Апавяданьне

Адам ГЛЁБУС

Графітыст

 

Графітыст выйшаў з крамы «ЛАКІ-ФАРБЫ». У кулаку ён сьціскаў гладкі балёнчык з чырвонаю нітраэмальлю. Душу Графітыста сагравала вогненнасьць колеру, што сядзіць у мэталёвым палоне.

У рэспубліцы ўсталявалася, замацавалася й квітнела дыктатура. Маляваць, пісаць, ляпіць плякаты на сьценах і платах забаранялася. За палітычны надпіс на гарадзкой прыбіральні непаўналетняга аўтара загналі ў турму на два гады.

Графітыст не хацеў трапляць за краты. Але творчы сьверб памаляваць струмянём на публічнай сьцяне быў настолькі моцны, што распрацаваўся плян акцыі й набыўся балёнік.

Дзеля маскіроўкі мастак апрануў старую куртку з шапкаю. Чаравікі абуліся зношаныя, з падрапанымі мыскамі. Вопратку меркавалася выкінуць пасьля завяршэньня справы.

Сам праект быў досыць просты: уначы выйсьці на цэнтральны мост і намаляваць на парапэце вялікі, эрэгаваны мужчынскі полавы орган. Чэлес мусіў эякуляваць крывавымі сьлязьмі. Каб падзеі адбываліся ў якой іншай сталіцы ці ў гэтай жа, але ў іншы час, акцыю можна было б прызнаць банальнай. Але манумэнтальна-момантна-імгненнае мастацтва графіці вызначаецца ўлікам асяродзьдзя й часу. Графітыст пра тое ведаў. Ён дасканала пралічыў расклад міліцыянцкіх праходак і праездак па начным мосьце. Таму намаляваў свой орган без усялякіх перашкод і праз парк кіраваўся дамоў.

Пад старымі таполямі яго і ўзялі.

Тупаносы міліцыянцкі “газон” выскачыў на алею, як з-пад зямлі. Асьляпіў мастака фарамі. Той і ачомацца не пасьпеў, як стаяў, паклаўшы рукі на сіні капот, і глядзеў на мыскі разьлезлых чаравікаў.

“Галавы не падымаць! Глядзець на зямлю!” Нямоцны, але трапны ўдар гумовага дручка прыйшоўся ў шыю.

Графітыст войкнуў, хутчэй з-за нечаканасьці, чымся ад болю.

“Чуеш ты яго, войкае!? Ты, гадзіна мурзатая, зараз у нас ня так завойкаеш. Лазіць уначы, масты розным паскудзтвам размалёўвае...”

“Не маляваў...”

Другі, мацнейшы й размашысты ўдар палкаю лёг на лапаткі.

“Слухай ты яго, не маляваў! А людзі бачылі. Людзі ўсё бачаць. І ты, мазіла брудны, маляваў, каб усе бачылі. Месца выбраў віднае, каля самага вайсковага штабу. І каб што чалавечае намаляваў, а то хер непамерны. Скаціна!” Гэтым разам чорны дручок апусьціўся на растапыраныя пальцы правай рукі.

Графітыст узвыў ад касьцяломнага болю й заскокаў вакол машыны, трасучы ў паветры пакалечанай рукою.

“Бач ты яго, скача, як на сцэне. Скачы-скачы, далёка не адскочыш!” Па гэтых словах дубінка гупнула па патыліцы. Графітыст абсеў на мокры пасьля залевы асфальт.

“Ты за ногі, я за рукі,” — славянскатвары лейтэнант гукнуў да русавусага сэржанта.

Беспрытомнага Графітыста кінулі ў “газік”. Ачомаўся ён на падлозе кабінэту допытаў. Лейтэнант паліваў на бяскроўны твар вадою з энкавэдысцкага графіну.

“Прачынайся, гаўнюк. А то, ведай ты яго, разьлёгся на ўвесь пакой, не прайсьці. Дзе сорам у чалавека? Культура дзе? Стаць на калені! Рукі за галаву!” Чорны бот глыбока ўеўся ў рэбры аматара начнога маляваньня.

Даводзілася падпарадкоўвацца. Апагонены вырадак не зьбіраўся спыняцца на паламанай рабрыне.

“Сьцены ў нас тоўстыя, дзьверы жалезныя, а людзі глухія. Людзі ў пагонах чуюць толькі калі начальнік гаворыць. А сягоньня за начальніка я. Значыць так. Пакуль справа да пратаколаў дойдзе, пакуль там суды са штрафамі, я цябе сам адвучу паскудзіць масты ў сталіцы нашай сувэрэннай Радзімы! Хрэн, глянь ты на яго, заказытала намаляваць. Будзе табе хер ва ўсе дзіркі. Спачатку ты высмакчаш усю маю спэрму да апошняй кроплі. А потым сяржант загоніць свой дручок табе ў ачко. Ён у нас любіць ставіць козьлікаў накарачкі. І толькі паспрабуй рыпнуцца, я табе не адну рабрыну, а ўсе да апошняй косткі ператрушчу». Славянскамордая зьвяруга вываліла з портак тоўсты, але караткаваты канец.

“Узяў у рукі! Пачаў займацца... Пяшчотна, як са сваім”. Над цеменем Графітыста завіс важкі дручок, каб у любы момант абрынуцца на галаву.

“Устаў. Можна ў рот. Глядзі ты на яго, проста майстар. Можа цябе адпусьціііііііааааааааАААААА...”

Зубы мастака сашчапіліся на чэлесе міліцыянта. Паранены выў. Ён хацеў аглушыць крыўдзіцеля дубінай, але паралітычны боль скруціў цела. Пальцы Графітыста сьціснулі ядры лейтэнанта горш за жалезныя абцугі. Азьвярэлы мінетчык пачаў аддзіраць ад службіста большую палову й так закароткага чэлеса. Мент роў. Так раве стары сьмяротна паранены леў, калі яго рвуць на шматкі гіенавідныя сабакі. Міліцыянт спадзяваўся, што на крык зьбягуцца браты-калегі. Толькі сьцены былі таўшчэзныя, дзьверы мэталічныя, а калегі глухія, бо думалі, што раве ды стогне закатаваны арыштант.

Гэтым разам адышоў ад памяці выпакладаны лейтэнант. Сьвядомасьць ня вытрымала зьдзекаў і адключылася.

Графітыст з акрываўленым ротам і кавалкам чэлеса за шчакою шалёнымі скачкамі праляцеў па калідорах і выскачыў у дажджыстую ноч. Ён бег дварамі, а пачуўшы сырэну “хуткай дапамогі”, даў нырца ў пад’езд. Толькі ў цёмным кутку гарышча ён выплюнуў чалавечыну. Праз слухавое вакно ён падставіў твар пад дождж і сказаў: “Мастацтва, паглядзіце вы на яго, патрабуе ахвяраў”.

Лейтэнанта камісавалі па інваліднасьці. Мастак застаўся мастаком, праўда, у іншай краіне, а дыктатура працягвае быць дыктатураю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0