Клюб «Сьвіное рыла»

Анархісты адчынілі свой клюб на Валадарцы

 

12 верасьня адчыніў свае дзьверы новы невялічкі, але вельмі спэцыфічны клюб «Сьвіное рыла» (падпольны варыянт — «Рудая зорка»). Месьціцца ён на Валадарцы – 7 пад дахам кавярні «Валерыя». І калі ў нядзелю а 6-й вечара вам захочацца апынуцца ва ўтульнай андэграўндавай атмасфэры, пасёрбаць піва й паглядзець на п’яныя анархісцкія «рылы», што няўклюдна перасоўваюцца пад гукі стылёвага фано, запрашаем сюды. Мы з гэтай нагоды пагутарылі зь Лёлікам Ушкіным, адным са стваральнікаў клюбу.

— Клюб — частка агульнай кампаніі, якую праводзіць газэта «Навінкі» дзеля папулярызацыі сябе й свайго анархічнага стылю. Прыйшла ідэя стварэньня кавярні, бо анархісты ніколі не зьбіраюцца ў нейкіх там грамадзкіх цэнтрах. Яны тусуюцца ў падобных на нашае месцах.

 

— А дзе вы, анархісты, узялі на гэта грошы?

— Мы проста дамовіліся зь мясцовай дырэкцыяй, каб зьбірацца раз на тыдзень, што й гаспадарам забясьпечвае пэўны прыбытак. Мы ня хочам, каб гэта зрабілася звычайным напівалавам. Канцэпцыя такая: у першай частцы вечара будуць выступы нейкіх аўтараў, паэтаў, бардаў, паказы відэафільмаў, калі дазволяць умовы, а ў другой частцы будзе панаваць атмасфэра альтэрнатыўнай кавярні 20-х гадоў, дзе будуць лабаць сьвінг у духу нейкага бандыцкага прытону. Гэта частка нашай эстэтыкі.

 

— Калі й дзе будзе праводзіцца чарговы фэстываль «Раздавім фашысцкую гадзіну!»?

— Запрашаем усіх 23 кастрычніка ў Палац культуры Трактарнага заводу. Сёлета мы плянуем зрабіць выключна гардкоравую праграму — на сцэну выйдуць «Deviation», «Hate To State», «Сонца Мао», «Правакацыя», напэўна, і нашыя добрыя субутэльнікі зь Піцеру «Бандзінскі».

 

— Колькі чалавек аб’ядноўвае на сёньня анархісцкі «Чырвоны жонд»?

— Гэта чыста буржуазнае пытаньне, у нас няма такога: членскія ўзносы, партбілеты, партыйныя штандары там нейкія... Усё гэта — формы буржуазнага фэтышызму. Мы — антыпартыйная група!

Гутарыў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0