Весткі зь Літвы

 

Скандал вакол Лукашэнкі

Так ніхто і не разабраўся, ці гэта праўда была ці «качка», што літоўскаму прэзыдэнту В.Адамкусу адразу былі не далі паветраны калідор, каб ён мог празь Беларусь заляцець у Ялту, на сустрэчу кіраўнікоў краінаў Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну. А не далі, маўляў, бо Лукашэнка пакрыўдзіўся, што яго на той форум не запрасілі як нелегітымнага прэзыдэнта.

Праўда, крыўдаў у Лукашэнкі на суседа можа быць шмат. Нездарма літоўскія газэты на ўсе лады гэта ўсё смакавалі. І што Адамкус церпіць у Вільні Сямёна Шарэцкага, не праганяе, і што літоўцы дазволілі беларускае радыё, якое будзе вяшчаць на Беларусь і за забарону якога Лукашэнка ўжо двойчы Адамкуса «паблагадарыў», і — гэта ўжо асабістае і таму самае моцнае — тое, як Адамкус сказаў пра Лукашэнку ў красавіку ў Вашынгтоне. Прыводзяць нават тую цытату: «Сёньня ўся ўвага — становішчу ў Югаславіі, пра Лукашэнку — маўчок. Альбо яго ігнаруюць, альбо ягонай дзейнасьці не надаюць ніякага значэньня. Лічу гэта памылковым. Будучы чалавекам непрадказальным, у будучыні ён можа стварыць праблемы. Трэба спадзявацца, што само жыцьцё пакажа Лукашэнку, што ён павінен зьмяніць свае погляды».

Хто ж на такія крыўдныя словы не пакрыўдзіўся б!

А што да незапрашэньня Лукашэнкі ў Ялту, дык ініцыятарам гэтага быў не Адамкус, і нават не гаспадар Кучма, а польскі прэзыдэнт А.Квасьнеўскі. (Во абклалі, з усіх бакоў!) Польскі шэф Службы нацыянальнай бясьпекі Марэк Сівец, які езьдзіў у Крым з Квасьнеўскім, растлумачыў справу такім чынам:

— Наша пазыцыя адпавядае палітыцы Польшчы ў дачыненьні да Беларусі. Мы не прызнаем таго, як Лукашэнка ажыцьцяўляе ўладу. Ягоная прысутнасьць ускладніла б правядзеньне нарады. Такую самую думку маюць і лідэры іншых краінаў, што сабраліся ў Ялце.

А сабралася іх там адзінаццаць. І гаварылі яны ў Лівадыйскім палацы, дзе 54 гады таму «вялікая тройка» (Сталін, Чэрчыль і Рузвэльт) абмяркоўвалі паваенны падзел Эўропы. Напэўна, у словах пра тое, што прысутнасьць Лукашэнкі ўскладніла б форум, ёсьць сэнс. Бо ўсе памятаюць папярэднюю сустрэчу прэзыдэнтаў — у Вільні, дзе Лукашэнка нарабіў скандалу ў зьвязку з прыдуманым замахам на ягонае жыцьцё. Праўда, не разьлічылі прэзыдэнты, што адсутнасьць Лукашэнкі не пазбаўляе ад скандалу зь ягонай асобай. Так яно выйшла і на гэты раз.

Ліцьвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0