Навіны зь Беларусі за суботу й нядзелю

 

З турмы на зьезд

У суботу даседзеў за Марш Свабоды Анатоль Лябедзька. Проста з Акрэсьціна яго павезьлі ў палац «Сукно» на зьезд БНФ, і там ён, яшчэ ня зьбіўшы зь сябе астрожнага пылу, кінуўся ў дыскусіі. Хай бы сваю АГП далучаў да новага Фронту, усім было б на карысьць. Арыштам Лябедзькі надта абурылася Эўропа — ён жа зьяўляецца спэцыяльна запрошаным ў Раду Эўропы.

 

Спэкгарда дасталі

Дэніэл Спэкгард напісаў ліст Мясьніковічу, дзе просіць тлумачэньняў: маўляў, што гэны меў на ўвазе, кажучы, што Захад даў грошы на тое, каб «ламаць, крушыць і падпальваць». Амэрыканскі пасол палічыў гэта зьнявагаю. Мы, піша, за той год надалі Беларусі гуманітарнай дапамогі на 15 мільёнаў даляраў, у тым ліку адных лекаў на 5,8 мільёнаў, а вы паклёпнічаеце. А Мясьніковіч абы-што будзе казаць, абы праўды не сказаць.

 

У Расейскім тэатры — шклоўскі самазванец

У Расейскім тэатры Барыс Луцэнка паставіў новы спэктакаль паводле твораў Пушкіна. Называецца «Бяседа пад час чумы», але й з «Завірухі», і з «Анджэля», і асабліва з «Камэдыі пра Барыса Гадунова ды Рыгорку Атрэп’ева» там шмат ёсьць. Гэта і драма, і рок-опэра, і тэатар аднаго актора — Уладзімера Шэлестава, які адначасова грае цара Барыса, фальшывага Дзьмітра, патрыярха, Шуйскага, бажавольнага і яшчэ пару пэрсанажаў. Білеты ў Расейскі тэатар зусім танныя — ад 55 тысячаў рублёў. Ня тое, што ў балет, дзе яны каштуюць усе больш за мільён.

 

Інвэстыцыі ў Белаазёрск

Нашы хочуць знайсьці інвэстыцыі на рэканструкцыю Бярозаўскай ДРЭС. Калісьці гэта была перадавая станцыя, да якой ад Бярозы адмыслова падвялі чыгунку і якая працавала на вуглі й мазуце. Цяпер яна састарэла, завальвае ваколіцу сажаю. Дык у Прагу на эканамічны форум краінаў Цэнтральна-Эўрапейскай групы павязуць стратэгічны праект, каб хто даў грошай на рэканструкцыю.

 

Выкладчыкі шыраюцца

У маладога выкладчыка Магілёўскае вучэльні культуры на працоўным месцы міліцыя знайшла 60 г марыхуаны, піша БелаПАН. Хто на яго даказаў — ці вучні, ці дырэктар, невядома. Невядома пакуль таксама, ці ён сам тыя каноплі сеяў, ці дзе ў каго перакупіў.

 

Даезьдзіліся

Палякі ўвялі абмежаваньне: цяпер беларусам можна будзе да іх езьдзіць не часьцей, чым два разы на месяц. Дасталі беларусы палякаў сваім шпікулянцтвам: цягнулі яны ў Польшчу ўкраінскі шпірт, менскую гарэлку, пінскія запалкі, берасьцейскія лямпачкі, калгасны супэрфасфат, і ўсё на целе, і ўсё пад бялізнаю. Палякі чакалі, чакалі, што нашых якая скула возьме. Анягож. Абрыдла палякам лазіць да нашых цётак пад бялізну. Цяпер, каб напалохаць, таксама вырашылі яны ня толькі сканфіскоўваць кантрабанду, але й даваць кантрабандыстам вялікую кару.

 

Віленскія мроі

Тэатар аднаго актора «Зьніч», які кватаруе ў Чырвоным касьцёле, пачаў свой 10-ы сэзон спэктаклем «Віленскія мроі», пастаўленым паводле ўспамінаў Юльяны Вітан-Дубейкаўскай пра Івана Луцкевіча, ейнае незабыўнае каханьне. Успаміны выдала «Наша Ніва» ў 1994 годзе. Кветку Вітан іграе Галіна Дзягілева.

 

Лукашэнка накрычаў на Севярына

У суботу пасьля абеду Лукашэнка прыняў кіраўніка рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі Севярына і небарачку прадстаўніка АБСЭ ў Беларусі Віка. Тыя сталі казаць пра перарваны дыялёг, пра арышты. Тады Лукашэнка даў ім ясную пытлю: «Мы знаем, хто хоча сарваць гэты дыялёг. Мы можам прадаставіць вам дакумэнты з усімі прозьвішчамі, у тым ліку і вашымі». Гэты і чорту ў пекле дасьць фаеру.

МАГАТЭ будзе нас рапсам карміць

У Менск прыяжджаў дырэктар МАГАТЭ Ціхуй Цянь і сустаркаўся з Лукашэнкам. Дамовіліся, што гэтае агенцтва па атамнай энэргіі дасьць Беларусі на наступныя два гады 1,2 мільёны даляраў, каб на гэтыя грошы пачалі ў Чарнобыльскай зоне садзіць рапс. Быццам бы рапс усю радыяцыю ўсмоктвае зь зямлі ў сьцябло і лісьце, а кветкі і насеньне застаюцца чыстымі. Пасьля гэтага ў Беларусі ўжо алею ня будзе бракаваць. МАГАТЭ — гэта такая арганізацыя, што пры канцы 80-х хацела, каб беларусы жылі ля самага Чарнобыля, а МАГАТЭ прыяжджала ды глядзела, як яны да радыяцыі прыжываюцца. А рапс — гэта такая расьліна, што ў чэрвені жоўценькім цьвіце.

 

Што раньш было

Сёньня ў Магілёве адкрываюць фэстываль «Залаты шлягер». Прыедуць Зыкіна, Антонаў, Кікабідзэ і яшчэ нейкі Сярэбранікаў. Гэта былі такія сьпевакі ў Савецкім Саюзе.

 

Выраджэньне

Збожжа сёлета сабралі 17 ц з гектару, бульбы 96 ц (мех сеем, чатыры зьбіраем), буракоў цукровых — 214 з га, кармавых — 245 з га. Па ўраджаях Лукашэнка нас з Расеяю ўжо зраўняў.

Барыс Тумар

 

Турэмныя лекі

Хоць маладафронтавец Афнагель і хворы на сэрца, яго ўсё ж засудзілі на 15 дзён астрогу за Марш Свабоды. Адзін чалавек, што зь ім адседжваў, вызваляўся, дык ён зь ім перадаў на волю запіску. Піша, што як у яго балела ў грудзях, дык наглядчыкі ня толькі ня выклікалі доктара, але далі такія таблеткі, ад якіх сэрца стала яшчэ больш балець.

Тацяна Равяка, «Вясна ’96»

Будзе з вас газэтаў

У Пінску ўлады не далі дазволу на адкрыцьцё трох новых прыватных газэтаў, сярод іх газэты Пінскага аддзяленьня Гельсынскага камітэту. Адказ прыйшоў ад уладаў просты: «ужо й так існуе дастатковая колькасьць газэт». No comment.

Зь Пінску — Юрась Чарнякевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0