БІБЛІЯТЭКА


 

Паўтор мінулага

Беларусы: У 8 т. Т.3. Гісторыя этналягічнага вывучэньня / В.К.Бандарчык. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 365 с.: іл. ISBN 485-08-0283-9

Аматары беларускай мінуўшчыны і этнаграфіі атрымалі новы падарунак — трэці том з сэрыі «Беларусы», гэтым разам «Гісторыю этналягічнага вывучэньня», іншымі словамі, кнігу пра тое, як вывучалі беларускі народ з даўнейшых часоў да сёньня.

Пытаньні ўзьнікаюць адразу з вокладкі. У дачыненьні да беларускай этнаграфіі тэрмін «этналёгія» выглядае нязвыкла. Дарэчы, калі ў 1995 г. пачала выходзіць сэрыя «Беларусы», плянаваўся том «Гісторыя беларускай этнаграфіі». Дзякуй, што не забыліся даць адразу вызначэньне і этымалёгію тэрміну «этналёгія». Толькі пра яе суадносіны з этнаграфіяй забыліся. А між тым, хоць кніга й называецца «этналягічнай», далей у тэксьце скрозь ідзе «этнаграфія». Чаму тады ў назьве кнігі не фігуруе, напрыклад, «сацыяльная антрапалёгія» ці «культурная антрапалёгія»? Таксама было б арыгінальна.

Ад пачатку кнігі чытач пагружаецца ў напружаную атмасфэру разьвіцьця этнаграфіі. Барацьбы нейкіх «прагрэсіўнага» і «рэакцыйнага» напрамкаў у гэтай паважанай навуцы... Як гэта ўсё знаёма з газэт савецкага часу! Вось яшчэ характэрныя рысы той эпохі — спасылкі на «Историю БССР» 1961 г. і «Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии» таго ж году. Няўжо навейшай літаратуры ня маем? А мо й тэкст напісаны ў тыя далёкія часы? Праверка пацьвярджае найгоршыя чаканьні — кавалкі тэксту з адсылкамі на 1961 г. проста ўзятыя з ранейшай кнігі В.Бандарчыка «Гісторыя беларускай этнаграфіі ХІХ ст.» (1964). Дакладней, уся тая кніга амаль у нязьменным выглядзе перанесеная ў выданьне 1999 г. А калі прыпомніць, што ў В.Бандарчыка выйшлі ў свой час і наступныя разьдзелы — «Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак ХХ ст.» (1970), «Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі» (1972), дык стане зразумелай сутнасьць кнігі 1999 г. Гэта збор пад адной вокладкай кніг 20—30-гадовай даўніны, зь невялікімі скаротамі і мізэрнымі дапаўненьнямі, з дадаткам зьвестак пра найноўшы час. Кніга, выходзіць, другой сьвежасьці! Дык вось чаму ў тэксьце можна знайсьці недарэчныя абяцаньні, што «выйдзе збор працаў пра беларусаў польскага этнографа Оскара Кольбэрга» (тая кніга пасьпела выйсьці ажно ў 1968 г.) і што надрукаваныя ўжо 6 тамоў працаў Міхала Федароўскага (надрукавана 8 тамоў, апошні — у 1981 годзе). Вось чаму так і не раскрытым застаўся крыптонім Е.П. адной вядомай зьбірачкі беларускага фальклёру, хоць пра яе ўжо напісаны стос паперы. Застаўся нязьменным падзел нашых этнографаў на купкі «расейскія і беларускія дасьледчыкі» і «польскія дасьледчыкі». У лік першых трапілі З.Даленга-Хадакоўскі і А.Г.Кіркор, хоць яны пісалі і па-польску, а ў лік другіх — беларускія літаратары У.Сыракомля і Я.Баршчэўскі.

Што новага ў выданьні 1999 г.? Дапаўненьняў няшмат, хоць яны даволі арыгінальныя. У разьдзел пра «этнаграфічныя працы расейскіх і беларускіх дасьледчыкаў» патрапіў прыродны паляк М.Стрыйкоўскі са сваёй польскамоўнай «Кронікай» (чамусьці сьцьвярджаецца, што яна выдадзеная амаль праз тры стагодзьдзі пасьля сьмерці аўтара ў 1586 г. Насамрэч жа «Кроніка» была надрукаваная ў 1582 г.) і зноў жа паляк Ян Ласіцкі (на старонках кнігі яго перахрысьцілі з пратэстантаў у каталікі). Ёсьць і больш каштоўныя дапаўненьні (Г.Калантай). Выкінуты з тэкстаў мінулых гадоў, пэўна, неактуальныя на сёньня кавалкі пра ролю КПСС і г.д.; Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю перарабілі ў проста Кастрычніцкую.

Ёсьць новыя ацэнкі разгрому беларускай этнаграфіі ў 1930-х. «Бацька беларускіх нацыяналістаў Ластоўскі» застаўся са сваім старым кляймом, але сукупна этнографы перайменаваныя з «буржуазных нацыяналістаў» у простыя «нацыяналісты». Выкінулі фразу: «30-я гады ў галіне этнаграфіі былі гадамі перабудовы, пераходным пэрыядам да якасна новага этапу ў разьвіцьці савецкай навукі аб быце і культуры народаў СССР». Больш дакладнага вызначэньня 30-м гадам не прапануецца, але пра яго можна меркаваць на падставе фразы: «Пачаліся рэпрэсіі, у выніку якіх былі расстраляныя М.Касьпяровіч, М.Мялешка і іншыя этнографы Беларусі. А.Шлюбскі захварэў на лесараспрацоўках і памёр у 1941 г., заўчасна памёр у лягеры М.Гарэцкі ў 1939 г.» Дзіўнаватым выглядае гэтае «і іншыя» пасьля расстраляных. Дарэчы, і дакладная дата расстрэлу «заўчасна памерлага» М.Гарэцкага ўжо некалькі разоў публікавалася ў пэрыёдыцы.

Даецца матар’ял пра вывучэньне беларускай этнаграфіі да сёньняшняга дня. Што цікава, не згаданыя абагульняльныя працы нашага акадэмічнага інстытуту пра гісторыю беларускай фальклярыстыкі, у пэўным сэнсе альтэрнатыўныя працам В.Бандарчыка. Так што чытач, калі захоча даведацца пра першага беларускага этнографа Міхалона Ліцьвіна, пра Эмілію Плятэр, дзясяткі іншых этнографаў і фальклярыстаў, пра вывучэньне беларускага побыту ў міжваеннай Польшчы, мусіць сам знайсьці іншыя кнігі па гісторыі этналягічнага вывучэньня беларусаў.

Валеры Пазьнякоў

 

Фройдаўскі «Рытуал» між хмызоў і балатоў

У верасьні наймалодшаму тэвээлаўцу* Юрыю Гуменюку споўнілася 30 гадоў. З гэтае нагоды ў сэрыі «Бібліятэка часопіса «Калосьсе» выйшла трэцяя кніга вершаў экстравагантнага гарадзенца «Рытуал».

Зборнік быў падрыхтаваны яшчэ ў 1997 годзе, меркавалася, што ён выйдзе ў Варшаве. Аднак «Рытуалу», як і дзьвюм папярэднім кнігам паэта «Водар цела» і «Твар Тутанхамона», лёсіла пабачыць сьвет у Полацку. Гумянюк застаўся адзіным тэвээлаўцам, у паэтычную творчасьць якога дзяржава не інвэставала ні капейкі. (Праўда, «дзяржаўнай» кнігі няма і ў Ігара Сідарука, але ён як драматург прысутнічае ў некалькіх калектыўных.) Дзяржкамдрукаўская і мінкультаўская няўвага не перашкодзілі Гуменюку стацца добра вядомым у Беларусі. Наваполацкі рок-гурт «Грунвальд» запісаў альбом «Старыя назовы», у якім палова песень — на словы Гуменюка (прычым, сам Юры і духам ня ведаў пра такую творчую супрацу). Патрапіў ён і ў складзеную Янам Максімюком анталёгію новай беларускай паэзіі «Za Niebokresem Europy», што выйшла па-польску ў Беластоку ў 1998 годзе. У зборніку нават аказаўся верш «Sperma prezydenta» (пераклад Аліны Ваўранюк), які да гэтага хадзіў у рукапісе. Вядома, слава Гуменюка найперш скандальная, але й такую набыць няпроста.

У трэцюю кнігу паэта патрапілі вершы, напісаныя ў 1995—1999 гадох. Большасьць зь іх чытач ведае з публікацыяў у «Калосьсі», «Крыніцы», «Пагоні». Сярод «рытуальных» тэкстаў — такія гіты, як «Вібрацыя твані», «Рэфлексія», «Ёкагама», «Цыяністы сьнег», «Сьвятарная карова», раней узгаданы «SP» ды іншыя. У нейкім сэнсе кніга крыху састарэла. Ня самі вершы, яны якраз вытрымалі выпрабаваньне часам. Састарэў дух кнігі: нігілістычна-пэсымістычна-брутальны. Жыцьцё наша цяпер так імкліва ляціць наперад, што тры гады затрымкі — вельмі вялікі пэрыяд, за які адбываецца шмат. Зьмяняюцца акцэнты, дамінанты, эстэтычныя запатрабаваньні. Істотна хаця б тое, што за гэты час тэвээлаўцы канчаткова разьвіталіся зь юначым узростам. (Старэйшаму, Вінцэсю Мудрову, летась споўнілася 45.) Увогуле ў гэтых імклівых пераменах — вялікая праблема Гуменюка. Узрост патрабуе іншага творчага чыну.

«Рытуал», аднак, адметная кніга. Ягоная гульлівая саркастычнасьць, за якую хаваецца Гумянюк, — сапраўды сублімацыйная. Паэт не прыдумляе, пра што б гэта яму напісаць, а шчыра, па-дзіцячы сьмела, дэклямуе перад дарослымі. Часам сам не разумее сваіх адкрыцьцяў і глыбіняў. На тое ён і паэт — дзіця жыцьцёвых стыхіяў. Часам ягоны гнеў наіўны, увага да сябе нарцыстычная, а звароты да чытача патасна ўзьнёслыя. «Пабудзь ахвярай Гераніма Босха! Ён не прасіў цябе, але пабудзь», — просіць паэт. І ты сапраўды адчуваеш між радкоў босхаўскую квінтэсэнцыю пекла, болю і безвыходнасьці. Кнігі Гуменюка нагадваюць фільмы сэрыялу. Іх трэба выдаваць штогод, каб чытач не губляў канву сюжэту. Бо чалавечы лёс, пра які прамаўляецца шчыра, выклікае вялікую цікавасьць у людзей. Як мэксыканскія тэлесэрыялы, як жыцьцё прынцэсы Дыяны. У тых аповедах шмат пачуцьцяў, жарсьці, пацалункаў, здрадаў.

Як жыць далей? Сьвіньня нябёсная ня скажа,
Раскрые анус — пацячэ лайно.
А мы падманутыя ў жыжцы плазам ляжам,
Бо шчасьця і дагэтуль не відно.

Алесь Аркуш

*ТВЛ — Таварыства Вольных Літаратараў

 

 

Працяг допыту

Агееў А. і інш. Магілёўская даўніна ў пытаньнях і адказах / А.Агееў, І.Марзалюк, І.Пушкін. — 2-е выд., перапрац. і дап. — Магілёў, 1999. — 204 с.: іл. 43. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-6568-05-6

Калі ў 1997 годзе выйшла «Магілёўская даўніна ў пытаньнях і адказах», сталі відавочныя дзьве рэчы: нарэшце зьявілася амаль поўная гісторыя дасавецкага Магілёва, і другое — кніга хутка зьнікне з паліцаў кнігарняў. Так яно і здарылася. Аўтары вырашылі замацаваць посьпех — зьявілася другое выданьне кнігі, «перапрацаванае і дапоўненае». Не кранаючы адразу тэксту, заўважым, што вокладка перапрацаваная ў лепшы бок. Такую кніжку ня сорамна й падарыць. Што з дапаўненьнямі? Зьявілася пытаньне: «Якія войны закранулі Магілёў у XVI--XVII ст.?» Сапраўды, у першым выданьні войны былі пералічаныя ўсе, акрамя гэтых самых з XVI—XVII ст. Пэўна, былі прычыны... Цяпер чытач ведае, што ў 1518, 1519 і 1535 г. Магілёў удала адбіваў навалы маскоўскіх ратнікаў. Магілёўцы адбілі і напад у 1581 годзе, дзякуючы дапамозе жаўнераў «паноў Казаноўскага, Цемрукова і Троцкага» (хіба аўтараў: выраз з дакумэнту «пан Троцкі», г.зн. уладальнік Трокаў, палічылі за прозьвішча. У тыя часы гэта значыла «кашталян троцкі», меўся на ўвазе Крыштаф Радзівіл Пярун). Нарэшце, у кнізе зьявіліся сюжэты пра ролю Магілёва ў вайне з Расеяй 1654—1667 гадоў. Адсутнасьць разьдзелу пра гэтыя падзеі была асноўнай хібай папярэдняга выданьня. Цяпер магілёўскі і іншы чытач можа даведацца, што горад не адразу здаўся ў 1654 годзе пад маскоўскага цара, але хітраваў, цягнуў час. Пасьля пачаліся рабаўніцтвы з боку «вызваліцеляў»... 1 лютага 1661 году ў горадзе выбухнула антымаскоўскае паўстаньне, дзякуючы перамозе якога, Магілёў, між іншым, займеў свой сучасны герб. Усё гэта добра, але падзеі выкладзеныя вельмі пункцірна. А між тым аналягічная барацьба з маскоўцамі ў час Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў пададзеная значна падрабязьней: «Хто спаліў Магілёў у 1708 годзе?», «Чаму спалілі Магілёў у 1708 годзе?» і г.д.

Зьявілася пытаньне з адказам «Які сусьветна вядомы францускі пісьменьнік знаходзіўся на тэрыторыі Магілёўскай губэрні пад час Маскоўскай кампаніі 1812 г.?» (маецца на ўвазе Стэндаль). Дзякуючы гэтаму, расейскі пісьменьнік Аляксандар Пушкін апынуўся не ў самоце сярод значных літаратараў-наведнікаў Магілёва. Ці не паставіць помнік Стэндалю на якой-небудзь набярэжнай гораду на Дняпры?

Да таго ж аўтары кнігі здолелі расшукаць, калі ж, нарэшце, у Магілёве зьявіліся такія карысныя вынаходзтвы, як тэлеграф (1859), кіно (1903), электрастанцыя (1910) і тэлефон (1904). Пра таксі, чыгунку і вадаправод можна было даведацца і зь першага выданьня. Будзем спадзявацца, што знойдуцца зьвесткі пра першы ў горадзе самалёт, аўтамабіль, ровар, кампутар і калі Магілёў падключыўся да Інтэрнэту. Нехта запярэчыць, што Інтэрнэт — гэта ўжо не «магілёўская даўніна». Выбачайце, аўтары кнігі вырашылі перайсьці мяжу 1917 году і задаць сабе дзясяткі з тры пытаньняў пра ХХ ст. Ад «Як адбіліся падзеі першай сусьветнай вайны на становішчы ў Магілёўскай губэрні?» да «Якім Магілёў уваходзіць у ХХІ ст.?» Апошняе пытаньне, пэўна, не патрабуе адказу, але ўзьнятыя і цікавыя праблемы. «Ці страйкавалі рабочыя Магілёва да «перабудовы»?», «Наколькі актыўна рабочыя Магілёўшчыны адстойвалі свае правы ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі нашае краіны?», «Ці існаваў на Магілёўшчыне ў 50—70-я гады «антысавецкі рух»?» На апошняе пытаньне дадзены сумленны адказ: масавы і арганізаваны «антысавецкі» рух, па сутнасьці, адсутнічаў; былі толькі асобныя «антысавецкія выказваньні», факты «паклёпу на нашу савецкую рэчаіснасьць», распаўсюджваньне «антысавецкіх» улётак. Цікава, адкуль усе гэтыя зьвесткі? Калі аўтары і надалей будуць распрацоўваць гісторыю Магілёва ХХ ст., то трэба будзе неяк мяняць назву кнігі... Ды і яе жанр, як ён пазначаны ў варыянце 1999 г. — «выданьне для вольнага часу», — бязьмежна далёкі ад рэчаіснасьці і ад першапачатковага вызначэньня — «навукова-папулярнае выданьне».

В.П.

 

«Гістарычны Альманах»

Горадня нарэшце ўзьбілася на свой гістарычны пэрыёдык! Нядаўна накладам 120 асобнікаў тут выйшаў першы нумар «Гістарычнага Альманаху». Галоўны рэдактар навінкі – Аляксандар Краўцэвіч. Зьяўленьне ўласнага часопіса можна толькі павітаць. І пажадаць вытрымкі, бо выдаць адзін нумар ня штука. Праўда, да першага нумару і патрабаваньні асаблівыя.

Мусім канстатаваць, што першым нумарам «Гістарычны Альманах» пакуль мала акрэсьліў сваё аблічча. Выглядае бы нейкай «рыбай». У ім няма рэдакцыйнага слова, якое б уводзіла новы часопіс у сучасны гістарыяграфічны ляндшафт Беларусі, няма рэдактарскага крэда, няма нават інфармацыі пра пэрыядычнасьць выданьня, так што зусім невядома, калі ж спадзявацца наступнага нумару. Вызначана толькі, што часопіс «навуковы гістарычны і краязнаўчы». Тады можна падумаць, наколькі ўдалая назва, бо слова «альманах» традыцыйна асацыюецца са сфэрай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі.

Што да зьместу, дык у навуковай частцы ГА прадстаўлены практычна ўсе асноўныя жанры публікацыяў, характэрных для гістарычных пэрыёдыкаў (аўтары І.Марзалюк, Ю.Гардзееў, А.Смалянчук, Ю.Бохан і інш., храналягічны абсяг — Х—ХVІ і ХІХ—ХХ ст.). Краязнаўчая ж частка істотна прайграе ёй і выглядае як прыдатак. Можа пакуль. У кожным разе – віват гарадзенскаму «Гістарычнаму Альманаху»!

Яня Галоўчык


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0