бытавуха

Славамір АДАМОВІЧ

Адна вялікая сям’я

 

«Белтур», дом творчасьці і маньяк са шпрыцам

Дом творчасьці «Іслач» пабудавалі ў 80-х: галоўны корпус, тры дамкі асобна, лазьня, кацельня, дом для абслуговага пэрсаналу. Кажуць, гадоў дзесяць назад шумна было ад пісьменьніцкіх галасоў на калідорах. Некаторыя па паўгоду сядзелі ў сваім доме. Цяпер Дом творчасьці выжывае з дапамогаю турыстычнай фірмы «Белтур». Пуцёўка на аднаго чалавека сёлета каштавала прыкладна 50 мільёнаў. Члены СП аплачваюць толькі харчаваньне. 12 дзён жнівеньскага заезду з 5-га па 17-га каштавалі 13 мільёнаў 200 тысячаў.

Пагаварыць і выпіць у «Іслачы» было з кім. У першы ж дзень пазнаёміўся з доктарам. Малады эскулап мяне ды госьця з Украіны чамусьці надта хацеў пачаставаць мясцовай самагонкай. Самагнёту ён, праўда, не дастаў, але набыў з рук «Двух буслоў». Пасьля першай гаваркі чалавек у белым халаце стаў распавядаць, што ў ваколіцах суседніх дзіцячых летнікаў з пачатку лета ходзіць мужчына са шпрыцам. Час ад часу ён пранікае ў спальні да дзяўчат-падлеткаў і, перш чым яго заўважаць, пасьпявае адной зь іх нешта ўкалоць, пасьля чаго дзяўчынцы робіцца дрэнна.

Толькі 24 жніўня, зірнуўшы на першую старонку «Навінаў», я зразумеў, што доктар не блефаваў.

 

Калегі

З 5-га па 17-га калега Ўладзімер Ліпскі пісаў кнігу пра кампазытара Ханка, які, дзесь я чуў, зьбіраецца на гістарычную радзіму і ўжо адправіў туды сваю дачку.

Толя Зэкаў адпачываў з жонкай і малой дачкою. А ці пісаў што, пра тое ня ведаю.

Перакладчык Пятро Кошалеў з Масквы быў. Дзьве кніжкі мае купіў. Гарэлкі ў бары наліваў ды распавядаў гісторыйкі з жыцьця былой партыйна-савецкай эліты. У гэтым пытаньні ён нядрэнна абазнаны.

Пад канец нашага адпачынку Раман Тармола-Мірскі прывёз у пісьменьніцкі дом сваіх жонку й дачку. Сам, праўда, не застаўся, таму зь ім мы нічога не пілі.

 

Цукровы кароль

Маючы 45, Косьця адседзеў шаснаццаць. Выйшаў. Паставіў дом, узяў жанчыну з трыма дзецьмі. Старэйшай прыёмнай дачцы наняў рэпэтытара па ангельскай мове. Спрабаваў са мной па-беларуску, але ў дачкі атрымлівалася лепш.

А на днях Косьця стаў «цукровым каралём» — пад яго кантроль адышлі гандлёва-закупачныя апэрацыі з цукрам у адным з рэгіёнаў Беларусі. І гэтай восеньню ён з асаблівым задавальненьнем памяняе свой абрыдлы «мэрс» на што-небудзь новенькае.

 

Чарнейка

Яна зьлёгку смуглая, далікатная фігура і далікатныя рукі, чысты мяккі твар. Завуць Ніна. Распавядае сваю прыватную бытавую гісторыю: у аўтакатастрофе загінуў муж; двое дзетак засталіся на руках; у яе самой слабое здароўе, а пасьля сьмерці гаспадара сям’і яно падупала яшчэ больш. І ўсё ж ні гады, якіх пад сорак, ні бяда-гора не пазбавілі жанчыну нейкай надзвычай лёгка-сьветлай энэргетычнасьці, жаноцкасьці. Волю да жыцьця, жаданьне чысьціні і прыгажосьці Ніна Чарнейка выяўляе ў паэзіі. У бібліятэчцы часопіса «Маладосць» выйшла сёлета ейная кніжачка вершаў «Грамнічная сьвечка». Гартаю старонкі, прачытваю радкі, сам сьвятлею, адтайваю, дабрэю, бо: «...жыцьцё — павуціначка тонкая, // невядома, калі абарвецца, // у гэтым сьвеце зялёна-рамонкавым // застаецца працяг — нашы дзеці...»

 

Такі лёс

Ёй сорак два. Яна была замужам. Яшчэ ёмкая, крэпкая целам і сымпатычная. Працавала многа дзе, нават цягала ў Польшчу айчынныя транты, але нічога на гэтым не зарабіла, толькі навучылася курыць. Усьмешлівая, жартаўлівая, адкрытая, даверлівая. Такую лёгка зьвесьці, нагаварыць-загушкаць. Ды калі падманеш яе — век той грэх не замоліш. Бо тут вось што — ня можа яна нарадзіць. Там у яе кіслотнасьць вялікая, і семя наша мужчынскае гіне ад гэтага. А жанчына яна добрая, я вам кажу, кожны нармальны мужчына абмыў бы ёй ножкі і ваду выпіў. Але ж дзеці!.. І таму яна адна: даверлівая, адкрытая, жартаўлівая, усьмешлівая. Ёй сорак два. Яна жыве з мамай, капае бульбу ў гародзе, тэлефануе замужняй сястры ў Менск і піша вершы. Цяпер і па-беларуску.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0