Самаедзтва гісторыкаў

 

Тыдзень таму ў Капцёве каля Друскенік, непадалёк ад новай беларуска-літоўскай мяжы, адкрывалі помнік Эміліі Плятэр. Сабралася мноства народу. Прамоўцы на зьмену гаварылі то пра нятускны ідэал польскай кабеты, то пра літоўскую Жанну д’Арк. Не было толькі прадстаўнікоў ад Беларусі — ані афіцыйных, ані самавольных.

Між тым, адважная Эмілія была, як гэта ні дзіўна, беларускай фальклярысткай, зьбірала нашыя песьні і сама пісала вершы
па-беларуску, а калі прыйшоў час, калі па ўсім краі запалала антырасейскае вызвольнае паўстаньне, узяла ў рукі шаблю. Змагалася, пакуль не была сьмяротна параненая ў бітве пад Шчорсамі. Сябры спрабавалі ўратаваць яе, вывезьці ў Варшаву, але па дарозе яна памерла. У тым самым Капцёве, дзе тыдзень таму ёй паставілі помнік.

 

Гісторыя гэтая адбывалася ў 1831 годзе, Эмілія мела 25 гадоў і чын палкоўніка. У Беларусі яе напаткала ўсенароднае забыцьцё, прычым адносна нядаўняе. Бо калі савецкая яшчэ Энцыкляпэдыя Літаратуры і Мастацтва піша пра Эмілію Плятэр як пра беларускую фальклярыстку, дык у даведніку «Беларусь» часоў незалежнасьці ня згадваецца нават яе імя. Затое ў Літве і Польшчы пра 25-гадовага палкоўніка ведае кожны вучань. Напэўна, бацькі ставяць гераічную дзяўчыну ў прыклад сваім чадам. У нас у такім выпадку выкарыстоўваецца звычайна прыклад нейкага Гайдара, які ў 16 гадоў камандаваў палком. Праўда, ніякага дачыненьня да Беларусі той савецкі Гайдар ня мае. Хіба што быў кантужаны каля мястэчка Ўлы ў баях ужо з польскімі войскамі. А параўнаньне гэтых двух прыкладаў прыводзіць да наступнае высновы. Варта нейкай зьяве толькі пакінуць межы нашай краіны, як шэрая беларуская гліна адразу ператвараецца ў золата чужое гісторыі. Фігуральна кажучы, калі б адважная Эмілія не дацягнула да таго Капцёва і памерла ад ран раней, на нашай тэрыторыі, не было б ані помніка, ані тысячнага сходу ў яе гонар.

Куды ўвогуле дзяюцца героі, у якой расколіне зьнікаюць славутыя імёны і прыклады для перайманьня? Мой асабісты досьвед у гэтай справе прыводзіць да мала суцешных вынікаў. За апошнія дзесяць гадоў у вывучэньні мінуўшчыны і яе папулярызацыі мы, беларусы, больш страчвалі, чым здабывалі. Пра што сьведчыць і згаданы прыклад з Эміліяй Плятэр. Час грунтоўных працаў па археалёгіі або крыніцазнаўстве мінуў яшчэ ў савецкую пару. Ды й многія плённыя міты грамадзкай сьвядомасьці былі абвергнутыя і забытыя. Варта згадаць хоць бы культ Каліноўскага, які ствараўся дзякуючы працам Генадзя Кісялёва і творам Уладзімера Караткевіча. Пазьней зьявіліся абвяргальныя опусы то пра Каліноўскага-тэрарыста, то пра паляка-каталіка, то пра абмежаванага сацыяліста. Чаму так адбывалася? Ёсьць, натуральна, прычыны палітычнага характару, але сёньня мы зьвернемся да ўнутраных праблемаў беларускай гістарыяграфіі.

Досьвед нашых суседзяў, якія дасягнулі посьпехаў і ў дасьледаваньнях і ў навучаньні, падказвае, што нельга зьмешваць навуковае і асьветнае. Гісторыкі працуюць у сваіх закрытых лябараторыях, а публіка любуецца помнікамі і яркімі жыцьцярысамі сваіх нацыянальных герояў, імёны і ўчынкі якіх дзеці завучваюць у школах.

Вось паказальны літоўскі прыклад. Пакуль нашыя дасьледчыкі шукалі кансэнсусу зь іхнымі на розных сустрэчах і канфэрэнцыях, патрабуючы прызнаць беларускую мову дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім, іхныя пісалі сваё. Урэшце ў іх выйшлі дзясяткі кніг, а ў нас утварылася паўза, бо, не расставіўшы кропкі над «і» ў літоўскай гісторыі, яны не маглі прыступіцца да свайго. Цяпер ясна, хто выйграў, а хто прайграў.

Літоўцы вельмі ўдала выкарыстоўваюць распадзел на навуку і асьвету, дасягаючы выразных ідэалягічных мэтаў. Яны паказваюць веліч літоўскае гісторыі і адначасова прытарноўваюць яе да сучасных, знаёмых рэаліяў. Напрыклад, у пытаньні старажытнай сталіцы існуе дуалізм — наш Наваградак і іхная паўмітычная Кярнава. Навука займаецца Наваградкам, але калі дзіця ў школе назаве першай сталіцай Кярнаву, усё будзе ў парадку. У выніку ствараецца ўражаньне, што Літва была некалі ад мора да мора, а што да канкрэтыкі, дык уся яна — пад бокам, а не ў малазнаёмай Беларусі, дзе ідэнтыфікаваць на месцы што-небудзь з сучаснай Літвой цяжка.

Або той самы прыклад з князем Яўнутам, які паводле беларускай вэрсіі ўцёк у Маскву, вярнуўся праваслаўным Іванам і атрымаў Заслаўе. Паводле літоўскіх падручнікаў, ён уцёк у Польшчу, а па вяртаньні асеў у Троках. Усё адбывалася пад бокам.

Дадайце да гэтага, што ў Беларусі пра таго Яўнута паспаліты чалавек і ня чуў ніколі, а ў Літве гэта агульнавядомы гістарычны пэрсанаж.

Для паўнаты карціны згадаю яшчэ і польскі варыянт папулярнай гісторыі. Напрыклад, эпізод пра 17 верасьня, якому сёлета споўнілася 60 гадоў.

З гэтай нагоды варшаўская «Polityka» напісала наступнае:

«17 верасьня 1939 г. Чырвоная армія не ўступала на польскую тэрыторыю як нэўтральная сіла, бо зараз жа пачаліся расстрэлы і дэпартацыя цэлых масаў палякаў. Расейцаў шакуе параўнаньне іх зь нямецкімі агрэсарамі. Сучаснае пакаленьне немцаў таксама ня мае нічога агульнага з гітлераўскімі злачынствамі, але прынамсі яны ўрачыста і афіцыйна перапрасілі ад імя Нямеччыны за тыя злачынствы. Расейскія ўлады ня толькі ня хочуць згадваць пра ніякія кампэнсацыі польскім ахвярам, але нават шкадуюць палякам тых сымбалічных словаў праўды. Асобныя высакародныя расейцы нешта ведаюць пра польскія крыўды, большасьць жа нічога пра іх і ня чула».

Так адбываецца таму, што ў расейскай гістарычнай міталёгіі гэта быў «вызваленчы паход». Вызвалялі нас, беларусаў, дакладней заходніх беларусаў ад польскіх паноў. І тыя масы рэпрэсаваных, пра якія піша «Polityka» — гэта найперш тыя самыя вызваленыя беларусы.

Афіцыйная трактоўка беларускай гістарыяграфіі кажа пра тыя падзеі як пра ўзьяднаньне дзьвюх частак аднаго народа. Гэта безумоўна плённы для нацыятворчага працэсу міт. Навуковая ж вэрсія цалкам зь ім разыходзіцца. Паколькі гэтыя падзеі задумляліся і тварыліся не беларусамі, дык гэта была савецкая акупацыя акупаваных перад тым Польшчай беларускіх земляў.

Гэты прыклад яскрава дэманструе, як могуць і мусяць быць разьведзеныя беларуская гістарыяграфія і беларуская гістарычная міталёгія. Але якраз такога разводу ў нас не адбываецца. Дзеяньні гісторыкаў у выніку гэтага выглядаюць самаедзтвам.

Трапяткое стаўленьне нашых гісторыкаў да гістарычных фактаў у папулярных жанрах сьведчыць пра маладосьць і слабасьць беларускай гістарычнай навукі. У выніку нічога не напрацоўваецца ў грамадзкай сьвядомасьці, а шчырае шуканьне праўды адбіваецца адваротным вынікам. То нехта бярэцца абвяргаць вартасьць Скарыны: маўляў, мова ягоных кніг не была беларускай. Або апошні прыклад — інтэрвію Кастуся Тарасава пра Аршанскую бітву, якая, паводле пісьменьніка, ня мела значэньня і на нашым баку была прадстаўленая беларусамі толькі напалову.

Для масавае сьвядомасьці сымбалі важнейшыя за значэньні. І бітва пад Воршай 1514 году апошнім часам сапраўды пачала станавіцца сымбалем менавіта беларускае перамогі, а не кааліцыйнай, як, напрыклад, Грунвальд. Ні палякі, ні літоўцы, ні нават расейцы нашых продкаў пад Грунвальдам і ня згадваюць. Хоць значэньне бітвы ў нашай мінуўшчыне ад гэтага ня меншае. Што да бітвы пад Воршай, дык яна мяняе стэрэатып пра тое, што для беларусаў разам з расейцамі галоўным агрэсарам заўсёды была Нямеччына. Бо пад Воршай беларусы разграмілі якраз расейскае войска.

Схема, якая добра працуе ў так званых разьвітых краінах, такая. Гісторыкі распрацоўваюць гістарычныя тэмы, а ў школьных падручніках пішуць прыгожыя казкі, якія мусяць выхоўваць любоў да свайго і гонар за краіну. А несупадзеньне гэтых дзьвюх плыняў дае падставу для сэнсацыйных артыкулаў у прэсе, якія найлепшым чынам абуджаюць цікавасьць публікі да гістарычных ведаў. Вось Сусаніна як такога не было — піша газэта. Хто не прачытае такі артыкул? Або пра тое, што Мінін і Пажарскі былі звычайнымі афэрыстамі. Зразумела, што такі матэрыял, падмацаваны фактамі рэальнай гісторыі, выкліча ўсеагульную цікавасьць. Але вынікам ня стане знос помніка на Краснай плошчы ў Маскве. Вынікам стане ажыўленьне ў памяці шырокае публікі гістарычных зьвестак. Прынамсі, лішні раз людзі згадаюць, хто зь іх быў князь, а хто грамадзянін.

Тут у значнай ступені адказ на вышэй пастаўленае пытаньне, чаму кожны літовец ведае пра князя Яўнуціса, і чаму ніводзін паспаліты беларус ня скажа, хто такі быў Яўнут. Бо з усёй схемы гістарычных ведаў у нас найбольш плённа працуе апошні аспэкт — сэнсацыйнае абвяржэньне таго, што толькі зачапілася за чалавечую памяць. Працягваецца даўняя савецкая традыцыя, трапна вызначаная ў вершы беларускага школьнага клясыка Міхася Чарота:

Трынаццатай песьняй прарочу
Беларусі лапцюжнай славу.
Беларусь болей слухаць ня хоча
Пра Рагнеду і Ізяслава.

 Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0