Адраджэньне й Рэвалюцыя

 

Цэнтральная Рада Маладога Фронту спрабавала прасіць прабачэньня ў міліцыянтаў за той каменны град, пад які ахоўнікі дзяржаўнага парадку трапілі 17 кастрычніка. Пасьля гэтае рашэньне дэзавуявалі — стала вядома пра зьверствы амонаўцаў у дачыненьні да арыштаваных, у гэты раз сапраўды, здаецца, проста жывёльныя. Ідэалізм адраджэнцаў увайшоў у супярэчнасьць з эмпірыкай рэвалюцыі.

Любыя такія сутыкненьні — гэта рэпэтыцыя нечага большага. Тактыка авангарду дэманстрантаў была вулічна правільнаю: шчыльны трайны кардон міліцэйскіх шчытоў прабіць ці выціснуць з моста было немагчыма. Прарваць яго можна было або ўжыўшы грубую сілу, чаго нікому не хацелася, або справакаваўшы частку міліцыянтаў на пагоню і кінуўшыся ва ўтвораныя тым самым “дзіркі”: атрымалася б куламеса, але маса дэманстрантаў пры мінімуме гвалту пратачылася б на іншы бок Сьвіслачы, як вада скрозь сіта. Дэманстрацыю, як плынь, не стрымаць. Пагатоў, што міліцыя ўнутрана спачувае дэманстрантам. Іншая рэч, што недзе там, пад чырвоным домам, стаяла напагатове служба аховы прэзыдэнта і тыя, хто займаўся Захаранкам, Ганчаром і Віньнікаваю… Але дэманстрантаў заставалася мала, зусім мала для рашучых дзеяньняў. Жменька юнакоў, натхнёных сьветлай нацыянальнай воляй і маральнай сілай. Побач зь імі шпурлялі брук і проста людзі без ідэалаў, але з інстынктамі помсты і самазьберажэньня, якім пляваць на Беларусь, але якім перайшоў дарогу зьнянавідны Лукашэнка, пазбавіў жыцьцёвых пэрспэктываў. Гэты лукашэнка стаяў вось тут, са шчытом. Нянавісьць, кроў, мат, разбурэньне, натоўп, што разьбягаецца. Гэта абразіла адраджэнцаў. Не такой уяўлялі яны сабе рэвалюцыю, не пра такіх паўстанцаў чыталі яны ў кнігах пра Каліноўскага і Плятэр.

Гэтак адраджэнцы пачынаюць задумляцца над мэтаю свайго руху. Каго яны ўзгадавалі, каго абудзілі? Адраджэнцы-інтэлігенты. Адраджэнцы-стоікі. Яны хочуць узяць зацятасьцю, упартым стаяньнем, неаднаразовым паўтарэньнем шэсьцяў, цудамі духу, бясстрашным цярпеньнем удараў і зьдзекаў. А катарсыс аказваецца, на першы погляд, брудным і ўсякім. Адраджэньне гартуе ідэалы, ідэалы хочуць спраўдзіцца. А рэвалюцыянэры — байцы і апартуністы.

Ці мусова адраджэньне як падрыхтоўча-асьветніцкі чын скончыцца Нацыянальнай Рэвалюцыяй? І чым, калі ня ёю? У якую форму яна апранецца? Якая крытычная маса мусіць назапасіцца? Па чым пазнаюць рэвалюцыйную сытуацыю? Ці дастаткова пары нешматлікіх, але адданых і падрыхтаваных падпольных групаў, каб узначаліць 100-тысячныя шэсьці?

Культура — гэта рэзэрвацыя, у якую каляніяльныя ўлады хочуць загнаць нацыянальную энэргію. Спробы падмяніць палітычную і эканамічную барацьбу культурніцтвам — гэта прапановы капітуляцыі. Капітуляцыі шчэ перад боем. Прычым штодзённую палітычную барацьбу прапануецца замяніць не інтэлектуальным пошукам і мастацкай творчасьцю, а дзевятнаставечным, народніцкім, сьвіткавым асьветніцтвам, папулярызацыяй — агітацыяй за шчасьце.

Рэвалюцыя толькі тады бывае аксамітнаю, калі яна адбываецца з пазыцыі бясспрэчнай сілы, нават калі гэта культурная рэвалюцыя.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0