25 ГАДОЎ ТАМУ

 

1974. «Махровы застой»... Чарговая «пяцiгодка» пры «разьвiтым сацыялiзме»... Два крокi да камунiзму... З гледзiшча сучаснага юнака гэтыя фразы — ня больш, чым анахранічная тарабаршчына...

У «палiтычных» мардоўскiх лягерох яшчэ з сталінскіх часоў даседжваюць свае тэрмiны «ворагi народу». Тыя, хто выйшаў — пад пільным наглядам «органаў»... Рагулёўскi парашутыст Цiмох Вострыкаў, арыштаваны ў 1952-м, так характарызаваў 1974-ы: «У лягерох i турмах працавалi тыя самыя людзi, што i пры Сталiне... Там, за калючкамi, магло быць толькi паслабленьне рэжыму»...

Пратэстанцкі казанік Эрнст Сабіла, які вызваліўся з ГУЛАГу ў 69-м, у 74-м ужо вядзе набажэнствы па-беларуску. КГБ перасьледуе ягоную грамаду. «Вызваліўшыся, я толькі памяняў зоны — з «вузкай» на больш шырокую»...

Падобная сытуацыя ў Горадні, дзе нядаўні гулагавец Андрэй Данілаў утварае беларускую грэка-каталіцкую суполку...

«За рэлігію» ўжо амаль не саджаюць, але ствараюць рэальныя перашкоды ў жыцьці. Людзі працягваюць хрысьціць дзяцей, але ўпотайкі. Ці дазнаюцца ўлады — залежыць ад «бацюшкі»...

У 1974-м у Менску пачаўся так званы «акадэмiчны разгром». Камiсія маскоўскага ЦК выкрывала «нацыяналiстаў», што «заселi» ў Акадэмii Навук Беларусi. Пасьля публічнага ганьбаваньня ды звальненьня некаторых з кампартыі і працы, цяганьня на «гутаркі» ў КГБ сытуацыя паціху нармалізуецца. Праз год-другі амаль усе працягнуць сваю навуковую працу.

Як контракрок, зьяўляецца самвыдавецкая брашура Зянона Пазьняка пад псэўданiмам Генрых Ракутовіч. Гэты аналітычны агляд мае назву «Положение в Белоруси. 1974». «Политика лжи и насилия проводится репрессивными белорусскими властями в отношении интеллигенции Белоруси... Мы стоим ещё по горло в крови тридцатых годов»...

Тымчасам набягае новая хваля «нацыяналістаў». У Наваполацку КГБ «накрывае» самвыдавецкi часопiс студэнтаў палiтэху «Блакiтны лiхтар». Перад тым выйшла пятнаццаць нумароў. ГэБэ папужала «галоўных» В.Мудрова, В.Шлыкава, А.Рыбакова, Ул.Арлова... Але ў тым жа годзе ў менскiм БДУ студэнты-гiсторыкi занялiся падобнай справай: наладзiлi выхад самвыдавецкага часопiсу «Мiлавiца». Студэнты Ўл.Арлоў, Э.Зайкоўскi, Г.Кулажанка i iншыя за два наступныя гады выдадуць сем нумароў...

Сярэдзіна 70-х — час рэабілітацыі савецкіх «органаў». На кіна- і тэлеэкранах зьяўляюцца «штырліцы» ўсіх гатункаў.

Пра НКВД ня згадваюць. У СССР даўно ўжо няма «ворагаў народу», засталіся адзінкі-«адшчапенцы» ці «псыхічна хворыя»...

Адносна паваенных гадоў, жыць у БССР стала нашмат лепей. Праўда, слова «дэфіцыт» ужо набірае моцы й папулярнасьці. Але ж у Менску няма картак, як у расейскай глыбінцы. Менск «квітнее», «прыгажэе», «расьце»... «Горад-герой» урбанізуецца.

Беларусь — «узорная рэспубліка».

У 1974 годзе Вольга Корбут — чэмпіёнка сьвету.

Пры Гомельскай філярмоніі ствараецца ВІА «Сябры», пры Белдзяржфілярмоніі — ВІА «Верасы» і ансамбаль «Харошкі».

У Радашкавічах адкрываюць завод мастацкай керамікі, а ў Раўбічах — спартовы комплекс.

Адчыняюць менскі Інстытут культуры, вядомы як «Кулёк».

Ставіцца опэра «Тыль Уленшпігель».

Алесь Разанаў выдае паэтычны зборнік «Назаўжды», Раіса Баравікова — свой першы зборнік вершаў «Рамонкавы бераг», Уладзімер Караткевіч піша п’есу «Званы Віцебску», Яўгенія Янішчыц атрымлівае прэмію камсамолу Беларусі за зборнік лірыкі «Дзень вечаровы». Васілю Быкаву даюць дзяржпрэмію за напісаную годам раней аповесьць «Дажыць да сьвітаньня».

Гадуецца «патлатая» моладзь, якая слухае рок-н-рол, і тая, што «мчыцца на аленях» на БАМ...

Застаецца яшчэ пяць гадоў да Аўганістану, дванаццаць — да Чарнобылю, і цэлых дваццаць — да зьяўленьня першага прэзыдэнта.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0