Экспэдыцыя па сьлядах   Слуцкага паўстаньня

 

Праграма «Вусная гісторыя» для студэнтаў Аддзяленьня Найноўшай гісторыі ў Беларускім Калегіюме распачынаецца зь першага курсу. Гэта ня проста збор успамінаў, але фармаваньне новага корпусу крыніц.

Для дасьледаваньня абралі Случчыну і тэму Слуцкага паўстаньня 1920 году. Якія сьляды ў сьвядомасьці людзей пакінула падзея, такая важная для тварэньня нацыянальнага міту, і, адначасова, падлеглая бесьперапынным нападам савецкай і нэасавецкай гістарыяграфіі?

Такім чынам, 23 жніўня група студэнтаў Калегіюму, а таксама выкладчыкі — Ніна Стужынская ды аўтар гэтых радкоў, выправіліся ў падарожжа.

 

Гістарыяграфічная інтрыга

Спачатку постсавецкая, а потым і нэасавецкая плыні выпрацавалі свой варыянт стаўленьня да падзеі, што атрымала назву «Слуцкае паўстаньне». Мэта «новага погляду» — мінімізацыя «шкоднага ўплыву» сьведчаньняў самаарганізацыі і актыўнасьці беларусаў для маналіту савецкай гісторыі. Галоўныя тэзы гэтага падыходу дзьве:

1. «Такой гістарычнай падзеі як Слуцкае паўстаньне не было»;

2. «Ніякай абароны Слуцкая брыгада не трымала і такімі сіламі не магла трымаць» (цытаты паводле «Нарысаў гісторыі Беларусі. Частка 2» (Менск, 1995)).

Для ілюстрацыі спашлюся на акадэміка Іларыёна Ігнаценку, які ўважаецца за лібэральнага гісторыка і які падрыхтаваў адмысловы разьдзел для «Нарысаў гісторыі Беларусі»: «Аб якім паўстаньні магла ісьці размова, калі гэты павет быў акупаваны польскімі войскамі, якія па дагавору аб перамір’і рыхтаваліся адысьці за дэмаркацыйную лінію. Чырвонай Арміі ў раёне Слуцку не было. Узьнікае пытаньне: супраць каго было паўстаньне?»

 

Страхі, стэрэатыпы, прызнаньні

Любыя размовы ў сёньняшняй беларускай правінцыі зь незнаёмымі людзьмі пачынаюцца зь недаверу. «А мяне не арыштуюць?» — так у нас і запыталася старая кабета ў вёсцы Шышчыцы.

У сп-ні Стужынскай на рукох быў сьпіс удзельнікаў паўстаньня, складзены паводле зьвестак, у тым ліку, з архіву КГБ. Паводле гэтага сьпісу, зь вёскі Шышчыцы паходзіць адзін з удзельнікаў паўстаньня — Давыдоўскі.

Сёньня ў Шышчыцах пражывае толькі адна сям’я Давыдоўскіх. Мы завіталі да сп. Паўла Давыдоўскага*:

«— Можа гэта Ваш бацька быў? — запыталася Н.Стужынская.

— Не, ён ня быў там! — адказаў П.Давыдоўскі.

— А калі ён памёр?

— Ён не памёр, а пагіб на фронце ў 1944. Яму было 45 гадоў, калі яго ў вармію забралі.

— А калі яго забралі — у сорак чацьвёртым?

— У сорак чацьвёртым, калі рускія прыйшлі сюды ўжо, кагда асвабаджалі Беларусь, ён ушоў на фронт...

— А самі Вы зь якога году?

— З дваццаць сядзьмога.

— Дык і ня памятаеце — ці мог Ваш бацька быць там?

— Да я знаю, што ён ня быў тада ў гэтых слуцкіх партызанах...

— А якія партызаны?

— Гэта калі было гэтае Слуцкае вастаньне, калі палякі былі тут. Але ён ня ўчастваваў там.

— А ў вёсцы хто ўдзельнічаў?

— Ніхто нічаго!

— Тут вашыя настаўніцы казалі, што Ваш бацька пераходзіў мяжу...

— Ня ён гэта! У калхозе ён быў. Сорак пяць год яму было, як яго узялі ў армію».

Аўгіньня Грыцкевіч** (якая нарадзілася ў 1890 годзе, а, на жаль, памерла летась) са старажытнай выбранецкай вёскі Варкавічы, ня чула пра Слуцкае паўстаньне, але прыпамінала, што моладзь запісвалася ў войска «супраць палякаў і бальшавікоў» — гэта абсалютна адпавядае лёзунгу беларускіх эсэраў «Ні паноў, ні камуністаў». Эсэры вялі рэй у Слуцкім паўстаньні.

Сустрэліся мы і з зусім іншай інтэрпрэтацыяй. У мястэчку Грозава, дзе ў лістападзе 1920-га быў сфармаваны Грозаўскі полк (адзін з двух палкоў 1-й Слуцкай брыгады стральцоў), прадстаўнік мясцовага сельсавету пераконваў нас, што ніякага паўстаньня не было. Пра гэта яму нібыта паведаміў краязнаўца з Капыля Абрамчык.

У Слуцкі краязнаўчы музэй мы патрапілі ўжо пасьля таго, як правялі запіс успамінаў. Напачатку ў музэі нас чакала расчараваньне — ва ўсёй экспазыцыі — ніводнай згадкі пра тыя падзеі. Ужо пасьля высьветлілася, што музэй штогод у лістападзе ладзіць выставы, прысьвечаныя паўстаньню. А ў сховішчах мы змаглі пазнаёміцца з дакумэнтамі некаторых паўстанцаў, патрымалі ў рукох пашпарт БНР сябры Рады Случчыны Васіля Русака.

 

Тапаграфіі

Пад час вандроўкі мы пабывалі ва ўсіх значных для паўстаньня населеных пунктах. На Случчыне захаваліся ня толькі вусныя, але й матэрыяльныя сьведчаньні падзеяў 1920 году. Ня так даўна зьявіліся знакі ўшанаваньня — былі ўстаноўленыя памятныя крыжы ў Семежаве і Грозаве.

У Семежаве пасьля эвакуацыі са Слуцку знаходзілася Рада. Менавіта тут, на цэнтральным пляцы старажытнага мястэчка, 25 лістапада адбыўся парад беларускіх аддзелаў. Праз два дні пачаліся баявыя дзеяньні. На крыжы, устаноўленым у 1992 годзе, нават захавалася стужка ў колерах нацыянальнага сьцягу. Як узгадваюць сьведкі падзеяў 1920 году, менавіта насельніцтва Семежава было найбольш шчодрым да беларускіх вайскоўцаў і іхных патрэбаў.

Мястэчка Грозава вядомае яшчэ зь першай паловы XVI ст. Пад час паўстаньня тут фармаваўся Грозаўскі полк — запіс адбываўся ў даўнім палацы Радзівілаў. Гэты клясыцыстычны будынак другой паловы XVIII ст. і сёньня ўзвышаецца на ўскраіне вёскі. Яшчэ ў 1980-х там месьцілася сярэдняя школа. Сёньня будынак у паўразбураным стане.

У цэнтры Грозава нашы сучасьнікі ў 1994 годзе таксама паставілі памятны крыж. Можа быць з-за таго, што шыльда на крыжы для некага падалася занадта кідкай (з «Пагоняй»), яна выклікала неадэкватную рэакцыю — пляма рудой фарбы засталася на гэтай шыльдзе.

У мястэчку Вызна — там крыж устанаўлівалі два разы і абодва разы дэмантавалі. Кажуць, што да выкопваньня крыжа непасрэдна далучыўся тутэйшы праваслаўны сьвятар. У 1923 годзе само мястэчка было перайменаванае ў Чырвоную Слабаду.

Яшчэ адзін гістарычны будынак, непасрэдна зьвязаны з паўстаньнем, знаходзіцца ў Слуцку — гэта Дом шляхецкага сходу. Тут, у старасвецкай камяніцы адбыўся зьезд Случчыны. Цяпер тут — краязнаўчы музэй. Але ўсе старыя будынкі ў Слуцку так ці інакш маюць дачыненьне да людзей паўстаньня. У камэрцыйнай вучэльні, у знакамітай гімназіі, у духоўнай вучэльні займаліся будучыя ўдзельнікі тых падзеяў. Ня думаю, што некалі ўсе гэтыя будынкі трэба будзе пазавешваць шыльдамі. Найлепшая памяць — захаваньне і так ужо панявечанага гістарычнага асяродзьдзя, добры стан будынкаў, у якіх жылі, працавалі й вучыліся людзі, што ў часы разлому абвесьцілі Случчыну часткаю БНР ды пачалі рыхтавацца да абароны сваёй Рэспублікі.

 

Тэрміналёгія

Нагадаю, адна з асноўных тэзаў нэасавецкай гістарыяграфіі гучыць наступным чынам: «Ніякага паўстаньня не было». Беручы пад увагу сутнасныя ацэнкі тых падзеяў, з гэтым можна пагадзіцца.

Падзеі лістапада—сьнежня 1920 году былі на Случчыне актам дзяржаватварэньня. Нацыянальны камітэт як орган мясцовага самакіраваньня арганізаваў абраньне беларускіх камітэтаў замест прызначаных польскай адміністрацыяй войтаў у валасьцях і солтысаў у вёсках. Намаганьнямі Нацыянальнага камітэту былі створаныя каапэратыўныя саюзы, сфармаваная беларуская міліцыя — узброеная самаахова; наладжваліся мэханізмы сацыяльнай дапамогі. 15—16 лістапада адбыўся зьезд Случчыны, на якім 115 паўнамоцных прадстаўнікоў жыхароў рэгіёну сфармавалі Раду Случчыны — орган дзяржаўнае ўлады. Зьезд абвесьціў Случчыну часткаю БНР. Распачалося фармаваньне ўзброеных сілаў — і за тры дні паўстала Слуцкая брыгада, якая налічвала 4 тысячы чалавек.

Апынуўшыся ў нэўтральнай зоне, Слуцкая брыгада пад ціскам пераўзыходзячых сілаў Чырвонай Арміі вымушаная была адступаць на захад. Эвакуацыя Слуцку скончылася 24 лістапада, Рада Случчыны і Ваенная стаўка пераехалі ў мястэчка Семежава, куды сьцяклося да 15 тысяч чалавек. 1-ы Слуцкі полк заняў участак фронту ад Семежава да Вызны працягласьцю прыблізна 20 км. Грозаўскі полк заняў абарону ў напрамку на Капыль. Баявыя дзеяньні пачаліся 27 лістапада.

Бальшавікі маштабны наступ распачалі 7 сьнежня, кінуўшы на Слуцкую брыгаду 8-ю і 17-ю дывізіі. Такія важныя пункты як Семежава і Вызна некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. 28 сьнежня Слуцкая брыгада вымушаная была адступіць і перайсьці мяжу з Польшчай, дзе было інтэрнавана больш за 1,5 тысячы афіцэраў і жаўнераў. Частка Слуцкай брыгады (каля 400 чалавек) на чале з афіцэрамі засталася ў нэўтральнай зоне для партызанскіх дзеяньняў. Некаторыя аддзелы пазьней увайшлі ў склад паўстанцкай сялянскай арміі «Зялёны Дуб».

Таму можна казаць, што падзеі на Случыне ў лістападзе—сьнежні 1920-га — гэта самаарганізацыя і самаабарона жыхароў Слуцкага павету. З увагі на вайсковы бок падзеяў многія прадстаўнікі нацыянал-дэмакратычнага лягеру ўжываюць назву Слуцкі збройны чын. Сёлета мы зафіксавалі назву «слуцкія партызаны».

Між тым, ніводная з гэтых назваў не ахоплівае цалкам маштаб тых падзеяў — фармаваньне дзяржаўнага мэханізму Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Слуцкага павету. Пры гэтым былі сфармаваныя як органы цывільнай улады, так і вайсковай. Узброеным сілам БНР на Случчыне прыйшлося весьці абарончыя баі. Нават і цяпер зьдзіўляюць хуткія тэмпы ды зладжанасьць фармаваньня ўсіх органаў дзяржаўнае ўлады, а асабліва — Слуцкай брыгады. Гэта дадаткова сьведчыць, што тыя падзеі — не спантанны выступ і ня крок адчаю. Беларускае сялянства ўжо выдатна ўяўляла, хто ідзе на нашу зямлю з Усходу. Агульнай была таксама незадаволенасьць польскімі ўладамі. У такіх умовах дзейнасьць Рады Случчыны ўспрымалася як паўставаньне ўласнай законнай улады.

Вяртаючыся да тэрміналягічнай праблемы, адзначым, што крыху пазьней самі ўдзельнікі тых падзеяў выкарыстоўвалі азначэньне «Слуцкае паўстаньне». На беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе 29 верасьня 1921 году была прынятая рэзалюцыя «Аб Слуцкім паўстаньні», якое характарызавалася як «нацыянальнае паўстаньне за незалежнасьць Беларусі».

Алег Дзярновіч

 

* Запіс Ірыны Кашталян.

** Успаміны Аўгіньні Грыцкевіч запісала Ніна Стужынская.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0