страчаны скарб-3

 

МЕНСК — ТОЛЬКІ ЭТАП

 

СЛОВА

Спачатку было слова. Дакладней — страчанае слова. Я сустрэў яго ў старым вершы і прыняў за апіску. У сучаснай мове гэткага слова няма. А старыя слоўнікі цьвердзяць, што яно было, толькі забытае, страчанае. За словам пачыналася аповесьць, літаратурны твор, таксама згублены, як выглядала, назаўсёды. А была тая аповесьць пра горад, апеты ў беларускіх песьнях і вершах, але гэтаксама страчаны і забыты. Па-над горадам стаяла зорка — наша прыцягальная мроя пра сваю зямлю і пра свабоду. І зорка таксама была забытая.

Са слова, прынятага мною за памылку, пачыналася клясычная нізка «Вершаў аб Вільні» Ўладзімера Жылкі:

Калі сябры нас гудзяць згубаю
І ворагі прарочаць скон, —
Тады к Табе, о Вільня любая,
Прыводзяць згадкі у палон.

У першых двух радках апазыцыі «сябры — ворагі» на самым відным месцы вытыркаўся незразумелы дзеяслоў гудзяць. Менавіта яго я прыняў за апіску пры першым прачытаньні. Пазьней давялося пабачыць і першую публікацыю ў віленскім даваенным часопісе «Студэнцкая думка», і пазьнейшыя — у леташнім выпуску «Беларускага кнігазбору». «Апіска» паўтаралася ў нязьменным выглядзе. Я спрабаваў прыдумаць, што іншае магло быць на месцы незразумелага слова і не знаходзіў прыймальнага заменьніка. Інтрыга ўзмацнялася тым, што наўпроставы паэтычны нашчадак Максіма Багдановіча Ўладзімер Жылка з найвялікшым чуцьцём і піетэтам ставіўся ня тое што да кожнага слова, але да кожнага гуку. І потым «Вершы аб Вільні» мусілі стаць хрэстаматыйнымі, бо працягвалі паэтычную місію Багдановічавай «Пагоні»:

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму cьвятую
І ваякаў на грозных канях.

Таму цяжка было паверыць, што першы ж радок вандруе з кнігі ў кнігу з банальнай апіскай. І пытаньне пра незнаёмы дзеяслоў пры кожнай новай сустрэчы заставалася адкрытым.

Вырашыць яго канчаткова я наважыўся сёлета, патрапіўшы ў Прагу. Рэч у тым, што пісаліся «Вершы аб Вільні» менавіта ў чэскай сталіцы, дзе Жылка ў сярэдзіне дваццатых гадоў вучыўся ва ўнівэрсытэце. Можа, дзеяслоў пазычаны з чэскай мовы?

Жыў паэт у прадмесьці Прагі Радоціне. Там і сёньня стаіць дом, у якім былі напісаныя віленскія вершы. Захаваліся лісты Жылкі да тагачаснага патрыярха віленскае беларушчыны Антона Луцкевіча. Лісты з Радоціна распавядаюць пра акалічнасьці стварэньня «Вершаў аб Вільні». Аднак мае падозраньні пра тое, што дзеяслоў узяты з чэскае мовы, не апраўда-ліся. Пры шчыльнейшым вывучэньні стала зразумела, што гэта не памылка, не апіска і не запазычаньне. Гэта слова папросту забытае ў сучаснай беларускай мове.

Можна па-рознаму вымяраць наступствы русіфікацыі, закрыцьця беларускіх школаў, звужэньня сфэры беларускай мовы. Але пры ўсім пры тым мова застаецца — зафіксаваная, жывая ў пэўных асяродках і заўсёды гатовая заняць пачэснае месца ў грамадзтве. Фатальныя страты адбываюцца, калі выпадаюць словы, нібы тыя зубы, а ў выніку паступова разбураецца гармонія цэлага. На забыцьцё дзеяслова «гудзіць» беларусам спатрэбілася гадоў пяцьдзясят. Жылка адкрываў гэтым словам свае лёсавызначальныя вершы без усялякага ўнутранага ваганьня, а ўжо маё пакаленьне бачыла ў ім апіску. Як высьветлілася, страчана і забыта зусім арыгінальнае беларускае слова, якое ня мае сэнсавага эквіваленту. Гэта значыць, што яно не замененае нічым. На маю думку, найбольш дакладна ў цяперашняй беларускай мове ягоны сэнс перадае зусім небеларускае слова: гудзіць — дыскрэдытаваць.

 

ГОРАД

Важнасьць усяго сказанага будзе зразумелая, калі згадаць, што за страчаным словам стаіць нешта нашмат большае, чым толькі лексыкаграфічныя характарыстыкі. За ім стаіць верш Уладзімера Жылкі, за якім, у сваю чаргу, стаіць натхнёнае памкненьне да тае зоркі, што служыць арыенцірам у шляху нашага народа да свайго нацыянальнага адраджэньня. Каб растлумачыць сэнс гэтых высокіх словаў, я мушу спачатку ўзнавіць іншыя строфы гэтага верша Ўладзімера Жылкі:

Калі сябры нас гудзяць згубаю
І ворагі прарочаць скон, —
Тады к Табе, о Вільня любая,
Прыводзяць згадкі ў палон.

Ў маіх лятунках ты — ўладарная
Пануеш ты, харашыня:
Завулкаў сон і ціш кляштарная,
Вільлі празрыстай глыбіня

Вялікай вуліцы экзотыка,
Тэатры, кіно, шпіталі:
І маліцьвенна ўзносіць готыка
Да неба тонкія шпілі;

. . .

А там, па-над мурамі даўнымі,
Дзе места ўсенькае відно,
Руіна думамі дзяржаўнымі
Гадае нам: чыё яно?

Нагадаю, што гэты верш Ула-дзімер Жылка напісаў у прадмесьці Прагі і адразу адаслаў яго ў Вільню свайму літаратурнаму патрону Антону Луцкевічу. З лістоў да Луцкевіча вядома таксама, што ў Радоціне Жылка пісаў і «Аповесьць аб Вільні», якая, на жаль, не захавалася.

Атрымаўшы паэтаў ліст, Луцкевіч піша артыкул «Вільня ў беларускай літаратуры», куды ў выглядзе цытатаў устаўляе поўныя тэксты Жылкавых вершаў. Артукул друкуецца ў часопісе «Студэнцкая думка» і трапляе ў Прагу. У адказ, у лісьце Луцкевічу Жылка піша:

«Галоўнае, што радуе ў Вашым артыкуле, гэта тое, што мы адзінакава гледзімо на Вільню. Ваша аўтарытэтнае слова яшчэ болей пераконвае мяне, што к вырашэньню «Віленскага пытаньня» прыйдзем толькі нашым шляхам. І яшчэ — веру: зьдзейсьненьне сапраўднае сувэрэннасьці нашага народа, сапраўднае незалежнасьці адбудзецца толькі ў Вільні, ці... нідзе. Менск — этап у разьвіцьці і поступе нашае ідэі».

На двары 1925 год. Жылка піша гэта ў прадмесьці Прагі, у двухпавярховым асабняку, дзе здымае ці то пакой, ці то толькі ложак. У Вільні пануюць палякі і пальшчызна, але працуюць беларуская гімназія, газэты, партыі. Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада налічвае 100 тысяч сяброў. Вільня мае неафіцыйны статус сталіцы Заходняй Беларусі. У Менску будуюць камунізм. Жылка запыняецца над лістом Луцкевічу і выводзіць гэтую відавочна вынашаную, прадуманую і прачутую фразу: «Менск — толькі этап».

На маю думку, такое разуменьне вельмі сугучнае сёньняшняму дню. У Менску блытаюцца віды на будучыню Беларусі, дакладней, ніхто не прапануе выразнага бачаньня — якой павінна быць краіна. Зь сёньняшняга Менску не відаць тае прыцягальнае зоркі, якая б вабіла ў ідэальную Беларусь. Такое адчуваньне, быццам неглыбокая ручаіна нацыянальнае энэргіі вычарпаная тут дарэшты. Справа ў патэнцыяле. Уявіце, што сталіцаю Беларусі стаў бы ня Менск, а, скажам, Бешанковічы. Я, вядома, крыху утрырую, але раблю гэта для таго, каб паказаць, што па-першае, не ў геаграфічным цэнтры справа, па-другое, ня кожны горад можа выконваць функцыі духоўнай сталіцы, а калі й можа, дык патрэбна невядома колькі часу, каб горад набрыняў тым духам і нарадзіў уласную традыцыю. Факт той, што Менску ХХ стагодзьдзя на такую справу не хапіла. Ягонае ўнутранае энэргіі зусім няшмат, каб наталіць зацыкленае на Менску нацыянальнае адраджэньне. Затое ў Вільні адчуваецца гэткі патэнцыял.

Гаворачы пра Вільню, я ня маю на ўвазе тэрытарыяльных прэтэнзіяў да сучаснае Літвы або якой-кольвек экспансіі. Але тут важны прынцып.

Кажуць, сёньняшнюю Літву зрабілі паўнавартаснай нацыяй 20 гадоў даваеннага капіталізму. Але нельга забываць, што ўсе тыя 20 гадоў уся нацыя літаральна мроіла Вільню, як старажытную сталіцу, безь якой нікуды. І менавіта гэтая мроя найперш вырабіла літоўцаў у паўнавартасны народ. У выніку сёньня ў літоўскім Сэйме сур’ёзна гавораць пра тое, што Літва хоча браць чынны ўдзел у міжнародных перамовах пра будучыню Калінінграда, бо скончыўся 50-гадовы тэрмін, на які, паводле Пацдамскай канфэрэнцыі, гэтую тэрыторыю атрымала Расея. А нядаўна Літва ў сваіх афіцыйных паперах цалкам афіцыйна перайшла да называньня ўсіх гэтых Савецкаў ды Чарняхоўскаў і самога Калінінграду старымі літоўскімі назвамі. А ў нас нават дасьведчаная прафэсура называе Вільню Вільнюсам.

Параўнаньне зь Менскам як этапам выкліканае зусім рознымі патэнцыяламі двух гарадоў і розным нацыянальным досьведам і скарбам у іх. Наколькі празрыста адчуваў гэта Максім Багдановіч, калі пісаў сваю «Пагоню», Антон Луцкевіч у шматлікіх артыкулах, Уладзімер Жылка ў сваіх «Вершах аб Вільні», і наколькі гэта цяжка даказаць і зразумець сёньня. Быццам нешта зьмянілася за мінулыя гады. Хоць асабіста я схіляюся да думкі, што тут хаваецца адна з прычынаў нашага нацыянальнага застою. Менск можа заставацца палітычнай сталіцай, але ў справах духоўнасьці і культуры, гэта значыць, у справах ідэальных ён — толькі этап.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0