Знакам тым

Вольга КАРАТКЕВІЧ

Назаві яго нацыяй

 

Кажуць, што выкладчыца філфаку БДУ Люба Тарасюк пад час іспытаў па бел. літ. вывешвала на дзьвярах надпіс «Выраз «просты беларускі народ» — забаронены». Беларускі народ не заўжды просты, а ступень простасьці залежыць ад долі дамешку крыві — расейскай, польскай, татарскай, жыдоўскай. Часам здаецца, што дзеці міжнацыянальных шлюбаў больш за чыстых беларусаў дбаюць пра культуру гэтай зямлі і хочуць захаваць краіну.

Адзін таксіст на маю крытычную заўвагу, што беларусы не такія ўжо талерантныя, выбухнуў нацыянальнай годнасьцю: «Мала вас, жыдоў, адсюль Лукашэнка павыганяў».

Беларусы любяць прыбядняцца, адчуваюць нездаровую цікавасьць да праблемаў іншых. Часта назірала, як людзі ўсьміхаюцца, гледзячы з тралейбуса на аварыю і пабітую машыну. Тут любяць таксама апэраваць стэрэатыпамі. Каляровыя цывілізацыйныя штучкі беларусы разглядаюць з доляй падазрэньня ці раздражненьня. Мяне пераконвалі, што ў Гішпаніі ня ведаюць пра існаваньне «Галіны Блянкі». Аказалася, ведаюць і нават у жоўценькіх пакетах прадаюць засушаныя пельмені. Наш пуставаты «Макдональдз», у пагаршэньні эканамічнай сытуацыі невінаваты, стратэгічна выкарыстоўваецца для крытыкі Захаду і нібыта зьвязанай зь ім апазыцыі. «Знамя юности» напісала пра пікет Хартыі '97 у падтрымку Маршу Свабоды 17 кастрычніка. Пікет быў праведзены ў навязаным уладамі месцы дысьлякацыі апазыцыйнага мысьленьня — ля «Макдональдзу» на плошчы Бангалор, а газэтка выслужылася: «Сетка буржуазных рэстаранаў «Макдональдз» адмовілася браць удзел у конкурсе для студэнтаў, прапанаваным нашай газэтай, і выдзеліць пераможцам сякі-такі гамбургер… Затое з радасьцю прымае бясплатны «прамоўшн» ад беларускай апазыцыі. Ясна: простаму народу й гамбургер не па зубах, і да лёзунгаў бела-чырвоных справы няма — бульбы б на зіму купіць…»

Зьнікненьне ў краіне людзей для простых беларусаў нішто ў параўнаньні з хваляй тэрарызму ў Расеі. А Лукашэнка праект дамовы аб беларуска-расейскай дзяржаве назваў «пасьмешышчам». І цынічна параўнаў: «Мяне там бамбяць з Масквы, як тую Чачню…»

Беларускі народ умее перажываць акупацыі. Працяглыя, як расейская, балючыя, як прарасейская, ганебныя, як Мікалаеўка. Зрэшты, на маё бясконцае «народ» калега ўжо зрабіў заўвагу: «Назаві ты яго нацыяй…»


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0