Куды кінуць камень?

 

Тэма расколаў з папярэдняга нумару «НН» атрымала свой працяг у мінулыя выхадныя на зьезьдзе БНФ. Дакладней, на двух зьездах.

Першы, на які сэктанты не пусьцілі ня толькі журналістаў і няўгодных фронтаўцаў, але нават і некаторых сяброў Cойму нядаўна створанай КХП (напрыклад, рэдактара «Пагоні» Міколу Маркевіча), прайшоў бяз кворуму і характарызаваўся шматлікімі падлогамі (пры ўсіх ранейшых закліках З.Пазьняка да маральнае палітыкі — у газэце М.Маркевіча, дарэчы). Другі зьезд, які ў той самай залі адбыўся ўвечары, сабраў кворум, выглядаў, наколькі гэта было магчыма, як адкрыты і цывілізаваны (тут нават каву давалі з бутэрбродамі) зьезд палітычных аднадумцаў, выбраў калектыўнае кіраўніцтва і старшыню — Вінцука Вячорку. Большасьць старых фронтаўцаў зрабіла выбар на карысьць другога зьезду. Але ўся ў цэлым гэтая сытуацыя завершанага расколу прымусіла думаць пра іншае.

Беларускі палітычны спэктар ужо ня дзеліцца на два колеры: чорны і белы — яны і мы. Выбар аднадумцаў становіцца ўсё больш кампрамісным і складаным. Кампрамісы — гэта праверка вашых прынцыпаў на трываласьць. Вы сустракаеце чалавека, які кажа, што галоўнае — скінуць Лукашэнку. Але вы разумееце, што гэта ня мэта, а толькі сродак ці нават толькі адно з наступстваў. І раптам вам робіцца ясна, што адзінае мэты ў вас са «скідальнікам» папросту няма. Больш таго, у вашых прынцыпах (напрыклад, што да роднае мовы) вы з калегам разыходзіцеся (для яго гэта не галоўнае). А гэта значыць, што, акрамя як на Маршы Свабоды, больш нідзе вам разам рабіць няма чаго. Гэтаксама і «за Пазьняка» ці «супраць Пазьняка» сёньня — зусім не праблема прынцыпаў і выбару мэты.

Седзячы на апошнім зьезьдзе БНФ і пазіраючы на прэзыдыюм, асабіста я думаў пра тое, у Беларусі якога з гэтых палітыкаў я хацеў бы жыць. Апазыцыйная Беларусь Пазьняка асацыюецца з учорашнім днём, бо ня мае на мэце пабудову нармальнага грамадзтва. Зрэшты, і імідж гэтай партыі, як для мяне, ня больш прывабны за імідж якогась Лукашэнкі. Хоць, абавязкова трэба сказаць, што ў палітычным спэктры краіны такая партыя проста павінна быць.

Яшчэ адно пытаньне — пра незалежнасьць. Мы будзем за яе змагацца, разумеючы безадноснасьць гэтага паняцьця, але таксама будзем разумець, што яна — ня мэта. Незалежнасьць — сродак будаваньня нашае Беларусі. І вось тут, зноў жа, высьвятляецца, што далей вас з аднадумцам, іншы раз, ня лучыць нічога. Вашыя шляхі зь пераможных барыкадаў вядуць у розныя бакі, бо рознымі аказваюцца жыцьцёвыя, маральныя, а нават і эстэтычныя прынцыпы.

Усё сказанае — тонкая мэханіка, якая паступова выцясьняе з нашага жыцьця ўчорашні бруталізм і гатоўнасьць крычаць самыя гарачыя словы, пры гэтым, аднак, нічога ня робячы. Ленінская «гапонаўшчына», кінутая як абраза ў бок Маршу Свабоды, патыхае нафталінам прызабытай савецкай школы зь яе ўяўленьнямі пра палітычнае мысьленьне і нязьменнасьць сьветабудовы.

Беларусь зьмяняецца. Зьмяняецца і яе палітычны спэктар, які ўжо раскладаецца на дзясяткі колераў. Найважнейшымі ў выбары аднадумцаў сёньня становяцца: адзінства прынцыпаў, узаемны давер і лепшыя якасьці чалавека (хоць бы і ўменьне паводзіць сябе прыстойна). Варта ўсьвядоміць гэта і разабрацца ва ўласных прыхільнасьцях. Бо заўтра тых колераў будуць не дзясяткі, а сотні і тысячы. І той змагар, які ня здолеў разабрацца сёньня, заўтра апынецца на чарговым Маршы ў роспачнай сытуацыі, ня ведаючы, у які бок кінуць свой камень.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0