Менск нагадвае брытанцу Токіо

У Менску адбыўся фэстываль пэрфомансу «Навінкі’99» — падзея нечуваная й нябачаная. Сярод удзельнікаў акцыі былі Рычард Лайзэл (Англія), які працуе ў гэтым жанры больш за 30 гадоў, i Ноэл Мэлой, вядомы пэрфомэр з Iрляндыі. Рычард Лайзэл літаральна ўзарваўся, калі яго спыталіся, чаму ён прыехаў на гэты фэстываль (пытаньне, поўнае чыста беларускага мазахізму): «Кожны раз, калi мне задаюць такое пытаньне, хочацца адказаць на яго падобным пытаньнем: а вы як думаеце? Па-мойму, абсалютна вiдавочна, чаму мы прыехалi: мы жадалi прыехаць, мы верым у тое, што робiм, i было вельмi важна быць запрошанымi ў такую краiну як Беларусь, дзе раней нiколi не было фэстывалю пэрфомансаў. Вельмi важна паказаць свае творы новым людзям, завесьцi новых знаёмых. I рэзананс проста фантастычны — велiзарная колькасьць людзей прыходзiць паглядзець на тое, што мы робiм. Грошы не заўсёды ўсё вырашаюць. Як i тут, на Захадзе, многiя мастакi не зарабляюць шмат грошай. Ноэл i я — небагатыя людзi. Але чаму б нам не прыехаць, калi ёсьць нагода?»

 

«НН»: Як глядзяцца «Навiнкi’99» процi заходнiх фэстываляў пэрфомансаў?

Р.Л.: На маю думку, галоўная розьнiца ў тым, што тут няма цынiзму. Захад толькi-толькi пачынае адкрываць вашу культуру, i яна сама зусiм нядаўна пачала адкрывацца, таму тут такi высокi ўзровень абсалютна шчырай цiкавасьцi.

 

Н.М.: У Эўропе вельмi шмат хто кажа сам сабе: «А, гэта пэрфомансы, я ведаю, што гэта такое — купка iдыётаў, якiя займаюцца розным бессэнсоўным глупствам».

 

Р.Л.: Мне здаецца, эўрапейскi цынiзм, якi не дае людзям хадзiць на пэрфомансы, грунтуецца на тым, што пэрфоманс здаецца iм нечым даўно знаёмым. Рэч таксама і ва ўплыве тэлебачаньня на гледачоў. Яно магутнейшае за тэатар, за жывую музыку... Тут такога яшчэ няма.

 

«НН»: Што вы можаце сказаць пра беларускія пэрфомансы?

Н.М.: Усё, што мы бачым тут, вельмі падобнае да амэрыканскiх цi эўрапейскiх пэрфомансаў. Выдатна, што ў сваiх творах яны кажуць пра беларускiя цяжкасьцi, таксама, як i я кажу пра iрляндзкiя, а Рычард — пра ангельскiя. Пэрфоманс неабавязкова распавядае пра сацыяльныя цi палiтычныя праблемы. Ён можа быць такiм жа вытанчаным, як балет — мне ўзгадваецца адзiн з учорашнiх пэрфомансаў, калi мастак намаляваў вiном кола — задача ў тым, каб прымусiць людзей рэагаваць, каб самому бачыць гэтую рэакцыю. Ты — адзiн на адзiн з гледачом.

 

Р.Л.: I гэта як паэзiя — не заўсёды можна зразумець сэнс твору. Я не магу сказаць шмат пра свой пэрфоманс. Казаць нешта пра пэрфоманс — значыць, спрашчаць. Я стварыў свой апошнi пэрфоманс менавiта да гэтага фэстывалю, для беларусаў. Вось што я хацеў сказаць ім: ня трэба зайздросьцiць Захаду. Людзi там ня больш шчасьлiвыя, чым тут. Мы аднолькавыя iстоты ў розных грамадзтвах, якiя могуць размаўляць на адным i тым жа ўзроўнi. I вельмi часта людзi трапляюць у бруд з-за грошай. Iх можа быць шмат, яле не яны робяць чалавека шчасьлiвым.

 

«НН»: Што хацелi сказаць беларускiм гледачам вы?

Н.М.: Мой пэрфоманс носiць назву «26 гадоў нядзеляў. Зона зьмярканьня»(«26 Years of Sundays. The Twilight Zone»). Асаблiвасьць ягоная ў тым, што ён прысьвечаны расcтрэлу брытанскай армiяй мiрнай дэманстрацыi ў Паўночнай Iрляндыi ў 1972 годзе, што атрымала назву ірляндзкай Крывавай Нядзелi. Прайшло 27 гадоў з таго часу, як гэта здарылася, i толькi ў мiнулым годзе, праз 26 гадоў, пачалося сапраўднае расьсьледаваньне. Упершыню слухаюць сьведкаў. Родныя забiтых жадаюць адзiнага: каб у гiсторыю ахвяры увайшлi не як тэрарысты, а як мiрныя дэманстранты.

Мне вельмi цiкава абмяркоўваць беларускiя праблемы, зьвязаныя са станаўленьнем незалежнасьцi, бо яны вельмi падобныя да iрляндзкiх, асаблiва палiтычная сытуацыя.

 

«НН»: Што зьяўляецца самай вялiкай праблемай мастацтва ў Iрляндыi i ў Эўропе ўвогуле?

Н.М.: Успрыманьне мастацтва. I, вядома, ёсьць фiнансавыя праблемы. Калі iншыя вiды мастацтва добра спансаруюцца, на пэрфомансы грошы даюць неахвотна, а як часавае мастацтва пэрфоманс мае патрэбу ў падтрымцы свайго iснаваньня. Ён вельмi моцна залежыць ад спонсараў. Я, напрыклад, атрымаў грошы на паездку сюды ад сваiх мясцовых уладаў — я жыву ў самым цэнтры Iрляндыi, а таксама ад Рады мастацтваў Iрляндыi.

 

«НН»: Якiя вашыя ўражаньнi ад Менску?

Р.Л.: Гэта горад, якi трэба пазнаць. Толькi цяпер, праз пару дзён, я патроху пачынаю разумець яго. Ён нагадвае мне Токiо. Я быў там i нiяк ня мог зразумець гэтае места. Але зараз я пачынаю адчуваць Менск. Шкада, што так шмат у iм разбурана. Менск ствараюць людзi, а не архiтэктура. У Лёндане, дзе я жыву, гiсторыя хаваецца ў кожным будынку, i гэта робiць людзей крыху кансэрватыўнымi. I ў тым, каб жыць у горадзе, якi ня мае свайго выразнага твару, таксама ёсьць выгоды. Гэта вымагае ад людзей большай духоўнай моцы.

Гутарыў Аляксандар Кудрыцкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0