Пуцін у Менску зь візытам-інспэкцыяй

Сёньняшнi напаўкалянiяльны статус Беларусi цалкам задавальняе расейскае кiраўнiцтва

 

Першы афiцыйны замежны вiзыт пасьля прызначэньня прэм’ер-мiнiстрам Яўген Прымакоў нанёс у Беларусь. Замянiўшы яго, Сяргей Сьцяпашын паўтарыў манэўр «вялiкага маўчуна». Замянiўшы Сьцяпашына, Уладзiмер Пуцiн таксама вырашыў, што адкрываць сэзон вiзытаў лепей з «братняй Беларусi». Прэм’ер-мiнiстар Пятроў, якi ўзначалiць расейскi ўрад калi не пасьля выбараў у Думу, дык пасьля прэзыдэнцкiх выбараў у Расеi, можна не сумнявацца, мэтай сваёй першай замежнай паездкi абярэ таксама Беларусь.

Думаецца, што прычыны такой любовi да «сястрычкi» тлумачыць толькi сардэчнымi прыхiльнасьцямi расейскiх прэм’ераў было б запроста. Прычына такой нашай папулярнасьцi ляжыць хутчэй у сфэры псыхалёгii. Наносячы падобныя вiзыты, расейскiя кiраўнiкi выкарыстоўваюць Беларусь як палiгон, на якiм можна ўпершыню адчуць сябе другой асобай вялiкай краiны, не баючыся пры гэтым, што на перамовах вы пачуеце ня вельмi прыемныя для сябе рэчы. Заўжды сардэчны беларускi народ у асобе свайго «першага чалавека» не пакрыўдзiць дэбютанта гнюснасьцямi кшталту эканамiчных ці тэрытарыяльных праблемаў.

Якая эканомiка, хлопцы! Славяне мы, цi хто?!

Беларусь — самы прыемны i бесклапотны партнэр па перамовах, бо вызначаецца заўсёднай гатоўнасьцю вымавiць «так». А што яшчэ трэба пану?

Пад час усiх гэтых сустрэчаў мы чуем адныя i тыя ж фразы: «мы вас любiм» — «мы вас таксама» — «дык давайце ж любiцца яшчэ мацней» — «давайце» — «вы хочацце быць галоўным? калi ласка» — «вы таксама хочаце быць галоўным? няма праблем» — «ну дык што, можа заўтра?» — «ммм...» Прызнацца, пачынаеш шкадаваць нашую першую асобу. Бедненькi i так мыкаецца, i так, i сьпераду гатовы пралезьцi, i ззаду. Але ж не даюць, ворагi. Мяняюцца твары прэм’ераў, у вачох мiльгацiць, а галава папросту адказваецца ўспрымаць iх усiх. Што Сьцяпашын, што Пуцiн — адзiн твар, адны словы. I вось трэба ўжо чацьверты-пяты раз заводзiць адну i тую ж нудотную мэлёдыю.

Пад час сустрэчы з Пуцiным Аляксандар Лукашэнка выглядаў ня проста стомленым ад усiх гэтых бессэнсоўных размоваў. Падобна было, што яму ўсё цяжэй i цяжэй знаходзiць сынонiмы адных i тых жа словаў. На гэтым фоне пастарэлага i ня ведаючага куды прыткнуцца прэзыдэнта Беларусi маладжавы i энэргiчны Пуцiн выглядаў яўна больш выгодна. Не сказаўшы нiчога такога, чаго б не казалi ягоныя папярэднiкi пад час такiх сустрэчаў, ён выканаў сваю галоўную мэту: вiзыт ветлiвасьцi насамрэч быў вiзытам-iнспэкцыяй. Ці Беларусь нiкуды ня дзелася, ці можна спакойна займацца справай.

А справы ў Пуцiна зараз дзьве: выбары i Паўночны Каўказ. Дадайце да Iчкерыi i Дагестану праблемы ў Карачаі і Чаркесii, канфлiкт памiж Iнгушэцiяй i Паўночнай Асеціяй, i вы зразумееце, чаму так хвалюецца Лукашэнка. У сёньняшняй сытуацыi нiхто ў Расеi ня будзе ратаваць задубелую беларускую эканомiку i нiхто не рызыкне дадаць да ўсiх сваiх праблемаў яшчэ адну — драпежнага заходняга суседа.

Расейскiя праблемы — выбары i вайна на Каўказе — шчасьце для Беларусi. Занятай самой сабой Расеі няма калi праглынуць свайго вернага хаўрусьнiка. Сёньняшнi напаўкалянiальны статус Беларусi цалкам задавальняе расейскае кiраўнiцтва.

Андрэй Андрыеўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0