Зь Беларусі за суботу й нядзелю

 

Тэлефон падаражэў

З учора падаражэў тэлефон: абанэнцкая плата за тэлефон, пераведзены на пагадзінную плату, пабольшае з 95 да 128 тысяч, а за непераведзены — з 153 да 206 тысяч. Цана хвіліны размовы па горадзе цяпер будзе 580 рублёў. Хвіліна размовы па Беларусі будзе каштаваць цяпер 6200 рублёў, з Польшчаю, Літвою, Латвіяй — 183 тысячы, з Расеяй — 174, з Украінай — 147, зь Сібірам — 214, зь Нямеччынай — 210, з Амэрыкай — 650, з Ізраілем — 764 тысячы. Амаль у 2,5 разы даражэюць тэлеграмы. Плата за радыёкропку павышаецца ў 2 разы. З 15 кастрычніка даражэе праезд прыгараднымі аўтобусамі на 44% і электрычкамі — у 2,5 разы.

 

Лябедзька й Домаш у Бэрліне

Дэлегацыя Вярхоўнага Савету ў складзе гэтых двух дэпутатаў выправілася ўчора ў Бэрлін на сэсію сусьветнага Міжпарлямэнцкага зьвязу. У трох папярэдніх сэсіях гэтай установы з-за моцнага прэсынгу Расеі ўдзел бралі прадстаўнікі Лукашэнкавых палатаў. На рашэньне Міжпарлямэнцкага сходу запрасіць дэпутатаў законнага парлямэнту паўплывала тое, што прадстаўнікоў зьвязу не дапусьцілі прыехаць у Менск і сустрэцца з дэпутатамі-палітвязьнямі.

 

Праўдзівае мастацтва

7 кастрычніка ў Віцебску ля Ратушы нехта высака прыладзіў велічэзны плякат, на якім быў намаляваны вядомы ў Беларусі вусаты дзядзька з абгладанымі косьцьмі ў роце. Надпіс тлумачыў: “Шклоўскія Дажынкі-99”. Гэты нацюрморт, разьмешчаны акурат над сядзібай дырэкцыі “Славянскага базару”, улады заўважылі толькі раніцай у пятніцу. Здымалі «супавы набор» пажарныя.

Зь Віцебску — Юрась Карпаў

 

У Берасьці забаранілі ўкраінцаў

У Берасьці расьце крыўда ў шэрагах мясцовых украінскіх арганізацыяў. Пад час перарэгістрацыі замяталінская камісія адмовіла і суполцы «Просвіта», і Ўкраінскаму грамадзка-культурнаму таварыству. Падставаў ніякіх не назвалі, аднак усім ясна: Лукашэнка даў каманду не дапусьціцца зьяўленьня свайго Косава ў Беларусі. Перажываюць людзі ня так з-за арганізацыяў — можна і без рэгістрацыі існаваць — як з-за таго, што цяпер мусіць будзе спыніць існаваньне тыднёвік «Берестейський край», выдаваны «Просвітой», а ў УГКТ забяруць пакойчык, у якім можна было зьбірацца (сходы ў абласной бібліятэцы забароненыя даўно). Магчымасьцяў для легальнай украінскай дзейнасьці ў Берасьці фактычна не застаецца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0