Весткі зь Беларусі


 

У Стоўпцах прадпрымальнік спаліў сябе

 

Жудасная гісторыя скаланула Стоўпцы. Прыватны прадпрымальнік, гаспадар невялікай фірмы таксаперавозак, абліўся бэнзынам і спаліў сябе на ганку райвыканкаму. Уладзімер Саковіч пайшоў на гэта пасьля таго, як уціск раённых уладаў давёў яго да торбы. Апошнія тыдні яго ўвесь час выклікалі ў райвыканкам і падаткавую інспэкцыю. Сп.Саковіча пазбавілі ліцэнзіі, то бок магчымасьці зарабляць грошы, у яго сканфіскавалі ўсе пяць аўтамабіляў, якія Саковіч набыў, пазычыўшы грошы для заснаваньня сваёй таксафірмы. Прадпрымальнік быў у роспачы, ён лічыў санкцыі незаконнымі.

Роўна а сёмай раніцы ў чацьвер Уладзімер прыйшоў на ганак выканкаму і на месцы пачаў нясьпешна паліваць сябе бэнзынам, пасьля чаго цвыркнуў запальнічкай. Людзі на плошчы кінуліся выклікаць хуткую дапамогу ды міліцыю. Саковіч жа, як жывая паходня, кінуўся да дзьвераў будынку, нібы шукаючы паратунку ўсярэдзіне, а знутры на яго пазіраў вартаўнік, але так і не адамкнуў дзьвераў.

Пакуль прыехалі дактары, Саковіч упаў і дагарэў. Адразу ж адтуль яго адвезьлі ў морг.

У райвыканкаме цяпер шукаюць сабе апраўданьняў: кажуць, што ў Саковіча з галавою было ня ўсё добра, згадваюць таксама, што ён пару гадоў таму разьвёўся з жонкай. Але Саковіч ніколі не лячыўся ад галавы і не стаяў на ўліку.

Гэтак у нас: людзей пазбавілі будучыні, робяць нявольнікамі-жабракамі, і вінаватых няма.

Пракуратура Стаўпецкага раёну па факце здарэньня ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «давядзеньне да самагубства». Гэтак бы яшчэ ў маштабе краіны знайшоўся пракурор...

Аляксей Шыдлоўскі


 

Хацелi адняць аўтамат

У канцы тыдня ў Асiповiчах адбыўся напад на вайсковы патруль. Паранiўшы аднаго з салдатаў кухонным сьцiзорыкам, злачынцы вырвалi ў яго аўтамат Калашнiкава i паспрабавалi зьбегчы. Iншыя вайскоўцы адкрылi пальбу i аднога з нападнiкаў забiлі. Другi адстрэльваўся, паранiў яшчэ аднаго патрульнага i здолеў збегчы. Амаль суткi яго лавілі, і такі злавілі. Высьветлiлася, што забiты нападнiк i той, хто зьбег — вайскоўцы-кантрактнiкi. Адзiн зь iх быў родам з Чачэніi.

З Магілёва — Іван Засада


 

Кроніка бягучых падзеяў

 

11 кастрычніка Міжнародная Ліга Правоў Чалавека (няўрадавая праваабарончая арганізацыя з кансультатыўным статусам у ААН) накіравала да Аляксандра Лукашэнкі зварот, у якім выказала занепакоенасьць сытуацыяй у галіне правоў чалавека ў Беларусі.

«Міжнародная Ліга Правоў Чалавека, – гаворыцца ў звароце, – глыбака занепакоеная новай, узмоцненай кампаніяй рэпрэсіяў супраць незалежнае прэсы, праваабарончых арганізацыяў і апазацыйных лідэраў Беларусі. Мы, у прыватнасьці, заклапочаныя тым, што гэты наступ супаў з візытам у Беларусь міжнародных назіральнікаў, якія прыбылі ў сувязі з пагаршэньнем становішча ў галіне правоў чалаека».

У дакумэнце згадваецца былы прэм’ер Міхал Чыгір, які застаецца пад вартаю, не зважаючы на абяцаньні вызваліць яго, дадзеныя АБСЭ і заходнім дыпляматам. Міжнародная Ліга лічыць Чыгіра палітычным вязьнем. У звароце гаворыцца таксама пра таямнічае зьнікненьне Віктара Ганчара, у справе якога ўлады нічога ня робяць. Жонка Ганчара лічыць, што ўлады спрабуюць запалохаць яе і прымусіць замаўчаць.

 

13 кастрычніка стала вядома, што справа дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава можа быць накіраваная на дадатковае расьсьледаваньне, пасля таго як у судзе прагучалі прызнаньні экспэртаў, што яны ў сваёй экспэртызе нарабілі шмат памылак.

Цяпер ідзе апытваньне экспэртаў, якія падпісаліся пад вынікамі судова-будаўнічай экспэртызы дому на вуліцы Лодачнай, які будавала фірма Клімава.

Гэтыя зьвесткі былі пакладзеныя у падмурак абвінавачаньняў Клімава ў крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці. Экспэрты сьцьвярджалі, што будаўнікі патрацілі менш цэглы, чым паказалі ў справаздачах Менскаму гарвыканкаму – заказчыку дому. Але пад час слуханьняў гэтыя высновы пачалі абвяргаць самыя розныя спэцыялісты – спачатку праектоўшчыкі, потым будаўнікі.

 

У сёлетнім навучальным годзе захавалася тэндэнцыя зьмяншэньня беларускамоўнага школьніцтва ў сталіцы краіны. Пра гэта сьведчаць зьвесткі гарадзкога ўпраўленьня адукацыі.

Наперадзе тут, як і ў папярэднія гады, Савецкі раён сталіцы, у якім па-беларуску ня вучыцца ніводзін першаклясьнік, ніводзін другаклясьнік, ніводзін дзесяціклясьнік. Ніводнага беларускамоўнага старшаклясьніка няма ў Цэнтральным раёне сталіцы, які займае другі радок у гэтым сумнеўным лідэрстве. Сёлета ў сталіцы краіны па-беларуску вучацца 23797 хлопчыкаў ды дзяўчынак, што ў працэнтных адносінах да агульнае колькасьці менскіх школьнікаў складае 10,5. Летась беларускамоўных сталічных школьнікаў было 11%, у замінулым – 13,9%.

 

12 кастрычніка пасьля ананімнага паведамленьня пра тое, што будынак Дому ўраду замінаваны, на паўтары гадзіны было спыненае паседжаньне Савету міністраў. Паведамленьне не пацьвердзілася, тэлефоннага тэрарыста шукае міліцыя.

Агляд падрыхтаваў
Зьміцер Снапкоўскі


 

Гаспадарчая кроніка

 

Праект дамовы аб утварэньні беларуска-расейскае дзяржавы ня ўтрымлівае палажэньня пра роўныя эканамічныя ўмовы для суб’ектаў гаспадараньня дзьвюх краінаў.

Адсутнасьць такой згадкі выклікае неўразуменьне. Паводле агучанага варыянту дамовы, мэтаю эканамічнай інтэграцыі Беларусі й Расеі ў межах хаўруснае дзяржавы будзе стварэньне адзінай эканамічнай прасторы. Выглядае, што эканамічная частка дакумэнту стваралася пад дыктоўку расейскага боку. Разуменьне Лукашэнкавага боку заключаецца ў тым, каб атрымліваць з Расеі танныя энэрганосьбіты, а таксама каб карыстацца на расейскай тэрыторыі таннымі транспартнымі паслугамі. Уся астатняя эканамічная палітыка можа й не супадаць з расейскаю. Летась Аляксандру Лукашэнку такое разуменьне эканамічнай інтэграцыі ўдалося замацаваць на высокім узроўні. Але магільшчыкам гэтых плянаў выступіў Ул.Пуцін. 8 верасьня ў Менску расейскі прэм’ер адмовіўся падпісваць праект дамоўленасьцяў у гэтым пытаньні.

У канцы мiнулага году Лукашэнка абяцаў, што 2000 год Беларусь i Расея сустрэнуць з адзiным рублём. А Кебiч абяцаў тое ж самае яшчэ ў 1994 годзе. Дасьць Бог, вынік будзе аднолькавы.

 

Нядаўна ўрад прыняў пастанову ў разьвіцьцё дэкрэту Лукашэнкі аб працоўнай дысцыпліне. Паказальна, што ўрадавая пастанова ўступае ў дзеяньне на два месяцы раней, чым дэкрэт.

Пастанова аб працоўнай дысцыпліне і палажэньне аб кантракце былі падпісаныя С.Лінгам пры канцы верасьня, але зарэгістраваныя як дзяржаўныя дакумэнты толькі на замінулым тыдні. Ні ва ўрадавай пастанове, ні ў палажэньні аб кантракце не рэглямэнтуецца, што рабіць работніку, каб абараніць сваё права працаваць згодна з кваліфікацыяй. У тэксьце ўрадавых дакумэнтаў наймальніку фактычна не забараняецца пагаршэньне ўмоваў працы работніка пры заключэньні кантракту. Згодна з Кодэксам законаў аб працы, пагаршэньне ўмоваў магчымае, але ж кодэкс абараняе работніка ад зьніжэньня кваліфікацыі. Урадавая пастанова не прадугледжвае, што пры пераходзе на кантракт кваліфікацыя супрацоўнікаў павінна быць захаваная.

 

Пры канцы замінулага тыдня на нарадзе ў Савеце мiнiстраў Лукашэнка забаранiў бугальтэрыям дзяржаўных прадпрыемстваў спаганяць унёскi прафэсійных зьвязаў.

Ён заявiў: «Спынiць усе зборы на вытворчасьцi праз бугальтэрыi. Прафэсійныя зьвязы пракручваюць грошы ў сваiх банках, а потым фiнансуюць свае зборышчы за кошт рабочых, якiя нiчога ня ведаюць». Старшыня Фэдэрацыi прафзьвязаў Уладзiмер Ганчарык адразу ж адрэагаваў, сказаўшы, што яно прывядзе да зьмяншэньня й зараз невысокага ўзроўню сацыяльнай абароны працоўных i выклiча рэзкую палiтызацыю прафэсійных зьвязаў. Але высьвятлiлася, што рэагаваць пакуль нiбыта няма на што. Нягледзячы на ўсе высiлкi супрацоўнiкаў прафзьвязаў, яны ня здолелi атрымаць нарматыўны акт, у якiм былi б замацаваныя пагрозы Лукашэнкi. Ня выключана, што пагрозы, якiя прагучалi, былi проста пробным шарам.

Лідэр Свабодных прафзьвязаў Генадзь Быкаў бачыць у гэтым пэўны пазытыўны момант. Ён заявiў, што калi з 4,5 мiльёнаў сяброў ФПБ застанецца паўмiльены, якiя самi будуць плацiць унёскi — гэта будзе вялiкая перамога дэмакратыi. Лiдэр Свабодных прафзьвязаў прагназуе, што функцыянэры пачнуць сыходзiць у прэзыдэнцкiя структуры, а рабочыя — вылучаць з шэрагаў моцных сапраўдных лiдэраў.

 

Яшчэ адну ступень свабоды страціў прадпрымальніцкі сэктар Беларусі. З 12 кастрычніка ў краіне дэкрэтам Лукашэнкі ўведзенае дзяржаўнае рэгуляваньне заробкаў прадпрымальнікаў.

Як вынікае са зьместу згаданага дэкрэту, ініцыятыва Лукашэнкі абумоўленая клопатам пра заробкі працаўнікоў недзяржаўнай сфэры нацыянальнае эканомікі. Цяпер камэрцыйныя арганізацыі ды індывідуальныя прадпрымальнікі пры аплаце працы мусяць кіравацца рэспубліканскай сеткай тарыфаў.

 

Аляксандар Лукашэнка ўсклаў на айчынныя суб’екты гаспадараньня дадатковую фінансавую ношу ў выглядзе павелічэньня абавязковага продажу валютнае выручкі.

Новым указам Лукашэнка павялічыў на 10% аб’ёмы валютнае выручкі, якую суб’екты гаспадараньня мусяць прадаваць на Беларускай валютна-фондавай біржы. Дагэтуль прадпрыемствы краіны, паводле ўказу двухгадовае даўніны, рэалізоўвалі 30% валюты. На мінулым тыдні на гэтай біржы прадпрыемствы мусілі прадаваць дзяржаве валюту па курсе 295 тысячаў беларускіх рублёў за даляр. Гэта пры тым, што рынкавая вартасьць безнаяўнага даляру знаходзіцца на ўзроўні 700 тысячаў.

Рашэньне Лукашэнкі прынятае ў пэрыяд абвастрэньня эканамічнага становішча на бальшыні прадпрыемстваў, што маюць валюту. З другога боку, такое рашэньне сьведчыць пра вострую пагрозу энэргетычнага крызысу. Бо, паводле згаданага ўказу, набытыя зараз у прадпрыемстваў валютныя рэсурсы будуць скіраваныя выключна на набыцьцё нафты.

 

14 кастрычніка прадпрымальнікі Горадні правялі папераджальную акцыю — бальшыня тых, хто гандлюе на рэчавым кірмашы «Паўднёвы» й Цэнтралным кірмашы, на адзін дзень спынілі гандаль. Сваіх гарадзенскіх калегаў падтрымалі пінчукі.

У Горадні, ідэйным цэнтры Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў, не працавалі 80% рынку. Кіраўнік афіцыйнага прафсаюзу «Садружнасьць» Алег Бортнікаў скептычны: «Мы хацелі б засьцерагчы прадпрымальнікаў краіны ад выкананьня тых лёзунгаў, якія выказваюць апошнім часам прадстаўнікі некаторых апазыцыйных колаў. Тым самым яны правакуюць улады на нэгатыўнае стаўленьне да прадпрымальніцтва ўвогуле».

Ідэйны апанэнт Бортнікава Валеры Леванеўскі з СПП наступным чынам тлумачыць свае патрабаваньні: «Улады на рэальныя перамовы фактычна не пайшлі. Так званыя саступкі нас не задавальняюць і не здымаюць вастрыні праблемы».

Агляд падрыхтаваў Зьміцер Снапкоўскі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0