Аляксей Фралоў:

Праведнікі сярод граху

 

За пяць гадоў свайго кіраваньня ў Беларусі Лукашэнка рашуча занізіў планку чалавечага вымярэньня. У гэтым галоўны вынік дзейнасьці яго самога і сукупны сэнс таго крызысу, які перажываем усе мы. Лепшыя рысы чалавека, нацыянальныя сьвятыні, агульначалавечыя каштоўнасьці — усё гэта ганіцца на самым дзяржаўным узроўні. А галоўнае — зьнявага чалавечае працы, высілкаў розуму і духу празь мізэрныя дзяржаўныя падачкі, якія толькі ўмоўна можна назваць заробкам.

Аднак, як тое заўсёды бывала і будзе ў такіх выпадках, знаходзяцца людзі, асобы, сьветлыя розумы, якія зноў і зноў пачынаюць спачатку свой безнадзейны, на думку многіх, чын — усьпіраюцца пад тую апалую планку чалавечага вымярэньня і пакрысе ў прыватным парадку штосілы пасоўваюць яе ўгару. Цяжка ім, але яны бачаць, што кожны маленькі посьпех зьмяняе ляндшафт краіны. Вынік настолькі калясальны, што можна забыцца пра цяжкасьці...

 

Сёньня ў «НН» гутарка зь лідэрам новага аб’яднаньня моладзі «Эўрапейскі шлях» Аляксеем Фраловым

 

— Аляксей, пры канцы мінулага месяца дзеячы культуры зьвярнуліся з Адкрытым лістом у абарону помнікаў архітэктуры, што ацалелі ў Менску. Ліст гэты атрымаў шырокі розгалас у друку. А я ведаю, што пісаў яго ты. Скажы, каму прыйшла ў галаву ідэя — сабраць подпісы ў аўтарытэтных людзей?

— Гэта ініцыятыва нашага новага аб’яднаньня «Эўрапейскі шлях». Пасьля пары пікетаў, якія мы здолелі правесьці, у прыватнасьці, на Верхнім Горадзе, узьнікла жаданьне пашырыць спосабы барацьбы за ратаваньне спадчыны, у тым ліку старога Менску. Ня можна замыкацца адно на пікетах. На нізавым узроўні гэтым нікога ня зьдзівіш, бо рэагуюць ужо слаба. Лісты проста грамадзянаў, якія мы накіроўвалі і ў пракуратуру, і ў Камітэт па ахове помнікаў пры Менгарвыканкаме, проста ў Гарвыканкам, не далі эфэкту. Узьнікла ідэя сабраць подпісы гэткіх людзей, якіх не паслухаць ня змогуць. Чые галасы ёсьць яскравым звонам грамадзкай актыўнасьці. Сэнс быў у тым, каб сабраць подпісы ў людзей, традыцыйна не заангажаваных у палітычнай дзейнасьці. Гэта людзі розных поглядаў, розных палітычных прыхільнасьцяў, з розных творчых і навуковых сфэраў... Цікавы быў сам працэс падпісаньня. Большасьць падпісвала адразу. Не патрабуючы дадатковых тлумачэньняў. Усе яны ведалі праблему! І былі гатовыя да гэткага чыну. Выйсьце ў нас саміх. Варта толькі клапаціцца пра свой жа пад’езд, двор і горад. Варта проста жыць паводле закону, які атрымалі ад Бога. Трэба мяняць савецкі лад жыцьця на нармальны. На эўрапейскі. Трэба зьберагчы адзін помнік, шанаваць родную мову... не выкідваць бутэлькі з балькону, трэба вымаўляць «выбачайце», дзе трэба. У нас жа проста нізкая культура сёньня. Каб у нас была гэткая ж пабытовая культура і ўзровень выхаваньня, як у эўрапейскіх краінах, наша грамадзтва ўмела б захоўваць і спадчыну, і мову.

 

— Ты перадусім музыка... Хто твае настаўнікі?

— У музыцы, безумоўна, гэта выдатны фагатыст, прафэсар музыкі, спадар Буткевіч. Сапраўдны самародак. Ён атрымаў выдатную адукацыю ў фагатыста, таксама беларускага паходжаньня, прафэсара Кіеўскае кансэрваторыі Ўладзімера Ападзкага. Гэта выбітны навукоўца й пэдагог. Гэтак у Беларусі склалася цэлая плеяда выдатных фагатыстаў, моцная школа фаготу. Мо я й не перабраў тузіну прафэсараў, але меў аднаго й выдатнага.

 

— Раскажы крыху пра сваю музычную кар’еру.

— У 1989 годзе, як я заканчваў ліцэй пры кансэрваторыі, дык браў удзел ва Ўсесаюзным, тады яшчэ, конкурсе выканаўцаў на духавых інструмэнтах, які праходзіў у Варонежы. І я стаў ляўрэатам гэтага конкурсу, з Божае ласкі. Вось і летась, у Байройце, што ў Нямеччыне, слаўным музычным цэнтры, таксама праходзіў конкурс выканаўцаў да 30 гадоў. Зьехалася каля 150 прадстаўнікоў з усіх краінаў Эўропы. Было каля 30 адных фагатыстаў. Я прайшоў да перадапошняга туру, увайшоўшы ў шасьцёрку маладых фагатыстаў Эўропы. Я там граў францускага кампазытара Эжэна База.

 

— Ты згадваеш пра выхаваньне. А хто выхоўваў цябе?

— Галоўны мой настаўнік — мама. З чатырох гадоў яна вадзіла мяне і ў філярмонію, і ў опэрны тэатар на сур’ёзную клясычную музыку. Наш род па матчынай лініі паходзіць зь вёскі Плісы, што на Смалявіччыне, пад Менскам. Ну, а прозьвішча бацькава, Фралоў, паходзіць ад старога роду, што жыў у Крычаве. Мой бацька быў выдатным музыкам, габаістам, салістам філярмоніі і ансамблю старадаўняе музыкі «Кантабіле». І менавіта дзякуючы бацькам я абраў шлях музыкі. А да таго я вучыўся адразу ў дзьвюх школах — фізыка-матэматычнай і музычнай...

 

— Чаму ты абраў менавіта фагот?

— Таму, што гэта найбольш блізкі інструмэнт да інструмэнту майго бацькі. Не габой, бо мае дадзеныя, амбушур, больш падыходзяць да фаготу.

 

— А каб не фагот, на якім бы ты інструмэнце йграў?

— Мог бы стаць і піяністам... Або арганістам. Арган — кароль музычных інструмэнтаў, бо злучае ў сабе ўсе інструмэнты разам. Сапраўды, гэта Боскі інструмэнт. Калі падыходзіш да аргану, а пагатоў сядаеш за яго — гэта нешта незвычайнае. Уражаньне, што маеш дачыненьне з Боскім сьветам і ўзносісься з грэшнае зямлі. Даводзілася іграць у цудоўным касьцёле, што ў Красным. А ў дзяцінстве мяне бацька садзіў за галоўны арган краіны, што ў філярмоніі. Ну, і ў касьцёле Сьвятога Роха... Хацелася б часьцей.

 

— Ты яшчэ й фізыку з матэматыкай любіў?

— Любіў! Як ня дзіўна. Страшна любіў хімію. Ставіў экспэрымэнты на бальконе. Але...

 

— Але ты ўсё ж стаў прафэсійным музыкам...

— Я працую цяпер у ансамблі пры Дзяржфілярмоніі «Клясык-авангард». Гэта ансамбаль салістаў. Ён унікальны сваім складам, бо кожнага інструмэнту, апроч скрыпак, там прадстаўлена па адным. Там і струнныя, і мядзяныя, і натуральна, адзін раяль і адна арфа. Часам прыцягваем яшчэ выканаўцаў, для больш шырокіх якіх выкананьняў. Гэты ансамбаль можа граць і дуэт, і трыа. Мы толькі вярнуліся са Швэйцарыі... Там была наладжаная праграма нашага супрацоўніцтва са швэйцарскімі музыкамі. Супольна запісалі творы сучаснай музыкі, швэйцарскіх і беларускіх аўтараў. Беларускія — вядомыя ў Эўропе сучасныя кампазытары — Вячаслаў Кузьняцоў і Віктар Капыцька, а швэйцарскія — вельмі арыгінальны малады кампазытар Бруна Карэр і выбітны аўтар нашага стагодзьдзя Відмар. Зрабілі са швэйцарцамі два кампакт-дыскі.

 

— Ты часта гаворыш пра Бога. Ты вернік?

— Так, я веруючы чалавек! Я абышоў, мабыць, як і кожны нэафіт, бажніцы розных канфэсіяў, і Бог прывёў мяне да рэфармацкай традыцыі, да кальвінскай эвангелічна-рэфармацкай канфэсіі. Гэта найбольш адпавядае майму стану. Гэта найбольш адэкватна таму, чаго хоча ад мяне Бог.

 

— Як гэта адбылося?

— Я ўжо ў сьвядомым узросьце, у 14—15 гадоў, пакрысе пачаў ператварацца з савецкага хлопчыка найперш у беларуса. Празь цікавасьць да беларускіх цэркваў, архітэктуры, помнікаў. Краязнаўчая цікавасьць. А тут пачаліся першыя фронтаўскія мітынгі. І ўжо зь мітынгу ў лютым 89-га мяне закружыла грамадзкае жыцьцё. І ўсьведамляючы сябе беларусам, канкрэтным чалавекам у канкрэтнай краіне, у гэтым горадзе, я стаў прыходзіць да думкі, што гэты горад, гэтая культура, гэтая мова дадзеныя мне невыпадкова. Гэта дар Божы. І трэба яго спазнаць. Я быў хрышчаны ў праваслаўнай царкве, пасьля вандраваў па розных беларускіх бажніцах, але ў 92-м годзе натрапіў (Бог прывёў) на рэфармацкую грамаду, якая тады толькі ўтварылася. Сёньня пастарам Беларускай рэфармацка-эвангелічнай грамады зьяўляецца Лявон Ліпень. Тут ужо адбылося маё сталеньне ў духоўным сэнсе. Цяпер у Менску ўтварылася другая эвангелічна-рэфармацкая грамада, у якой я ўдзельнічаю, якая таксама працягвае традыцыі Рэфармацыі. Рэфармацыя мае на ўвазе, што кожны вернік, кожны сябра збору ёсьць актывістам. Калі сябра царквы пасыўны, ня дзейны, дык гэта непаўнавартасная частка цела Хрыстовага. У нашай грамадзе пакуль няма пастыра, але ён яшчэ вучыцца. Ёсьць у нас і кандыдаты на прэзьбітэра, дыяканаў. Духоўная мая праца — гэта праца на будаўніцтве яшчэ адной, другой рэфармацкай грамады ў Менску.

 

— Табе стала цесна побач з пастарам Ліпенем?

— Не! Пастар Лявон даў вельмі шмат (і дае) людзям, якія зь ім кантактуюць. І павучаньняў у духоўнасьці і ў чалавечым сэнсе. Ён мой настаўнік духоўны. Але гэтак склалася, што мы ўтварылі яшчэ адну грамаду. Чым больш будзе грамадаў, чым будзе больш асяродкаў — тым лепей.

 

— А хто ты ў БНФ?

— У БНФ я фармальна з 92-га. Цяпер я старшыня суполкі, сябра Цьнянскай рады ў сваім раёне, таксама сябра Ўправы Цэнтральнае рады Маладога Фронту. Там свая дзейнасьць. Пэрспэктыўная, дарэчы. Бо Малады Фронт мае шмат задумаў, шмат праектаў. І шмат робіць і шмат зрабіў. Найперш, можа, у пляне асьветніцкім, у падрыхтоўцы кадраў для маладога ўсьвядомленага беларускага жыцьця.

 

— Якую ролю ў тваім жыцьці адыграў Зянон Пазьняк?

— Я пазнаёміўся зь ім, як і ўсе — на мітынгах, сустрэчах фронтаўскіх. Пазьняк — выбітны навукоўца, мастацтвазнаўца. І ягоная кніжка «Рэха даўняга часу» — сапраўдная крыніца натхненьня. Калі блукаеш вуліцамі старога Менску, Верхняга Гораду, прадмесьцяў, дык і насамрэч адчуваеш той нябачны дух, які здолеў выказаць Зянон Пазьняк у сваёй кнізе. І вось гэткае знаёмства з навукоўцам, мастацтвазнаўцам, далёкае ад палітыкі, зрабіла на мяне магутнае ўражаньне... Гэта было ў 95-м. Я йшоў з заняткаў у кансэрваторыі, ішоў сабе старымі вулачкамі і неяк паглядзеў налева, у бок былой Бэрнардынскай (цяпер Герцэна). Бачу, што на месцы былога дому стаіць экскаватар. Я быў у шоку. І пабег, паабураўшыся на месцы, як у апошнюю інстанцыю, на сядзібу Ўправы БНФ. Да Пазьняка. Ён быў у кабінэце і ведаў, што рабіць, з кім зьвязвацца. Тут жа ўключыліся мэханізмы. Падключылася камісія Вярхоўнага Савету, спадар Алег Трусаў, спадар Уладзімер Дзянісаў. Фактычна ўдалося тады на час уратаваць кавалкі дому №2, дзе, як высьвятлілася, былі росьпісы, прынамсі ў дзьвюх залях. Каб ня той выпадак, у тую гадзіну, мы пра іх нічога б ня ведалі. Пра росьпісы ХVIII ст. у жылым будынку. Іх, дзякуй Богу, здолелі зафіксаваць. Папрацавалі рэстаўратары, мастакі. Дом, праўда, пасьля ўсё ж зруйнавалі...

 

— Твае меркаваньні пра тое, што адбылося ў БНФ?

— Мне здаецца, тут праблема глябальная. Праблема нядобрых чалавечых якасьцяў. І ў гэтых праблемах, канфліктах адыгралі першую ролю проста чалавечыя амбіцыі. Яны вырасьлі і выявіліся ў нелюбові й непавазе да чужой думкі. І ў выніку — нянавісьць. У асяродку аднадумцаў, паплечнікаў прабягае чорны кот нянавісьці. Гэта — канец. Пакуль людзі не адкінуць нянавісьць, пакуль не папросяць выбачэньня адзін у аднаго — нічога ня будзе. Пасьля канфліктных працэсаў, пасьля ўсяго наробленага, у маім уяўленьні найлепшым сцэнарам на сёньня было б стварэньне нейкай канфэдэрацыі незалежніцкіх сілаў. Дзьве палавінкі БНФ маглі б утварыць такі катамаран, калі два чаўны, нібы аўтаномныя, рухаюцца ў адным кірунку. Але разам яны ўжо мусяць уваходзіць у большы народны рух. Ці то БНФ «Адраджэньне», ці то яшчэ што.

 

— Вы зь сябрамі зьбіраецеся й на сьпеўкі?

— Гэта ўжо асобная галіна дзейнасьці! Вось ужо больш як год. На дату з дня сьмерці Багдановіча мы сабраліся ля ягонага помніка на Траецкай гары й прасьпявалі «Пагоню», пасьля яшчэ колькі песьняў... І вось гэтак нарадзілася ідэя распачаць сьпеўную ініцыятыву. Зьбіраць, вывучаць і распаўсюджваць гэтыя песьні. У выніку маем дастаткова вялікі аб’ём працы. Шмат ужо зроблена. Каля 200 чалавек тым ці іншым чынам былі далучаныя. Мы сьпяваем і патрыятычныя, і народныя, бардаўскія й лірычныя песьні.

 

— А дзе зьбіраецеся?

— Кожную пятніцу на сядзібе БНФ.

 

Аляксей падрыхтаваў сьпеўнік патрыятычных песень і шукае магчымасьці яго выдаць. Зрэшты, наўрад ці магчыма пералічыць усё, чым займаецца чалавек, калі ён займаецца нацыянальным адраджэньнем.

Ён не выглядае на змагара з барыкадаў, ці на ляснога брата, ці на мітынганта. Бо ён ня анты-. У адрозьненьне ад цяперашняга кіраўнічага рэжыму, ён добра ведае і любіць тую краіну і тую культуру, за якую пачуваецца адказным. Ён і ягоныя сябры — больш работнікі, чым змагары. Гэта значыць, што іх цяжэй перамагчы. Калі ж казаць пра знакавую зьмену сытуацыі, якую нясуць з сабой Фралоў і ягоная суполка, дык варта параўнаць іх з прафэсійнымі нацыяналістамі, чыя дзейнасьць за апошнія дзесяць гадоў набыла характар рэакцыі на тое, што робяць улады. Калі ўлады нічога ня робяць, назіраецца застой і ў асяродку адраджэнцаў. У выпадку ж Фралова — інакш. Пабуджальны матыў — ня бойка з дыктатарам, а будаваньне іншае супольнасьці, у якой планка чалавечага вымярэньня мусіць быць узьнятая як найвышэй.

Сяргей Харэўскі


 

даведка «нн»

Аляксей Фралоў нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Закончыў музычны ліцэй пры Белдзяржкансэрваторыі, а потым, у 1998 годзе, і кансэрваторыю ў клясе фаготу. Саліст ансамблю «Клясык-авангард» пры Беларускай філярмоніі. Актыўны ўдзельнік кальвінісцкага руху, сябра БНФ, лідэр аб’яднаньня «Эўрапейскі шлях», аўтар дэмакратычных і культурных ініцыятываў...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0