знакам тым

Вольга КАРАТКЕВІЧ

«ПРА ГЭТЫХ»

 

Беларускіх дэмакратаў чакае цяжкае псыхічнае, маральнае і інтэлектуальнае выпрабаваньне — выпрабаваньне доступам да дзяржаных тэлебачаньня, радыё, газэтаў. Спраўджаная мара!

Незалежныя журналісты змушаныя будуць дапамагчы добрым людзям-палітыкам прадэманстраваць іх найлепшыя памкненьні. Задача незалежных журналістаў няпростая. Ім трэба думаць, як ня даць нашым апазыцыянэрам зноў кінуцца ў гістэрычныя рэтраспэкцыі пра цьвікі, крэдыты і ў «адкрытыя звароты да грамадзяніна Лукашэнкі». На экспэртную групу па доступе апазыцыі да дзяржаўных СМІ ў складзе Міхала Пастухова, Юр’я Тапарашава, Аляксандра Патупы і Ўладзімера Нісьцюка ўскладзеныя таксама вялікія тэхнічныя абавязкі — дамовіцца пра эфір, пераканаць улады, намовіць прыстойных журналістаў узяць удзел у кампаніі.

Але галоўная задача — стрымаць амбіцыі палітыкаў. Дэмакраты ў чаканьні рэваншу. Дэмакраты таксама людзі і, можа, нават больш людзі, чым палітыкі. Дэмакраты заўсёды гатовыя накрычаць на дурны электарат, прысарамаціць яго няведаньнем гісторыі Бацькаўшчыны, закідаць цёмны люд страшнай эканамічнай статыстыкай. Яны таксама гараць жаданьнем цягам прадастаўленых 3-х хвілінаў зьнішчыць народнага куміра Лукашэнку. І тым самым пахаваць сябе.

Я днямі брала ўдзел у адным фантастычным мерапрыемстве. Дасьведчаныя тэле- і радыёжурналісты прыкідвалі, каго з нашых (нашых) палітыкаў можна пусьціць у жывы эфір. Няхай не крыўдуюць суб’екты апазыцыйнай палітыкі, але сьпіс ураўнаважаных прадстаўнікоў апазыцыі аказаўся закароткі. Далей мы прыкідвалі, каму можна дазволіць гаварыць 10 хвілінаў, а каму варта дазволіць апэраваць толькі адной фразай.

Узровень гатовасьці дэмакратычных палітыкаў да тэле- і радыёэфіру вельмі яскрава характарызуецца тым, якую назву прапанаваў для сваёй перадачы адзін зь лідэраў апазыцыі — «Голас апазыцыі». Ну, ужо тут журналісты павесяліліся. Згадалі і «Куклы», і «Про это», і пасьля ў Зімоўскага — «Про этих».

Сытуацыя безвыходная. Вядома, што Лукашэнка ўсё адно падмане. Адмаўляцца ад перамоваў — значыць перакрэсьліць рэшткі павагі да апазыцыі з боку міжнародных структураў. Экспэртную групу ў любым выпадку будуць біць з усіх бакоў. На паседжаньні дэмакраты не далі слова сябрам экспэртнай групы Юр’ю Тапарашаву і Ўладзімеру Глоду. Тады апошні проста выйшаў са складу групы. Астатнія яшчэ вераць у магчымасьць дамовіцца з апазыцыяй, але нават Міхал Пастухоў, які ніколі не дазваляе сабе публічных эмоцыяў, заўважыў мне шматзначна: «Божа мой, што ж зь імі рабіць...»

Што рабіць? Прычасаць, напісаць сцэнар, пазычыць пінжачок, задаць разумнае пытаньне і своечасова перавесьці камэру на складзеную з разумных твараў аўдыторыю.

Другі кірунак супрацы некаторых журналістаў і дэмакратычных дзеячаў — акцыя 17-га кастрычніка. Абяцаюць 100-тысячную дэманстрацыю. ХартАктыў рыхтуе мерапрыемства ў кааліцыі зь некаторымі газэтамі і партыямі. У такую маштабнасьць верыцца мала. Традыцыйна шматлюдная акцыя ў гонар Бітвы пад Оршай сёлета сабрала каля тысячы чалавек. Цьмяны лёзунг «Беларусь, цябе чакае новая Ворша» выклікаў зусім не патрыятычныя пачуцьці. Не развучыліся актывісты-дэманстранты й гуляцца з прозьвішчамі расейскіх палітыкаў. Бедны чэкіст, для кар’еры якога кожны наступны выбух на абшарах нашага стратэгічнага партнэра можа стаць апошнім, таксама фігураваў у накляпаных транспарантах як «Рас-пуцін».

Лукашэнка ж чарговага разу перамяшаў печаны боб з сырым гарохам: «Узрывы жылых і грамадзкіх аб’ектаў у Маскве, якія выклікалі шматлікія чалавечыя ахвяры, ня могуць пакінуць раўнадушнымі беларусаў... На Беларусь аказваецца крымінагенны націск з паўднёвых і прыбалтыйскіх рэспублік...» У гэты кантэкст Лукашэнка чамусь увязаў плянаваную апазыцыяй масавую акцыю і заклікаў «не паддавацца на розныя заклікі апазыцыянэраў і не парушаць галоўнага здабытку грамадзтва — міру і спакою».

Ня ведаю, які эпітэт падбярэ ў такім разе Лукашэнка да запрашэньня афіцыйным літоўскім бокам дзесяці дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія 14 верасьня ў Літве будуць спазнаваць мэханізмы эканамічнага разьвіцьця і заадно наведаюць «закладніка Канстытуцыі» Сямёна Шарэцкага.

Дзякуй Богу, хоць з нашым сьпікерам пад час теледэбатаў у жывым эфіры праблемаў ня будзе. Па вядомых прычынах гучны голас і гнеўны твар Сямёна Георгіевіча мы, журналісты, будзем выкарыстоўваць у запісе. Для ахвотных гарантуюцца копіі для хатняга прагляду.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0