Казкі для дарослых

Прыпавесьці Васіля Быкава ў ацэнках сучасьнікаў

 

Задача — утрымацца на паверхні

Ігар Бабкоў, літаратар:

Сёньня я расчараваны прафэсійнай крытыкай, таму казаць, што прыпавесьці Быкава — гэта прагрэс альбо рэгрэс у творчасьці пісьменьніка, даваць ацэнкі, мне асабіста ня так цікава. Я б паставіў пытаньне інакш: чаму пасьля вельмі моцных псыхалягічных рэчаў яшчэ савецкага пэрыяду, потым — ня менш моцных сымбалічных рэчаў, паўстаў такі жанр, як прыпавесьць, што гэта значыць для самога пісьменьніка і для самой нашай рэчаіснасьці? Прыпавесьць — гэта алегорыя, гэта не сымбалізм, не псыхалягізм. Алегорыя — гэта заўсёды паверхня, пэўная плыткасьць. Чаму раптам пасьля такіх спробаў праламіць паверхню, выйсьці за нарматыўную савецкую рэчаіснасьць у псыхалягізм, праблемы чалавечай душы, альбо выйсьці за ня менш нарматыўную нацыянальную паверхню беларускай долі ў трагізм сытуацыі і знайсьці сымбаль для гэтага трагізму, як тая ж спаленая хата ў «Знаку бяды», чаму раптам зьяўляецца гэтая паверхня?

Мне здаецца, што шукаць адказу трэба ў статусе самой рэчаіснасьці, у якой сёньня мы жывем. Савецкая рэчаіснасьць была надзвычай закансэрваваная, яна практычна і тэарытычна не мянялася. І адсюль гэтыя спробы праламіць яе і праваліцца ў гэтую дзюрку. Тое ж самае з рэчаіснасьцю нацыянальнага лёсу, так званай беларускай доляй: гэта ўжо амаль што абсалютная канстанта. А сёньняшняя рэчаіснасьць ня проста дынамічная, яна, па сутнасьці, ёсьць хаосам: няма ніякіх канстантаў, і часам здаецца, што ўвогуле засталася толькі паверхня, што няма больш ніякіх ані глыбіняў, ані вышыняў. Задача — проста ўтрымацца, застацца на гэтай паверхні. Ты хаатычна шукаеш, за што зачапіцца. Адсюль гэты алегарызм, спроба хоць бы элемэнтарнымі спосабамі зафіксаваць тое, што адбываецца.

 

Быкаў ніколі не вызначаўся аптымістычнымі поглядамі на цывілізацыю

Юрась Бушлякоў, філёляг:

Я б сказаў, што ўсюды — і ў апавяданьнях, і ў аповесьцях — прысутнічае пэўны прыпавесьцевы элемэнт, як, напрыклад, у ягонай вялікай, разгорнутай амаль да памераў аповесьці «Трубе». У сваіх творчых пошуках Быкаў застаецца ў каардынатах экзыстэнцыйнай праблематыкі, экстрэмальныя выпрабаваньні герояў — гэта абавязковы элемэнт. Ён выкарыстоўвае прыпавесьці, каб паказаць на ўнівэрсальным матар’яле пэрыпэтыі свайго часу, нашага нацыянальнага лёсу, каб дасягнуць пэўных палітычна-ідэалягічных мэтаў праз пасярэдніцтва літаратуры. Перад намі паўстае адчуваньне рэальнага абсурду цяперашняга жыцьця, прычым вядома, што Быкаў ніколі не вызначаўся аптымістычнымі поглядамі на цывілізацыю ўвогуле. Прыпавесьць дазваляе яму дасягнуць гранічнай абагуленасьці высноваў. Перад намі калізіі, якія могуць дастасоўвацца да розных сытуацыяў, часоў, народаў. Адначасова чалавек прачытвае іх, зыходзячы з таго, што жыве ў ім у канкрэтны момант. Прыклады таму: Д’ябал у «Хутаранцах» ці Пацук у «Хвастатым», якіх беларус прытарноўвае да сваіх умоваў. Прыпавесьць робіцца празрыстай, яскравай.

Зварот да алегарычнай формы — знак сталасьці аўтара, згадайма Коласа зь ягонымі «Казкамі жыцьця». Тое самае Быкаў, які нібы ўзьняўся па сходках рэалістычнай літаратуры, і апошнімі гадамі мы назіраем яго спробу падагульніць сваё творчае разьвіцьцё. Быкаў высьпеў да тыповасьці вобразаў. Гэта фактычна той матар’ял, які выклікае нас на сутворчасьць, надае нам падставаў для духоўнага і творчага разьвіцьця. І тут нельга не парадавацца проста за беларускую літаратуру, якая зьведвае спробу аднаго з найлепшых пісьменьнікаў узвысіцца да абагульненьняў і напісаць такія ўнівэрсальныя рэчы.

 

Гэта вельмі беларускія творы

Адам Глёбус, літаратар:

Для мяне апошнія прыпавесьці Быкава — гэта сама цікавае, што ёсьць ў ягонай творчасьці, таму што ваенная проза, усё, што зьвязана з вайной, ідзе супраць маіх перакананьняў, маіх ідэалаў. Таму Быкава я чытаў зь цяжкасьцю, чытаў мала, а вот зараз я яго чытаю з задавальненьнем. Нават «Сьцяна» для мяне — твор рацыянальны, а прыпавесьці — ірацыянальныя. І гэта мне падабаецца, таму што яны разьлічаныя на чытача, у першую чаргу, беларускага. Аўтар ня думае, што пра твор скажуць немцы, кітайцы, што скажуць у Маскве, ці выдадуць, ці будзе ён перакладзены на расейскую мову. Гэта напісана для нас, мне гэта вельмі імпануе.

Па-другое, тут зварот да формы антыўтопіі, казкі. Яна вельмі беларуская, у ёй выкарыстана шмат фальклёрных формаў. Я б не называў іх біблейскімі. У іх ёсьць біблейская падкладка, напрыклад, у «Пахаджанах» прысутнічае Майсей. Але Майсей вывеў людзей, а тут кола замкнулася. Значыць, біблейская схема не працуе, працуе чыста наша: «А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?», купалаўская схема працуе, тэма вандроўнікаў, вечнага руху. Таму тут выкарыстаныя наш фальклёр і наша клясыка. Тут няма аглядкі на Камю, Рэмарка, Бакланава. Можа, таму кажуць, што пісьменьніку трэба некуды ад’ехацца, убачыць здалёк сваю Радзіму, і тады ты яе ўбачыш больш яскрава. Як пісаў Гогаль, седзячы ў Рыме, што я вось толькі тут, у кавярні «Грэка» магу ўбачыць Расею зь яе праблемамі. Ён меў рацыю.

Калі мы пачыналі рабіць «Нашу Ніву», мы ніколі ня думалі, што ў нас будуць пісаць клясыкі нашай літаратуры, таму што гэта была маладая контракультура. А цяпер нармальна, што Быкаў менавіта ў «Нашай Ніве» гэта друкуе.

Чаму яшчэ мне гэтыя прыпавесьці падабаюцца — яны напісаныя ня дзеля грошай, ня дзеля кар’еры, яны напісаныя дзеля нас. Большасьць чытачоў Быкава раней былі не беларускімі чытачамі, а расейскамоўнымі. Быкава ведалі як аўтара «Нового мира», выдавецтва «Художественная литература» больш, чым выдавецтва «Мастацкая літаратура». А мяне заўсёды цікавілі творы, якія цяжка перакласьці на іншыя мовы, як напрыклад, цяжка перакладаць Разанава. Я не зьдзіўлюся, калі Быкаў напіша кніжку для беларускіх дзяцей, чытанку, як пісаў Колас. А зь літаратурных паралеляў да прыпавесьцяў Быкава магу згадаць антыўтапічную навэлу Акутагавы «Востраў» ды Сьвіфта.

 

Палітыка для малых дзетак

Ірына, студэнтка БДУ, 22 гады:

Папраўдзе кажучы, мяне вельмі моцна зьдзівілі гэтыя самыя прыпавесьці. Я не чытала ў «Народнай Волі», але тое, што друкавалася ў «Нашай Ніве», аніяк не стасуецца з маім колішнім уяўленьнем пра Быкава як пісьменьніка. У прыпавесьцях Быкаў — грамадзкі дзяяч, палітык. І гэтай палітыкі ў іх уяўна зашмат, палітыкі ўтраванай, палітыкі для малых дзетак. Ёсьць пэўнае падабенства да антыўтопіяў, але клясычныя антыўтопіі разумеюць людзі з розных краінаў і розных культураў, а ці зразумее сэнс быкаўскіх прыпавесьцяў чалавек, не знаёмы зь беларускай сытуацыяй? Няма напружанасьці і трагізму, а фінал гэтых твораў перадчувацца ад самага пачатку. Мне асабіста было цяжкавата чытаць іх, мо таму, што Быкаў пісаў гэта для нейкай іншай часткі сваіх чытачоў. Цікава, для якой?

Аднак, нягледзячы на маю суб’ектыўную ацэнку, можна ўпэўнена сьцьвердзіць, што прыпавесьці Быкава зоймуць сваё пачэснае месца сярод твораў найноўшай беларускай літаратуры. Альбо публіцыстыкі?

 

Народны філёзаф

Вадзім Карцаў, «Малады Фронт»:

На фоне ўсеагульнага ўсхваленньня творчасьці Быкава ў мяне зьяўляецца жаданьне паарыгінальнічаць і пакрытыкаваць гэтага аўтара. Найперш хачу сказаць пра тое, што не зусім пасуе друкаваць у «Нашай Ніве» ягоныя творы, бо яны выпадаюць з агульнага нашаніўскага аптымізму і рамантызму. У быкаўскіх творах больш праглядаецца чорная безвыходнасьць, хоць гэта суб’ектыўны погляд. Па-другое, мяне, як эстэта і маладога чалавека, Быкаў не прываблівае як аўтар, якога можна чытаць кожны дзень. А па-трэцяе, новы стыль, які абрала «Наша Ніва» — гэта адыход ад мастацтва і абстракцыі да рэальнасьці, таму Быкаў тут абсалютна не падыходзіць. Чытач прыпавесьцяў Быкава — саракагадовы і болей чалавек, з роздумам, не абцяжараным сэксуальным успрыняцьцем сьвету, чалавек, які ўжо прайшоў усе стадыі перажываньняў полавага кшталту, чорны філёзаф, пэсыміст. Можна сказаць, з пакаленьня сямідзясятых. І Быкаў ня зьменіць свае творчасьці, ён застанецца такім.

Ёсьць вялікі інтарэс да Быкава як да зоркі. Яго будуць чытаць, не зважаючы на тое, што ён напіша, таму што ўжо ёсьць імя, імідж. У нашага народа здаўна ёсьць прага мець нейкага аўтарытэта, старэйшыну, якога можна лічыць народным філёзафам.

Запісаў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0