Гэтымі днямі па нямецкім тэлебачаньні ідзе новы сэрыял (ГСГ‑9), у якім, паводле сцэнару, дзейнічае беларуская тэрарыстка. Гэта стала падставай для гутаркі нашай карэспандэнткі з адным зь кіраўнікоў Інстытуту дасьледваньня тэрарызму і бясьпекі ў нямецкім горадзе Эсэне Рольфам Тапхофэнам.

Тэлесэрыял, які гэтымі днямі трансьлюецца па нямецкім тэлебачаньні Sat‑1 прысьвечаны нямецкаму антытэрарыстычнаму фармаваньню «GSG‑9». Адна з сэрыяў фільма называецца «Амбасада». Размова ідзе пра тое, як на тэрыторыі нямецкай амбасады ў Менску здараецца нечаканае. Беларуская дысыдэнтка Яніна бярэ ў закладніцы... жонку нямецкага прэзыдэнта. Пэрсанальныя ахоўнікі ня могуць нічога зрабіць. І тады на дапамогу ў Менск ляціць група GSG‑9. Антытэрарыстычная апэрацыя праводзіцца ў супрацоўніцтве з групай беларускага спэцназу на чале зь генэралам Сючэнкам. З тэрарысткай вядуцца даўгія перамовы. Закладніцу, зразумела, вызваляюць.

Адзін зь кіраўнікоў Інстытуту дасьледваньня тэрарызму і бясьпекі ў нямецкім горадзе Эсэне Рольф Тапхофэн нярэдка запрашаецца ў якасьці кансультанта на падобныя сэрыялы. Так было і з фільмам «GSG‑9». Вядучы эўрапейскі экспэрт у галіне тэрарызму называе сюжэт поўнай лухтой:

«Вы ведаеце, падобную сытуацыю я разглядаю як вельмі і вельмі неверагодную. Такога ў Менску здарыцца не магло. Я адмовіўся ад кансультацыі і сказаў аўтарам, што яны мусяць мець рэалістычныя сцэнары. Наколькі я ведаю, група спэцыяльнага прызначэньня GSG‑9 ня надта шчасьлівая з такога кіно. Сам я з прычыны свайго пастаяннага цэйтноту гэты фільм не глядзеў».

У Менску ёсьць вуліца імя Сьцяпана Халтурына, расейскага народавольца, які пры канцы 1880‑х забіў адэскага пракурора Стрэльнікава; вуліца рэвалюцыянэра Івана Пуліхава, які на пачатку 1900‑х ажыцьцявіў замах на менскага губэрнатара Курлова; вуліца імя Міхаіла Бакуніна — у гонар ідэоляга анархізму і ягонай «філязофіі бомбы».

Рольф Тапхофэн аднолькава ставіцца як да наяўнасьці падобных фільмаў, так і да шанаваньня памяці тэрарыстаў — калі іхнымі імёнамі называюць вуліцы ці плошчы. Паводле экспэрта, зьява тэрарызму ёсьць надзвычай сур’ёзнай. У мэтах барацьбы зь ёй трэба вывучаць як ягоныя сучасныя формы, так і гістарычныя вытокі. У любым выпадку ніяк не рамантызаваць.

«Тэрарысты былі і ў расейскай, і ў беларускай гісторыі, — разважае Тапхофэн. — Трэба ўзгадаць анархіста Бакуніна і ягоную філязофію бомбы. Як і раней, тэрарызм на тэрыторыі былога СССР, найперш у Расеі, мае гэтак званае хатняе паходжаньне. Цяпер ён выкліканы пуцінскай палітыкай ў каўкаскім рэгіёне. Арганізатары тэрактаў вельмі пераканаўча апэлююць да рэлігійна‑фудамэндалісцкіх пачуцьцяў выканаўцаў і навязваюць ім матывацыю помсты.»

Як высьвятляецца з размовы, нямецкія адмыслоўцы ў галіне барацьбы з тэрарызмам уважліва вывучаюць досьвед спецыялізаваных фармаваньняў іншых краін. Аналізуючы тэракт у маскоўскім тэатры на Дуброўцы, дзе сярод закладнікаў былі і беларускія грамадзяне, Тапхофэн узгадвае недапушчальна вялікую колькасьць ахвяраў у часе захопу:

«Тое, як рабіўся захоп маскоўскага тэатру, калі выкарыстоўваўся моцны газ малавядомага паходжаньня, ці прыклад Бэслану — усё гэта ёсьць доказам таго, што падобныя рэчы вырашаюцца зь гледзішча інтарэсаў груп захопу...»

Паводле нямецкага экспэрта, галоўную ролю ў тактыцы нямецкай групы захопу ў падобных выпадках адыгрываюць бясьпека і жыцьцё закладнікаў».

У Крымінальным Кодэксе Беларусі тэрарызм апісваецца як «ажыцьцяўленьне выбуху,падпальваньня альбо іншых дзеяньняў, якія вядуць да сьмерці людзей ды іншых цяжкіх наступстваў у мэтах дэстабілізацыі грамадзкага парадку». Мінімальны прысуд — 8 год турмы. Максымальны — пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротнае пакараньне. Летась, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заяўляў, што «экстрэмісцкія элемэнты» падрыхтавалі тэракты, падпалы і атручваньне водаправоду дохлымі пацукамі. Па тэлебачаньні быў паказаны чалавек, які нібыта праходзіў падрыхтоўку ў спэцлягерах на захадзе. Далейшага разьвіцьця гэтая тэма не атрымала.

Алена Струвэ, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0