Расія абмяркоўвае з Беларуссю магчымасць паэтапнага прадастаўлення крэдыту. Пра гэта, паводле інфармацыі Прайм‑ТАСС, паведаміў журналістам 6 чэрвеня міністр фінансаў Расійскай Федэрацыі Аляксей Кудрын.

«Беларусь удакладніла тэрміны, у якія яна хацела б атрымаць сродкі. <...> Яшчэ ідзе работа, у тым ліку і па сумах, і па тэрмінах», — сказаў А.Кудрын.

Ён падкрэсліў, што ў пытанні прадастаўлення крэдыту з боку Расіі «больш эканомікі». Пры гэтым, улічваючы «беспрэцэдэнтны аб’ём крэдыту для суседняй краіны», варта вывучыць вялікі аб’ём дакументаў, звязаных з перспектывамі развіцця беларускай эканомікі, бюджэтам Беларусі, даходамі рэспублікі і яе намерамі пазычаць з іншых крыніцаў, а таксама здольнасці абслугоўваць доўг. Апрача таго, у разлікі будуць брацца і сродкі ў памеры 625 млн. долараў, пералічаныя ААТ «Газпром» у якасці аплаты долі ў «Белтрансгазе». Пры гэтым А.Кудрын адмовіўся ўдакладніць суму крэдыту.

Беларусь яшчэ ў студзені звярнулася да Расіі з просьбай прадаставіць ёй стабілізацыйны крэдыт, у тым ліку для ажыццяўлення экспартна‑імпартных аперацый, у памеры да 1,5 млрд. долараў. Прадугледжваецца, што сродкі будуць выдзяляцца паэтапна — крэдыт у аб’ёме 1 млрд. долараў Беларусь можа атрымаць сёлета, 500 млн. долараў — у 2008 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?