30 гадоў трагедыі

Апісаньне жыцьця й зьнішчэньня бажніцы Апекі Маці Божае ў Воршы

 

На працягу жніўня—кастрычніка 1969 году быў зьнішчаны адзін з найлепшых помнікаў беларускага барока, найбуйнейшая сьвятыня Воршы — сабор Апекі Маці Божае колішняга кляштару базыльянаў. Гэтая велічная бажніца два стагодзьдзі вызначала аблічча старажытнага гораду над Дняпром.

У 1758 годзе з ініцыятывы й на фундуш аршанскага старосты Івана Лянкоўскага пачалося ўзьвядзеньне базыльянскага кляштару са сьвятыняю. Будаўніцтву папярэднічала вялікая праца над стварэньнем архітэктурнага праекту, набыцьцём і дастаўкай будаўнічых матэрыялаў. Вымуроўка рабілася з адмыслова выштукаванай чырвонай цэглы. Сам Іван Лянкоўскі прыгледзеў і прыдбаў пад будаўніцтва маляўнічы куток зямлі на пагорку, што на правым беразе рэчкі Аршыцы. Гэтае месца беспасярэдне прылягае да старадаўняга гістарычнага цэнтру. З эстэтычнага й горадабудаўнічага пунктаў гледжаньня выбар месца пад забудову быў беспамылковы. Час гэта пацьвердзіў...

Комплекс уніяцкага кляштару з бажніцаю сеў блізка астатніх манумэнтальных збудаваньняў Воршы, злучыўшыся зь імі ў адзіны непаўторны ансамбаль. І гэта было апошняй рысаю ў фармаваньні гістарычнага гарадзкога асяродку: у паўднёвым Задняпроўі паўстаў комплекс Куцейнаўскіх праваслаўных манастыроў, на паўночным захадзе — наш, той самы, Базыльянскі кляштар. Будаўніцтва было канчаткова завершанае ў 1774 годзе, калі й адбылося высьвячэньне сабору пад назовам Апекі Маці Божае. Гэта было ўжо праз два гады пасьля акупацыі нашага Падняпроўя Расеяй. І ў гэтыя два апошнія гады імпэтна вялася праца па аздабленьні самое бажніцы.

Кляштарны будынак мае галерэйную сыстэму пляніроўкі, колісь ён быў перакрыты высокай вальмавай страхою з дахоўкі. У сутарэньнях і на першым паверсе — крыжовыя скляпеньні, вышэй — бэлечныя перакрыцьці. Фасады аздобленыя пілястрамі, руставанымі цягамі й філёнкамі. Гэты будынак ацалеў, на шчасьце, да нашых дзён.

Велічны гмах трохнэфнае кляштарнае базылікі зь дзьвюхвежавым фасадам быў збудаваны ў стылі позьняга, віленскага барока. Стромкія, сьветлыя вежы сьвятыні і вялікі купал над сяродкрыжжам, якія былі бачныя з розных канцоў места, трымалі на сабе ўвесь архітэктурны вобраз Воршы і надавалі яму велічны і ўрачысты характар. Асабліва прыгожа выглядаў гэты сабор з боку Аршыцы, у водах якое адлюстроўваўся ягоны абрыс... І я гэта добра памятаю з часоў свайго маленства. Вобраз храму адлюстроўваўся і ў маёй душы. Ён для мяне стаў узорам хараства і ўсьведамленьня вечнасьці... Маё дзяцінства мінала тут побач, на тым самым беразе Аршанкі. І прысутнасьць бажніцы адчувалася мною ўвесь час. Менавіта ў засені бажніцы Апекі Маці Божае сфармаваліся мае духоўныя й мастакоўскія пачуцьці...

Па вайне царква доўга стаяла бяз даху і купалоў, уяўляючы сабою суворае, але рамантычнае відовішча. І гэткі стан сьвятыні цалкам адпавядаў тагачаснаму стану беларускай культуры наагул: парушанай, зьнявечанай, але яшчэ жывой і прывабнай. Дарэчы, у міжваенны час тут нават дзейнічаў нейкі музэй...

...Як па касаваньні Ўніі ў 1839 годзе ў Воршы зьвялі грэка-каталіцкую царкву, дык і гэты базыльянскі сабор стаў праваслаўным. Як і ўсе колішнія каталіцкія і ўніяцкія бажніцы Воршы. У 60-я й 80-я гады мінулага стагодзьдзя й на пачатку нашага сабор Апекі Божае Маці колькі разоў перараблялі на новы, расейскі капыл. З таго часу ён страціў свой першародны, спрадвечны вобраз. Пры ім дзеялі праваслаўныя вучэльня й манастыр.

...Па вайне, за часоў майго дзяцінства, гэтая сьвятыня, занядбаная й пашкоджаная, нікому не была патрэбнаю. Але для беларускай культуры, для нашае гістарычнае спадчыны надышлі самыя чорныя, трагічныя часы. Па ўсім краі руйнавалася нацыянальная спадчына. Гэткі чорны дзень надышоў і для сабору Апекі Маці Божае — у жніўні 1969 году.

Я прыехаў тады ў Воршу да сваіх бацькоў, у першы свой адпачынак пасьля году працы ў Менску. Тады й адбылася тая жахлівая сустрэча... На мяне зеўрыла нутро бажніцы, у якой не было ўжо правага нэфу й вежы. Я стаў і заплакаў... Гэтак я ўпершыню пабачыў сьвятыню знутры... і быў уражаны яе дасканалым канаючым хараством. Гэта была казачная птушка. Яна маўкліва памірала, ператвараючыся ў пыл ды парахню. А побач увіхаліся йстоты з мізэрнымі душамі, якія ўсё мералі на пляшку гарэлкі. І ў іх была чыгунная баба, якая нястомна, дзень пры дні рабіла сваю справу.

Я пасьпеў тады зрабіць вось гэтыя здымкі. І паехаў у Менск, мяркуючы, што ў сталіцы можна будзе прыняць якія дзейсныя захады дзеля ўратаваньня сьвятыні. Адразу ж напісаў ліст у тыднёвік «ЛіМ», у Таварыства аховы помнікаў і Савет міністраў, наіўна мяркуючы, што калі не чынавенства зразумее, дык хоць «ЛіМ» надрукуе мой допіс, поўны болю й роспачы... Але ж не! Ніхто мне нават не адказаў. Тое самае ў той жа час спрабаваў рабіць і Ўладзімер Караткевіч. Але ўсё было марным. Сьвятыня была зьнішчаная дазваньня чыгуннай бабаю, а друз вывезьлі зь месца злачынства. Ад бажніцы да восені застаўся толькі аскабалак вежы левага нэфу, з таго боку, дзе яна прымыкала да кляштару. Вось і ўсё, што засталося ад славутага нашага помніка...

Яшчэ раней я бачыў тое самае ў сваёй Воршы, калі ў 1958 годзе зьнішчалі іншы сабор Нараджэньня Багародзіцы, канца XVII стагодзьдзя. Таксама чыгуннай бабаю. Я тады вучыўся ў школе. І напярэдадні тае падзеі зрабіў пару замалёвак бажніцы ў свой альбом... На жаль, ён не зьбярогся. Але я зьбярог памяць пра тое хараство.

Цяпер новыя часы. Гэта ўжо ня тыя далёкія 58-ы ці 69-ы гады. Перакананы, што ўжо сёньня мы можам, абавязаныя ставіць пытаньне пра аднаўленьне сваіх сьвятыняў. Няхай жа стане знакам Адраджэньня Воршы ўзнаўленьне найперш сабору Апекі Маці Божае. Прыйдзі! І будзь з намі вечна!

Мікола КУПАВА, мастак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0