Лісты ў рэдакцыю
Пастка для грамадзянскай супольнасьці
Увесь год грамадзяне, аб’яднаныя ў прафсаюзы, грамадзкія арганізацыі, даказваюць, што яны існуюць — што ў сапраўднасьці аб’яднаныя ў арганізацыі, што колькасьць сяброў у пярвічных структурах гэтых арганізацыяў адпавядае патрабаваньням дэкрэту №2. Калі ж кіраўнікі грамадзкіх арганізацыяў ня выканаюць усіх патрабаваньняў, то іх грамадзкая дзейнасьць будзе па-за межамі закону. Працэсам перарэгістрацыі кіруе спэцкамісія на чале з У.Замяталіным, і рашэньні камісіі не падлягаюць абскарджваньню ні ў якой судовай інстанцыі. Спэцкамісія проста выдае рэкамэндацыі для Мінюсту. Менавіта яна вырашае, адмовіць у рэгістрацыі ці не адмаўляць.
Але адмова ў рэгістрацыі падасца дробязьзю ў параўнаньні з тым, калі «генэралы» грамадзкіх арганізацыяў застануцца без «салдатаў» — нізавых структураў. Менавіта на гэта накіравана бюракратычная машына: паставіць базавыя структуры на мяжу закрыцьця. Дзеля гэтага падрыхтавана пастка пад назвай «юрыдычны адрас», безь якога рэгіянальную структуру не паставяць на ўлік ва ўпраўленьні юстыцыі і ў райвыканкаме. Да дэкрэту было па-эўрапейску проста: чалец арганізацыі прадстаўляў сваю хату пад юрадрас, зьвяраючы свой подпіс ва ўладальніка жыльля, — і праблема здымалася. Але цяпер, у адпаведнасьці з Жыльлёвым кодэксам, уведзеным з 1 ліпеня (вось дзе расстаўлена пастка), уладальнікі жыльля ня маюць права гэта зрабіць — глядзіце арт. 8 ЖК.
Цяпер кожны кіраўнік павінен знайсьці ўстанову, якая мае памяшканьне, гатовая прадставіць яго для сходаў і іншай статутнай дзейнасьці арганізацыі, а таксама пад юрыдычны адрас.
Калі праблема з юрадрасамі ня будзе зьнятая, то адназначна гэта будзе выкарыстана пад час выбарчых кампаніяў, калі партструктуры, што ня сталі на ўлік, ня змогуць удзельнічаць у выбарах: вылучаць прадстаўнікоў у камісіі, мець кандыдатаў, назіраць за выбарамі.
Гэтая праблема будзе й надалей актуальнаю для грамадзянскай супольнасьці. Шкада, што яе раней не адчулі кіраўнікі НДА і апазыцыі, бо менавіта ўвесь спэктар праблемаў перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў павінен быць першачарговы на кансультацыях з уладамі. Галоўнае зараз: ці не застанецца ў канцы году на кансультацыях з Лукашэнкам наша апазыцыйная генэральская дэлегацыя штабам бяз войска? Ва ўлады зараз ёсьць усе «юрыдычныя» магчымасьці зрабіць менавіта так.
Міхась Лагор, Гарадок