«Мітынг Свабоды»

На пытаньні пра акцыю 17 кастрычніка адказвае Вінцук Вячорка

 

— Каму належыць ідэя «Маршу Свабоды»?

— Ідэя прыйшла ў галаву адначасова некалькім палітыкам. Падставы для гэтага былі відавочныя: з аднаго боку, гэта нелегітымнасьць Лукашэнкі і ягонага ўраду, а з другога — тое, што ўлады з-за сваёй псыхалёгіі ўяўна не жадаюць ісьці на сапраўды канструктыўныя і плённыя перамовы з апазыцыяй. А цяпер яшчэ да ўсяго гэтага дадалася спроба Лукашэнкі пазбавіць Беларусь дзяржаўнасьці і далучыць яе да Расеі. Таму мы вырашылі, што народ павінен сам выйсьці на вуліцу і паказаць, чаго ж ён насамрэч хоча і на што ён варты.

 

— Дзе і калі была дасягнутая дамоўленасьць?

— Гэта адбылося ў апошні дзень лета ў Астрашыцкім Гарадку, дзе рашэньне пра восеньскі Марш было прынятае сямю палітыкамі больш ці менш аднаго пакаленьня: Алесем Бяляцкім, Віктарам Івашкевічам, Анатолем Лябедзькам, Паўлам Данейкам, Міколам Статкевічам, Зьмітром Бандарэнкам і мною. Нас аб’ядноўвае ня толькі ўзрост, але й агульныя мэты: дэмакратыя, незалежнасьць, беларускасьць. Мы пакінулі ў баку ўсе свае амбіцыі, забыліся на адрозьненьні ў праграмах, бо, відавочна, ня гэта зараз галоўнае.

 

— Ці ня станецца той саміт беларускай Вялікай Сямёркі падставай для ўтварэньня агульнага палітычнага блёку?

— Па-першае, рашэньне аб акцыі было прынятае сямю палітыкамі, а заяву ў Мінгарвыканкам падпісалі ўжо 22 чалавекі, і я спадзяюся, што ў выпадку пасьпяховага выніку нашае задумы да нас далучацца і іншыя палітычныя сілы.

Па-другое, мы сьвядома ўнікалі такой трактоўкі, як фармаваньне нейкага новага палітычнага аб’яднаньня. Мы проста людзі аднаго пакаленьня, людзі, якія хочуць знайсьці альтэрнатыву састарэлым мэтадам. Але, у прынцыпе, калі мы здолеем удала правесьці шэраг акцыяў, узмацніўшы каардынацыю нашай супольнай працы, можа зайсьці гаворка пра пэўную кааліцыю, зьвяз, палітычны блёк, калі хочаце.

 

— Дзе былі ўзятыя сродкі на агітацыйную кампанію?

— Часткова гэта ахвяраваньні беларускіх бізнэсоўцаў, а часткова — свае грошы. Дый якая там агітацыйная кампанія? Журналісты пішуць пра Марш па собскім жаданьні, а шэрага колеру ўлёткі і наклейкі — колькі яны там каштуюць? Ну, а іхнае распаўсюджваньне — гэта маральны абавязак саміх прыхільнікаў нашых арганізацыяў.

 

— Напярэдадні Маршу былі зачыненыя «Навіны», «Беларуская Маладзёжная», канфіскаваная маёмасьць «Вясны-96»... Ці можна чакаць, што на гэтым тыдні з боку ўладаў будуць прынятыя яшчэ больш жорсткія рэпрэсыўныя захады?

— Безумоўна, такі ўжо ў нас рэжым. Улады зробяць усё, каб перашкодзіць правядзеньню «Маршу Свабоды». Але, нягледзячы ні на што, ён адбудзецца. Ужо дасягнутая дамоўленасьць з мэрыяй, нам, праўда, дазволілі правесьці толькі мітынг, але нам і гэтага дастаткова.

 

— БНФ заўжды выступаў супраць так званых правакатараў, якімі, насамрэч, зьяўляюцца маладыя людзі, што жадаюць змагацца ў літаральным сэнсе. Ці ня ёсьць памылкай такая вашая пазыцыя і ці ня трэба зрабіць так, каб «Малады Фронт» кінуў звычку пераходзіць вуліцу на зялёнае сьвятло пад час акцыяў, матывуючы гэта тым, што «мы ж эўрапейцы»?

— Справа ня ў тым, што моладзь ня ходзіць на акцыі, бо там няма боек. Проста ўлады ў свой час ужылі ўсе сродкі, каб прышчапіць людзям страх, каб яны не хадзілі на мітынгі. Таму для нас вельмі важна вывесьці гэтых самых людзей на вуліцы ізноў. Я добра разумею памкненьні моладзі, але трэба браць пад увагу тое, што гэта акцыя, у якой возьмуць удзел усе пласты насельніцтва, і для большай часткі людзей радыкалізацыя прыходзіць толькі тады, калі няма ўжо іншага выйсьця, калі не стае іншых сродкаў для выхаду палітычных эмоцыяў.

 

— А што далей, пасьля Маршу?

— Усё залежыць ад вынікаў. Калі прыйдуць 100 тысяч чалавек, як мы плянуем, дык у нас ёсьць некалькі варыянтаў разгортваньня нашай дзейнасьці, а калі нават і ня прыйдзе столькі, усё адно, я лічу, што галоўнае, каб прыйшлі сьведамыя людзі і каб сказалі сваё слова, паказалі, на што яны здольныя.

 

— Што канкрэтна будзе на Маршы?

— Ён будзе праходзіць па сцэнары югаслаўскіх акцыяў 96–97 гадоў. На мітынгу будзе шмат гепэнінгаў, будуць пастаўленыя сцэнарныя знаходкі нашых аўтараў, будзе канцэрт. Акцыя набудзе міжнародны кантэкст, бо на яе запрошаныя замежныя госьці, прадстаўнікі замежных дыпляматычных місіяў. Але расказаць аб нейкіх канкрэтных пунктах праграмы я пакуль не магу, адно скажу: прыходзьце, будзе цікава.

Гутарыў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0