Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Адамовіч Я. Гармонія абставінаў — гармонія душы: Беларускае апавяданьне 50—60-х гадоў. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 159 с. — Наклад 800 ас. ISBN 985-08-0228-6

 

Беларусы: У 8 т. Т. 3: Гісторыя этналягічнага вывучэньня / В.Бандарчык; Iнстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру імя К.Крапівы НАНБ; Рэдакцыйная калегія: В.Бандарчык, М.Піліпенка, А.Лакотка. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 365 с.: іл. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-08-0283-9

 

Раней у гэтай сэрыі выйшлі «Прамысловыя й рамесныя заняткі» й «Дойлідзтва». Трэцяя кніга прысьвечаная вывучэньню побыту й культуры нашага народу ад канца ХVIII ст. да сёньня. Кніга разьлічаная на шырокае кола чытачоў. Цана 300 з гакам тыс. — для гэткае таміны няшмат.

Быкаў В. Знак бяды: Аповесьці. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 478 с. (Беларуская проза ХХ ст.). — Наклад 3250 ас. ISBN 985-02-0494-Х

 

Празь пяць гадоў па выхадзе «Збору твораў у шасьцёх тамох» дзяржаўнае выдавецтва выпусьціла чарговую кнігу клясыка. Сэнсацыя — самы выхад кнігі. Яна шыкоўна аформленая: цьвёрдая вокладка, на брунатным тле — абведзеная ў залатую рамку рэпрадукцыя фрагмэнту карціны Фэрдынанда Рушчыца «Зямля»... Ажно меў, мусіць, рацыю Зьміцер Бартосік, які нядаўна ў «НН» пісаў, што «гэты том — апошні, так бы мовіць, плён супрацоўніцтва згаданага дзяржаўнага выдавецтва й самага вядомага беларускага пісьменьніка». Рэч у тым, што ў тэматычным пляне «Мастацкай літаратуры» на 2000 год твораў Васіля Быкава няма. Цана кнігі 700 тыс. рублёў.

Васюковіч Л., Яленскі М. Мэтодыка выкладаньня беларускае мовы ў сярэдняй школе. Практыкум: навучальны дапаможнік. — Менск: Унівэрсытэцкае, 1999. — 176 с. — Наклад 5000 ас. ISBN 985-09-0281-7

 

Паміж іншым, у кнізе публікуюцца навучальныя праграмы беларускае мовы з 1926 і 1935 гадоў — для параўнаньня з днём сёньняшнім: што мы за гэты час страцілі, а што набылі.

Кабашнікаў К. Малыя жанры беларускага фальклёру ў славянскім кантэксьце / Iнстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру імя К.Крапівы НАНБ. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 188 с. — Наклад 600 ас. ISBN 985-08-0231-6

 

Сувязі беларускага фальклёру з творчасьцю палякаў, расейцаў, славакаў, сэрбаў і ўкраінцаў на грунце малых жанраў — прыказак, прымавак і загадак. Цікава, чым кіраваўся аўтар, калі браў дзеля параўнаньня толькі пэўныя славянскія народы?

Мая Радзіма — Беларусь: Атляс. Навучальны дапаможнік для 4-е клясы агульнаадукацыйнае школы зь беларускаю й расейскаю мовамі навучаньня. — Менск: Менская фабрыка каляровага друку, 1999. — Наклад 80000 ас.

 

Гэты атляс — дадатак да аднайменнага падручніка-ўводзінаў у родную гісторыю. Што цікава, дык тое, што пасьля паўстаньня Касьцюшкі ідзе мапа ваенных падзеяў 1812 г., а за ёю адразу БССР і вялікая айчынная вайна. Калі раней у кнігах прагалам была сярэднявечная гісторыя, дык цяпер — сучасная.

Музычны слоўнік беларуска-расейскі. Музыкальный словарь русско-белорусский / Аўтары-складальнікі: Г.Куляшова, Т. Мдзівані, Н.Юшчанка ды інш.; Навуковая рэдакцыя: Г.Куляшова, Л.Антанюк. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 599 с.: нот. іл. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-08-0211-1

 

Аўтары ўважаюць, што гэта «першая ў Беларусі спроба зборнага й сыстэматычнага выкладу зьвестак з розных галінаў музычнае культуры й мастацтва ў беларускай і расейскай мовах, распрацаваньня і ўпарадкаваньня музычнае тэрміналёгіі». Між тым, у сэрыі «Беларуская навуковая тэрміналёгія» ў 1926 годзе выйшаў слоўнікавы выпуск «Музычныя тэрміны», апрацаваны Юльянам Дрэйзіным, абыймо якога ахапляла тэарэтычныя веды з усіх галінаў музыкі, апроч новых на той час тэорыяў.

Пашкоў Г. Палескія вандроўнікі: Лірычна-дакумэнтальны дзёньнік. — Менск: Полымя, 1998. — 208 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-07-0248-6

Песьціс В. ды інш. Практыкум у кармленьні сельска-гаспадарчых жывёлаў: Вучэбны дапаможнік / В.Песьціс, А.Салдаценка, М.Яцка. — Менск: Ураджай, 1997. — 198 с. — (Навучальныя дапаможнікі для сярэдніх спэцыяльных сельска-гаспадарчых тэхнікумаў). — Наклад 1000 ас. ISBN 985-04-0194-Х

 

Пралеска: Хрэстаматыя для дзіцячага садка й пачатковае школкі / Укладаньне А.Сачанкі. — Менск: Выдавец Ул.Cкакун, 1997. — 704 с. — Наклад 15000 ас. ISBN 985-6235-08-1

 

Сярод хрэстаматыяў гэтая адметная сваёю моўнаю стракатасьцю — расейска-беларускаю мяшанкаю дзіцячых твораў. Цяпер усё часьцей на кніжным рынку зьяўляюцца гэткія гермафрадыты. І гэты штучна створаны білінгвізм усё ж не на карысьць беларушчыны. Уражаньне, быццам беларускія вершыкі зьмешчаныя «для віду», быццам «у нас нікога не ўціскаюць». Мізэрная колькасьць прыгожых дзіцячых кніг з малюнкамі ў беларускай мове — балючая праблема.

Сутула Г. Сьлед на вечным гасьцінцы. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 80 с. — Наклад 500 ас. ISBN 985-6318-50-5

 

Тэатар лялек: Дапаможнік для выхавальных дашкольных установаў / Пад рэдакцыяй А. Лозкі. — Менск: Полымя, 1998. — 203 с.: іл. — Наклад 2400 ас. ISBN 985-07-0235-4

Альгин Б., Белов С., Харитонович В. Тракторы «Беларусь» — гордость державы Беларусь. Развитие, события, люди / Прадмова М.Сьлюнькова. — Менск: Беларускае выд. тав. «Хата», 1998. — 280 с.: табл., іл. — Наклад 2600 ас. ISBN 985-6007-47-Х

Бордович А. ды інш. Сопоставительный курс русского и белорусского языков: Учебное пособие / А.Бардовіч, А.Гіруцкі, Л.Чарнышова. — Менск: Унівэрсытэцкае, 1999. — 223 с. — Наклад 200 ас. ISBN 985-09-0276-0

 

Тэарэтычныя зьвесткі пра агульнае й адметнае ў сыстэме расейскай і беларускай моваў, асаблівасьці культурна-гістарычнага аспэкту фармаваньня беларуска-расейскага дзьвюхмоўя. Кніга скіраваная на паказ не адрозьненьняў паміж беларускай і расейскай мовамі, а — падабенстваў паміж імі.

Ловчий М. Экологический анализ структуры и продуктивности сосновых лесов Беларуси. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 263 с. — Наклад 300 ас. ISBN 985-08-0275-Х

 

Письма к живым: Дайджест газеты «Набат». — Менск: БелСаЭС «Чарнобыль», 1999. — 464 с. — Наклад 3000 ас.

 

Кнігу склалі друкаваныя ў газэце «Набат» на працягу апошніх гадоў артыкулы на чарнобыльскую тэму. Мае дадатак з фотаздымкамі.

Чытаў кнігі Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0