white snow lightyellow alicemblue navajowhite antiquewhite cornsilk floralwhite gainsboro ghostwhite honeydew ivory lemonchiffon aquamarine lavender blush beige sky blue

sколер старонкі


 

1996—1999

 

«Марш Свабоды» сваёй масавасьцю нагадваў акцыі вясны 1996 году. Учора ў розныя моманты шэсьця колькасьць удзельнікаў вагалася ад 20 да 40 тысячаў чалавек. Гэта, зразумела, ня 100, але... Нас было шмат. Як тады, у 1996-м. Але мы ўжо былі іншымі. Што ж зьмянілася з тае пары? Чым «Марш Свабоды» розьніцца ад тых мітынгаў? Чаго чакалі беларусы ад гэтае акцыі? Свае думкі на гэты конт выказвалі ўдзельнікі «Маршу».

 

Аляксандар Таболіч, музыка:

Ну, па-першае, акцыя адрозьніваецца ад папярэдніх ужо тым, што ўсе апазыцыйныя партыі Беларусі аб’ядналіся і стварылі нармалёвую незалежніцкую канцэпцыю. Гэта першая спроба яднаньня дэмакратычных сілаў. Атрымаецца з гэтага што ці не — пабачым з наступных мітынгаў.

 

Алег Дашкевіч, журналіст:

У 95—96 годзе людзі былі больш радыкальна настроеныя. Гэта было бачна ў тэлевізійных сюжэтах, гэта адчувалася ў паветры.

 

Аляксей Шэін, кіраўнік прэс-службы цэнтру «Супольнасьць»:

У 95—96 упершыню паўстала пытаньне пра страту незалежнасьці. За наступныя гады ўсе пасьпелі звыкнуцца з гэтай думкай. А цяпер рэальная пагроза зьявілася ізноў, і людзі прыйшлі з новым запалам, з новай энэргіяй паказаць самім сабе і ўсяму сьвету — і Расеі таксама — што ня так і лёгка будзе акупаваць Беларусь, што шмат людзей жадаюць бачыць яе незалежнай.

 

Васіль Сёмуха, перакладчык:

Адрозьніваецца тым, што я тут бачу ўсё новых і новых людзей — сваіх старых знаёмых амаль не сустракаю. Гэта значыць, што рух шырыцца, усё больш людзей пачынаюць разумець нашыя мэты й задачы. І менавіта гэтага — пашырэньня руху — я чакаю ад кожнага мітынгу.

 

Лявон Баршчэўскі, намесьнік старшыні БНФ:

Я думаю, што гэта акцыя пераадоленьня страху. Напрыклад, у 95—96 гадах людзі хадзілі на мітынгі і не баяліся, бо ўжо звыклі, што нейкая дэмакратыя ў краіне ёсьць. А сёньня яны мусяць пераступіць цераз псыхалягічны бар’ер, цераз тую апрацоўку, якая праводзіцца.

 

Слава Корань, саліст рок-гурту «Уліс»:

За гэтыя гады людзі лепш зразумелі, хто ў нас каля ўлады, зразумелі, што так проста свабоду мы не атрымаем.

 

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:

Мне заўсёды былі блізкія словы выдатнага гісторыка і пісьменьніка сучаснасьці Арнольда Тойнбі пра тое, што разьвіцьцё цывілізацыі адбываецца празь няспынны дыялёг чалавецтва, ці асобных нацыяў, зь Лёгасам, альбо Богам, вышэйшай сілай, якая быццам пасылае нацыі выклік і чакае адказу — раз, другі, трэці... Але аднойчы надыходзіць той момант, калі выклік, застаўшыся без адказу, можа пазначаць гістарычны скон нацыі. Беларусь падышла да гэтае мяжы. Я прыйшоў сюды сёньня, як хаджу на ўсе акцыі апазыцыі, не таму, што веру ў іх імгненны посьпех, а каб адчуць прысутнасьць тае пасіянарнае творчае энергіі, якая, паводле таго ж Арнольда Тойнбі, здольная зьмяніць сытуацыю ў лепшы бок.

 

Андрэй Мельнікаў, бард:

Можа, людзі больш цьвярозыя прыйшлі... Чаго чакаю? Нейкія новыя знаёмствы зьявяцца, старыя ўмацуюцца.

 

Сяржук Сахараў, рок-мэнэджэр:

У нашай няшчаснай, прыгнечанай, акупаванай Беларусі знайшлося столькі людзей, здольных абараніць яе незалежнасьць. Мы чакаем ад гэтага толькі аднаго — рэвалюцыі. Ура!

Апытваў Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0