Кроніка бягучых падзеяў

 

Надрукавалі праект дамовы з Расеяй

Міністар па справах СНГ Расеі Леанід Драчэўскі патрапіў пад час нядаўняга візыту ў Менск угаварыць А.Лукашэнку ўсё ж надрукаваць праект «саюзнай дамовы», хоць той ня надта падабаецца Лукашэнку. Дамова прадугледжвае стварэньне наднацыянальных органаў улады — «вышэйшага дзяржаўнага савету», «саюзных» ураду й дзьвюхпалатнага парлямэнту, «падлiковай палаты» й «суду саюзу». Мяркуецца, што ў будучым нiжняя палата «саюзнага» парлямэнту будзе абiрацца насельнiцтвамi Беларусi й Расеi: 28 дэпутатаў ад Беларусi й 75 — ад Расеi.

Але да правядзеньня хаўрусных парлямэнцкiх выбараў «саюзны» парлямэнт будзе складацца з дэпутатаў, накiраваных нацыянальнымi парлямэнтамi. Прапанаваны дакумэнт не адрозьнiваецца да папярэднiх праектаў, але пэўныя зьмены ўсё ж ёсьць — у арт.16 да выключных паўнамоцтваў «саюзу» дадалося кiраваньне рэгiянальнай беларуска-расейскай вайсковай групоўкаю. Згодна з арт.26 у «саюзнай» дзяржаве будуць дзейнiчаць адзiныя прынцыпы спагнаньня падаткаў. У арт.27 i 28 вельмi жорстка дэкляруецца ўнiфiкацыя мытнай i гандлёвай палiтыкi, а ў артыкуле 29 размова йдзе аб аб’яднаных энэргетычнай, транспартнай i тэлекамунiкацыйнай сыстэмаў.

У праграме дзеяньняў этапы iнтэграцыi расьпiсаныя па гадох. Найбольш важныя зь iх:

2001 год — дасягненьне роўных умоваў для эканамiчных суб’ектаў абедзьвюх краiнаў;

2002 год — завяршэньне фармаваньня адзiнае мытнае прасторы, прыняцьцё падатковага кодэксу «саюзу»;

2005 год — увядзеньне адзiнае валюты.

Хаця ў апошнiм пытаньнi памiж бакамi захоўваюцца супярэчнасьцi... Сам сабою тэкст дамовы мала чым адрозьнiваецца ад таго, што было падпiсана Ельцыным i Лукашэнкам раней. Усё тыя ж фразы пра «няўхiльнае выкананьне свабодаў i правоў чалавека», пра «ўмацаваньне мiру i ўзаемавыгоднага супрацоўнiцтва ў Эўропе». Ёсьць, аднак, забойчая розьнiца — у дамове гаворыцца менавiта пра адзiную дзяржаву.

А ў мэтах ажыцьцяўленьня адзiнае палiтыкi ў галiне абароны й ваеннага будаўнiцтва ўжо ў наступным, 2000 годзе, плянуецца прыняць адзiную ваенную дактрыну «саюзнае» дзяржавы, стварыць рэгiянальную групоўку войскаў, сфармаваць адзiны абаронны заказ.

 

 

Пасольства Злучаных Штатаў зьвярнулася ў МЗС Беларусi са скаргаю на дзеяньнi беларускiх праваахоўных органаў, якiя 4 кастрычнiка ў часе ператрусу сканфiскавалi ў Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» кампутары й друкаркi. Частка аргтэхнiкi зьўляецца амэрыканскай уласнасьцю й была перададзеная Праваабарончаму Цэнтру ў карыстаньне.

Мiлiцыя адмаўляецца вяртаць кампутары на той падставе, што зараз яны праходзяць «экспэртызу». Што гэта за «экспэртыза», мiлiцыянты паведамляць адмаўляюцца. Валянцiн Стэфановiч, юрыст «Вясны», сьцьвярджае, што гэта таксама зьяўляецца парушэньнем беларускага заканадаўства, бо файлы кампутараў — прыватная iнфармацыя. I каб iх прагледзець, праваахоўным органам трэба спачатку атрымаць санкцыю пракурора.

Паводле апошніх зьвестак, кампутары мусілі вярнуць сёньня.

 

 

5 кастрычніка падатковая iнспэкцыя запатрабавала закрыцьця незалежнага штотыднёвiка «Беларуская маладзёжная», скiраваўшы адпаведны лiст у Дзяржаўны камiтэт па друку…

Яшчэ не пасьпеў высахнуць атрамант на паперы наконт закрыцьця газэты «Навiны», як на мяжы закрыцьця апынуўся штотыднёвiк «Беларуская маладзёжная» зь 5-тысячным накладам. Галоўны рэдактар газэты Тацяна Мельнiчук паведамiла, што з iнiцыятываю закрыцьця выданьня выступiла падатковая iнспэкцыя Фрунзэнскага раёну Менску, якая скiравала адпаведны лiст у Дзяржаўны камiтэт па друку. Галоўны рэдактар «Беларускай маладзёжнай» Т.Мельнiчук заявiла, што калi газэта ўсё ж будзе зачыненая, дык выданьне зарэгiструецца пад новай назваю. Пакуль рэдакцыя рыхтуецца да горшага.

 

 

4 кастрычніка iнфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзiлi заяву праваабарончай арганiзацыi «Amnesty International», паводле якой пяць грамадзянаў Беларусi абвешчаныя патэнцыйнымi вязьнямi сумленьня…

У заяве «Amnesty International» зьвернутая ўвага на тое, што пасьля некалькiх мiрных дэманстрацыяў, што адбывалiся апошнiм часам у Беларусi, супраць некаторых дзеячоў апазыцыi былi распачатыя крымiнальныя справы. У гэтай сувязi называюца iмёны старшынi Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыi «Народная Грамада» Мiколы Статкевiча, журналiсткi Iрыны Халiп, прэзыдэнта фонду «Праўная дапамога насельнiцтву» Алега Воўчака, адвакаткi Веры Страмкоўскай, актывiста БНФ Яўгена Асiнскага. «Amnesty International» прыйшла да высновы, што «ўлады зьбiраюцца запалохаць вiдных апазыцыянэраў ды пакараць iх за актыўную антыўрадавую дзейнасьць».

Мiжнародная амнiстыя адзначае, што супраць гэтых людзей не былi вылучаныя нiякiя канкрэтныя абвiнавачаньнi. Аднак, бальшыню з названых асобаў неўзабаве чакае суд. У сувязi з гэтым «Amnesty International» абвяшчае сваю гатовасьць назваць гэтых асобаў вязьнямi сумленьня, калi беларускае правасудзьдзе прызнае iх вiнаватымi».

 

 

8 кастрычніка афіцыйны Менск праігнараваў нараду кіраўнікоў урадаў краінаў СНГ і паседжаньне міністраў замежных справаў СНГ, што распачаліся сёньня ў Ялце. У Крым зьехаліся прадстаўнікі ўсіх краінаў Садружнасьці за выняткам Беларусі.

Афіцыйная вэрсія адсутнасьці на сёньняшняй сустрэчы беларускага прэм’ера Сяргея Лінга й міністра замежных справаў Урала Латыпава гучыць сымптаматычна: «У сувязі з надзвычай важнымі ўнутрыдзяржаўнымі мерапрыемствамі».

Афіцыйныя тлумачэньні гучаць як мінімум непераканаўча. На карысьць той вэрсіі, што афіцыйны Менск праігнараваў ялцінскую сустрэчу, гаворыць той факт, што замест Лінга і Латыпава, якія «надзвычай занятыя», туды не паехаў ніхто.

Сярод матываў такіх дзеяньняў называецца надзвычайная крыўдлівасьць беларускага лідэра, якога, нагадаю, месяц таму дэманстратыўна не запрасілі на канфэрэнцыю прэзыдэнтаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну, што праходзіла ва Ўкраіне. Цяперашні дэмарш афіцыйнага Менску стаў своеасаблівым «адказам Кіеву».

Сытуацыя з ігнараваньнем беларусамі ялцінскае нарады ілюструе тую лёгкасьць, зь якой афіцыйны Менск псуе дачыненьні цяпер ужо ня толькі з Захадам, але й з бліжэйшымі суседзямі. Самаізаляцыя стала той цаною, якую Беларусь вымушаная плаціць за крыўды свайго лідэра.

Агляд падрыхтаваў Зьміцер Снапкоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0