Лісты ў рэдакцыю
Два журналісты выйшлі з БАЖу
Сябры Віцебскай гарадзкой філіі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, рэдактар газэты «Выбар» Барыс Хамайда і журналіст «Вітінфармбюро» Юрась Карпаў заявілі пра свой выхад з гэтай грамадзкай арганізацыі. Яны даслалі ў рэдакцыю ліст, дзе тлумачаць сваё рашэньне наступным чынам:
«Пры канцы жніўня ў Віцебскую філію БАЖ даслалі новы Статут арганізацыі. У Статуце зьявілася дапаўненьне: «ГА «БАЖ» дзейнічае ў адпаведнасьці зь дзеючай Канстытуцыяй РБ, Дэкрэтам Прэзыдэнта РБ ад 26.01.99г. №2 «Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньню дзейнасьці палітычных партыяў, палітычных саюзаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў». Мы разглядаем гэта як прызнаньне прэзыдэнцкай канстытуцыі. Паколькі мы прытрымліваемся ў сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці Канстытуцыі 1994 г., мы ня маем намеру працягваць сваё сяброўства ў арганізацыі, якая фактычна прызнала дзяржаўны пераварот».
Аўтары дэмаршу канстатуюць зьмяншэньне ўплыву беларускамоўных журналістаў, асабліва з рэгіёнаў, у БАЖы. Варта нагадаць, што зьмены ў Статуце прынялі на апошнім зьезьдзе арганізацыі.
Беларускі відэаклюб
Як правесьці вольны час беларускамоўнаму беларусу? З кнігамі праблем амаль няма. З музыкай больш-менш лёгка — часам здараюцца канцэрты беларускамоўных гуртоў, ёсьць касэты, раней былі свае дыскатэкі (часам яны зноў зьяўляюцца й зьнікаюць). Але гэтага мала.
Апошнім часам зьявілася яшчэ адна магчымасьць адпачыць па-беларуску. Цяпер беларусы могуць бавіць свой час ля экрану, бо штосуботу а 18-й гадзіне на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбываюцца прагляды відэастужак (мастацкіх, мультыплікацыйных) на беларускай мове: «Ісус», «Пяты элемэнт», «Страчаны сьвет: Юрскі парк-2», «Салодкі яд каханьня», «Дарога на Курапаты», «Прыгажуня ў сонным лесе», «Аліса ў краіне цудаў», «Балта» і іншыя. Відэатэка ўвесь час пашыраецца. У «Беларускім відэаклюбе» ТБМ Вас чакае адпачынак у атмасфэры роднай мовы і добрая кампанія.
Віталь Станішэўскі