньняшніх падлеткаў. Для іншых гэта немагчыма, бо падлеткі ня маюць грошай, адпаведна яны нецікавыя рэклямадаўцам.

Іншае пытаньне, наколькі БПСМаўцы скарыстоўваюць свае магчымасьці, і наколькі вялікі ўплыў маюць на моладзь. Мяркую, ня надта высокі, паколькі прафэсійная FM-станцыя і сядзеньне на бюджэтнай «ігле» ня маюць нічога агульнага.

 

— Сёлета ў нашых СМІ прагучала тэма «захопу» беларускага радыёэфіру расейскімі карпарацыямі. Наколькі рэальная такая пэрспэктыва?

— Расейцаў ніхто ня пусьціць на сваё ідэалягічнае поле. Што датычыць фінансавага захопу, наш радыёрынак — гэта блеф. Сёньня станцыі выжываюць у спадзеве на паляпшэньне сытуацыі. Гэта значыць, на прыток рэклямы, што, у сваю чаргу, стане магчымым пры разьвіцьці рынкавых адносінаў, прадпрымальніцтва. А ў такіх умовах навошта прадавацца, калі сам можаш зарабіць? Гэта абстрактныя разважаньні. Пакуль мы бачым, што тры бюджэтныя станцыі – «Сталіца», «Мір» і «Стыль» жывуць на зарплату, а тры прыватныя — «Рокс», «ВА» і «Альфа» круцяцца, як могуць, каб не загнуцца.

 

— Калі дагэтуль не загнуліся, значыць, ім не дадуць загнуцца. «Альфа» толькі зьявілася, кажуць, тэндэр выйгралі ў канкурэнтаў кшталту карпарацыі «Славнефть»?

— Я ня бачыў іхных папераў, але я задаю пытаньне: хто ў нашай краіне можа выйграць тэндэр у дзяржавы і выкласьці пару соцень тысяч даляраў на такое рызыкоўнае прадпрыемства як радыё? У «радыёкулюарах» называюць прозьвішчы канкрэтных чыноўнікаў, якія стаяць за падобнымі праектамі... Іншая рэч — якую пэрспэктыву бачаць перад сабою людзі, якія хацелі б прыбраць FM-станцыі да сваіх рук. Пасьля тэлевізіі гэта адзін з самых прыбытковых бізнэсаў — продаж «паветра». Але ён немагчымы без свабоднага эканамічнага і, адпаведна, рэклямнага рынку. Дзяржава-трымальнік радыёхваляў сама сабе спыніла доступ да гэтага бізнэсу. Цяпер нават тыя прадпрымальнікі, якія маюць грошы, баяцца іх «сьвяціць». Не баяцца монстры кшталту «VolksWagen» ці нашы фірмы, чые асноўныя капіталы па-за дасягальнасьцю беларускіх фінслужбаў, альбо тыя, хто ў той ці іншай форме мае дзяржаўны «дах». І ўсё адно, агульнае абарачэньне рэклямных грошай на нашых FM-станцыях вартае сьмеху.

 

— Гучыць дзіўна, нават улічваючы рэаліі дзяржаўнага фінансавага рэкету. Напрыклад, найвялікшыя магчымасьці мае радыё «Сталіца» — адзінае, якое слухаюць амаль па ўсёй Беларусі. Любы просьценькі ролік можа прынесьці заўважныя плюсы рэклямадаўцу.

— Але ён нічога ня дасьць супрацоўнікам радыё «Сталіца». Навошта «шаволіцца»: займацца мэнэджмэнтам, маркетынгам і г.д., калі асабіста ў тваю кішэню нічога не патрапіць? Гэта стандартны савецкі стыль працы — робім, як робіцца.

 

— Затое «сталічнікі» могуць сабе шмат чаго дазволіць у эфіры. Напрыклад, пакуль астатнія станцыі ў прайм-тайм круцяць «Вецер з мора дуў», «Сталіца» прапануе клясыку рок-н-ролу, ці сучасную альтэрнатыву, ці яшчэ што-небудзь «складанае»...

— ...Усьлед за чым можна пачуць кандовае кшталту «Па вашых просьбах» ці занудны рэпартаж аб колькасьці сабранага збожжа. Радыё павінна быць прадказальным, пасьлядоўным.

 

— Радыё 101,2 было ці не адзінай станцыяй, якая актыўна пасылала сваіх супрацоўнікаў на стажы і ладзіла сэмінары, дзе выкладалі заходнія спэцыялісты.

— Сапраўды, мне прасьцей распавесьці, як трэба рабіць радыё паводле даўно вынайдзеных і адпрацаваных заходніх мэтадаў, чым спрабаваць зразумець падыходы беларускіх FM-станцыяў, якія сёньня працуюць у эфіры. Хутчэй за ўсё, у іх няма цяпер ні фінансавых, ні маральных рэсурсаў для пошукаў і росту. Мяне задавальняе, што «старажыл беларускага FM-эфіру» радыё «ВА» нарэшце зрабіла ці не адзіны прафэсійны крок у сваёй гісторыі — абрала расейскі фармат. Як яны мелі ўвесь час свае 28—30% аўдыторыі, столькі ж і маюць зараз. Яны ад пачатку арыентаваліся на пэўны сацыяльны і інтэлектуальны слой насельніцтва. Цяпер яны «паставілі вешкі» вакол сваёй дзялкі, і іншым радыё няма сэнсу рабіць эфір і рэпэртуар, ідэнтычны «біэеўскаму»... Расейскі фармат «ВА» — натуральная зьява, як газэты кшталту «Детектив», «Анекдот» ці «Кроссворды».

 

— Парнаграфічныя формы зарабляньня грошай найбольш удалыя пры ўмове незапоўненасьці рынку. З пачаткам савецкай «перастройкі» на «дазволены» рынак грымнула лава нізкаякаснай друкаванай прадукцыі. Але з часам людзі яе «наеліся». У Расеі пачаліся спробы запускаць «сур’ёзныя» праекты...

— У Беларусі ніхто яшчэ не спрабаваў працаваць глябальна, на пэрспэктыву. Радыё 101,2 прынцыпова не выкарыстоўвала расейскіх песень і займела ўласную немалую аўдыторыю. Стабільную, з пэрспэктывай на павелічэньне. Мы арыентаваліся на рознаўзроставага слухача, «які думае». Менск — мэгаполіс, які ўбірае ў сябе ўсе магчымыя варыянты публікі (у нас блізкі быў выхад на Берасьце і іншыя гарады). Мы ведалі, што можна гадаваць свайго слухача. Прынцып кшталту: сёньня народ хоча расейскай папсы — даем, заўтра хоча турэцкай — даем, — гэта прынцып несамастойных, тых, хто сядзіць «на хвасьце» ў мацнейшага.

Нашае грамадзтва спаралізаванае савецкімі комплексамі і стэрэатыпамі. Найперш: беларускае — горш за расейскае. Мы зламалі гэты стэрэатып, да нас рэзка пацягнуліся людзі. Таму нас і зачынілі, бо спужаліся разьвіцьця — незалежнасьці ў галовах.

Можна бясконца крытыкаваць сёньняшнія FM-станцыі, матэрыялу не бракуе. Асабіста мне як слухачу ня хочацца іх уключаць, бо зьяўляецца адчуваньне кананьня. Нібы паміраеш паволі разам з гэтымі станцыямі. У іх абсалютна няма энэргетыкі. Але трэба зразумець, што нашае грамадзтва выхоўвалася нібы ў лябараторыі Паўлава. Сабаку далі кавалак мяса — пацягнуўся, ляснулі па галаве палкай — другі раз цягнуцца страшна. Радыё 101,2 паказала грамадзтву, якім можа быць людзкае радыё.

 

— Значыць, калі заўтра адновіцца Радыё...

— Мы працягнем тое, што пачалі. І зробім гэта яшчэ лепш. Зараз паветра напоўненае прапагандай і контрапрапагандай, а нармальны чалавек хоча нармальнасьці.


 

Даведка «Нашай Нівы»

Дагэтуль не існуе якога-кольвек дакумэнту, які б сьведчыў аб закрыцьці Радыё 101,2. Яно пачало вяшчаньне ў ліпені 1995 і больш чым за год працы ад дзяржспэцыялістаў не паступала аніякіх прэтэнзіяў. 30 жніўня 1996 Радыё раптоўна атрымала «ўведамленьне», што Міністэрства сувязі дало загад спыніць «на пэўны час» вяшчаньне на хвалі 101,2 FM з 1 верасьня 1996. Тлумачэньне — эфір замінае функцыянаваньню так званай «спэцсувязі», таму перадатчык з вул.Камуністычнай трэба перасунуць у Калодзішчы...

Спыненьне эфіру не было замацаванае ніякімі дакумэнтамі. Яно было незаконнае ва ўсіх сэнсах. Радыё мела абавязкі перад рэклямадаўцамі, якія праплацілі грошы на чатыры месяцы наперад. Але большасьць прадпрымальнікаў зразумелі сытуацыю і не «выбівалі» грошай, якія ўжо немагчыма было вярнуць, бо іх уклалі ў справу. Тады Радыё зьбіралася пашыраць плошчы, ладзіць другую студыю і шмат чаго іншага... «Сьпярша мы былі проста ў шоку, — казалі супрацоўнікі. — Ад пачатку працы разумелі, што рана ці позна гэтым мусіла скончыцца, але каб так брутальна!..» Радыё мусіла судзіцца зь Мінсувязі, зь якім заключалі дамову. Але чыноўнікі адказалі, што ня маюць да Радыё аніякіх прэтэнзіяў, а што адбываецца — ведаюць у Адміністрацыі прэзыдэнта.

Неўзабаве пачалося ліцэнзаваньне радыёдзейнасьці. Ліцэнзію не далі на падставе таго, што Радыё няма ў эфіры. Праводзіліся акцыі пратэсту супраць самавольства рэжыму. Тым часам некаторыя дэпутаты Вярхоўнага Савету спадзяваліся, што ў лістападзе адстаяць сваю ўладу, і тады... Пасьля рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 размаўляць на тэму аднаўленьня эфіру пакуль не выпадае.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0