Лісты ў рэдакцыю

 

***

22 кастрычніка старшыні Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады спадарыні Раісе Жук-Грышкевіч спаўняецца 80 гадоў.

Спн. Раіса нарадзілася ў 1919 годзе ў Пружанах у сям’і патомных земляробаў Надзеі і Міколы Жукоўскіх. Бацька яе заўжды зазначаў ёй, што яго продкі ніколі не былі прыгоннымі, а «заўсёды былі гаспадарамі». Дзед сьпяваў рэлігійныя гімны зь беларускага ўніяцкага малітоўніка.

У 1938 годзе яна паступіла на юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, стала сяброўкай Беларускага Студэнцкага Саюзу. Пад час нямецкае акупацыі, у 1942 годзе, Раісу разам са старэйшай сястрой Валянцінай вывезьлі на работы ў Нямеччыну. Толькі праз паўстагодзьдзя, прыехаўшы на Першы зьезд беларусаў сьвету, яна змагла зноў пабачыць Беларусь.

У 1953 годзе спн. Раіса зьвязала сваё жыцьцё зь Вінцэнтам Жук-Грышкевічам, будучым прэзыдэнтам Рады БНР. Яны цалкам аддавалі сябе грамадзкай працы дзеля Беларусі. Спн.Раіса была сакратаром, рэфэрэнтам па культуры, старшынёй Згуртаваньня Беларусаў Канады, у 1965 годзе заснавала Задзіночаньне Беларускіх Жанчын Канады; яна — сакратар-скарбнік Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Канадзе; доўгія гады была сакратаром Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады, а з 1989 году — старшыня.

Жыве спадарыня Раіса ў невялікім гарадку Бэры ў 100 км ад Таронта ў старасьвецкім катэджы з чырвонае цэглы. Гэты дом памятае Натальлю Арсеньневу, Вітаўта Тумаша, Антона Адамовіча. У гэтым доме высьпела задума ўзьвесьці ў Сьвятой прошчы паўночнаамэрыканскіх пакутнікаў у Мідляндзе Памятны Крыж дзеля адзначэньня 1000-годзьдзя хрысьціянства ў Беларусі.

Мае дзеці ды ўнукі і я вітаем нашую дарагую Матулю й Бабулю зь юбілеем! Зычым ёй сонечнай, пагоднай восені, добрага здароўя, шчодрага плёну з працы дзеля Бацькаўшчыны.

Рагнеда Грышкевіч-Аляхновіч, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0