Вольга Караткевіч

«ЧАС ЗЬБІРАЦЬ КАМЯНІ»

 

Не камянi, якiмi маладыя ўдзельнiкi Маршу Свабоды прабiвалi шлях да Волi i якiя пасьля ляцелi ў сьпiну гэтым удзельнiкам з боку мiлiцыянтаў, а вобраз каменя — сымбалю сьпеласьцi i мудрасьцi — узгадаў Лявон Вольскi ў сваёй песьнi «Я, да жалю, ня пан». У сучаснай Беларусi мы зьбiраем камянi — першую зброю саракатысячагадовага Homo Sapiens.

«Мне лягчэй на душы, калi мой муж — у турме. Я ведаю, што ён жывы”, — сказала жонка Анатоля Лябедзькi, асуджанага на 10 сутак адмiнiстрацыйнага арышту. 17 кастрычнiка дэпутат Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька пасьпеў першы выступiць на мiтынгу, перадаць прывiтаньне ад мiжнароднай грамадзкасьцi мужным беларускiм дэмакратам i папярэдзiць апошнiх аб магчымых правакацыях. Пасьля Лябедзька паехаў дадому. У аўторак быў затрыманы. У сераду асуджаны. Прысуду судзьдзi Савецкага раёну Казадаева мы чакалi больш за гадзiну... Пасьля вынясеньня прысуду Лябедзька заўважыў: “Там — ня зьнішчаць”. Мабiльны дыплямат з АБСЭ на пытаньне, што ён пра гэта ўсё думае, адказаў: «Вы ведаеце». Правiльна, думае i адчувае ўсё тое, што й мы. Нармальныя мужчыны служаць жанчыне i Радзiме, а ня iдалу.

Аляксандар Лукашэнка, які прафэсійна гуляе ў вэрбальныя гульні, спадзяваўся і надалей мусоліць “перамовы”. Ён адчувае сябе камфортна і ўпэўнена: гульцы вядомыя і прадказальныя, гульня адбываецца на ўласным полі, міжнародныя арбітры пазбаўленыя эмоцыяў. Аляксандар Лукашэнка аказаўся непадрыхтаваны да дыялёгу сілай. Паказальная працяглая адсутнасьць рэакцыі сп. Лукашэнкі на падзеі, шырока пракамэнтараваныя замежжам. Напрыканцы тыдня нават дэпутаты малдоўскага парлямэнту далучыліся да асуджэньня дзеяньняў беларускіх уладаў, а эпатажная Валерыя Навадворская паабяцала бараніць незалежнасьць Беларусі са зброяю ў руках і нат пазнаёміла расейскага тэлегледача з Багдановічавай “Пагоняй”.

Затрыманыя пасьля Маршу Свабоды сталі вязьнямі сумленьня, а міліцыянты, якія біліся зь непаўналетнімі дэманстрантамі, атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. Тут узгадаліся радкі Робэрта Раждзественскага, што зьмешчаныя на інфармацыйным стэндзе ў Партызанскім РАУСе сталіцы. Савецкі паэт зьвяртаецца да кожнага міліцыянта і нагадвае нешта накшалт “по нему одному судят о законе всей страны”. Адзін такі й сказаў мне ў РАУСе, што “калі б зараз загадалі, застрэліў бы”.

Кожны факт з кронiкi фiзычнай i маральнай расправы над затрыманымi пасьля Маршу Свабоды — небанальная iлюстрацыя, гаварыць пра якую выпадае толькi пасьля працяглага асэнсаваньня. Твор нечалавечага «мастацтва», успрымаць якi нармальная псыхiка адмаўляецца. Істоты, якiя ў цемры аўтобусаў тапталiся па сьпiнах людзей, утварэньнi, якiя пiналi, зьневажалi, абплёўвалi i бiлi людзей, суб’екты, якiя прымушалi людзей сьпяваць «В траве сiдел кузьнечiк», а мацi траiх дзяцей абяцалi згвалцiць зграяй — вiдаць, гэтыя арганiзмы прайшлi сэлекцыю перад тым, як уладзiцца ў Орган, ваяўнiчасьць якога спароджаная адно iнстынктамi. А розуму цяжка весьцi дыялёг з iнстынктам, таму часам асэнсаваным шляхам для аргумэнтацыi ў людзей разумных ёсьць iнстынктыўны шлях. “Час зьбіраць камяні, час расьці камяням”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0