Нелегальна — на Бацькаўшчыну

Маладыя беларусы ў Нямеччыне ўтварылі Дэмакратычны Саюз Беларусі, каб змагацца за свабоду радзімы

 

На пачатку году наша газэта ўжо пісала пра ўцёкі на Захад маладога судзьдзі з Бабруйску Юр’я Сушкова. Пазьней многія чытачы цікавіліся далейшым лёсам гэтага чалавека. Але зьвестак пра яго не было, акрамя надрукаванага ў прэсе ўказу Лукашэнкі. Ён вызваляў Сушкова ад абавязкаў судзьдзі.

Днямі Юры пакінуў Беларусь другі раз — пасьля таемнага прыезду на радзіму. Перад ад’ездам ён сустрэўся з карэспандэнтам «НН».

...Першым чалавекам, зь якім Юры разгаварыўся пасьля прыезду ў Нямеччыну, быў звычайны таксіст. Слова за слова, і раптам высьветлілася, што кіроўца й пасажыр маюць падобныя лёсы. Таксіст аказаўся палякам, юрыстам па адукацыі, які зьбег у Нямеччыну ад Ярузэльскага пад час ваеннага становішча ў Польшчы. Паляк успрыняў знаёмства зь беларусам з пэўным сантымэнтам. Ён ўзяў за таксі ўдвая менш, чым было на лічыльніку, а пасьля палез у багажнік і ўручыў Юр’ю цэлы пакет прысмакаў. «Вып’еце гарбаты зь іншымі ўцекачамі. Я сам калісь быў такі!» Так нашага земляка сустрэла Эўропа...

— Юры, як Вы жывы-здаровы на новым месцы?

— Я цяпер жыву ў Нямеччыне. Ужо даволі працяглы час у горадзе Дуйсбургу. Працаваць там пакуль магчымасьці няма, бо ўцекачам ня надта даюць працаваць. Немцы ўвогуле вельмі добразычліва ставяцца да нашых людзей. Вельмі вялікую дапамогу дае ўцекачам дзяржава. Ня толькі грашыма: можна хадзіць вучыцца, мову вывучаць, што важна. А магчыма, нават найважней на першым этапе. Людзі ў Нямеччыне вельмі добрыя, вельмі спагадлівыя. Натуральна, нашы суайчыньнікі, якія вымушаны там знаходзіцца, імкнуцца адплаціць тым жа. Хоць, вядома, там шмат выхадцаў з усходу Эўропы, якія займаюцца крымінальнай дзейнасьцю. Гэта падрывае наш аўтарытэт.

Як юрыст, я зьвярнуў увагу, што пакараньні ў Нямеччыне вельмі мяккія, не такія, як у нас. Тут усіх разьмяркоўваюць у папраўча-працоўныя калёніі, як правіла. Там людзі атрымліваюць збольшага штрафы. Пры гэтым нашы штрафы ў параўнаньні з нашымі заробкамі нават большыя, чым іхныя штрафы — зь іхнымі.

Мы ў горадзе Дусэльдорфе — гэта ў Рэйнаніі-Вэстфаліі — стварылі Дэмакратычны Саюз Беларусі. Сабралася група маладых людзей зь Беларусі, гатовых змагацца за вольную Бацькаўшчыну.

 

— Гэта нашы эмігранты? Ці дзеці эмігрантаў?

— Не, гэта ўсё эмігранты ў першым пакаленьні, беларуская моладзь, што цяпер жыве ў Нямеччыне. Арганізацыя паціху пашыраецца. Зьяўляюцца новыя людзі, якія жадаюць аказваць дапамогу — як інтэлектуальную, так і матэрыяльную. Гэта пераважна прадстаўнікі інтэлігенцыі. Кантынгент шырокі. Людзі розныя.

Адна з прычынаў майго прыезду ў Беларусь — наладжваньне сувязяў зь беларускай апазыцыяй. Трэба наладзіць кантакты, каб аказваць адзін адному дапамогу, найперш інфармацыйную. Ёсьць пэрспэктывы стварэньня на Захадзе — відаць, у Галяндыі й Нямеччыне — беларускіх інфармацыйных цэнтраў. Можна будзе выпускаць нават свой бюлетэнь ці газэту. У нас будзе магчымасьць паказаць сапраўднае аблічча нашай дзяржавы.

 

— Перад ад’ездам Вы выказвалі намер напісаць кнігу пра Беларусь. Ці йдзе праца?

— Пра кнігу ведаюць у Дэмакратычным Саюзе Беларусі. І мне цяпер ужо дапамагаюць у зборы матэрыялаў.

 

— Як Вас сустрэлі ў Бабруйску, ці была нейкая асаблівая рэакцыя з боку знаёмых?

— Я ў сваім родным горадзе амаль ня быў. Бо ж я прыехаў нелегальна. Жыву тут так, што пра мяне амаль ніхто ня ведае, акрамя вузкага кола асобаў, якім я давяраю. Бо ўлады абвесьцілі мой вышук. Маю ў руках дакумэнты, якія гэта даказваюць. Калі шмат хто даведаецца пра маё перабываньне ў Беларусі да таго, як я зноў выеду за мяжу, могуць быць праблемы. Магу трапіць ім у рукі. Страшна нешта прагназаваць у сытуацыі, калі ў краіне зьнікаюць людзі. Папросту кажучы, могуць даць дзесь за кутом па галаве, і разьвітвайся з усімі плянамі. У Менску людзі, якія асабіста ведаюць старшыню Вярхоўнага суду Сукалу, сказалі, што ён мне не даруе майго ўчынку... Выступаючы на магілёўскім тэлебачаньні («Магілёў-1», па-мойму, канал завецца) недзе ў мінулым месяцы сп.Сукала сказаў, што кропка ў маёй справе яшчэ не пастаўлена і будуць яшчэ з маім выпадкам разьбірацца. Ім яшчэ нешта хочацца высьвятляць і зь нечым разьбірацца...

 

— Што значыць «у Вашай справе»? Супраць Вас што — крымінальную справу завялі?

— Справу, канечне, наўрад ці заводзілі, бо гэта пэўная працэсуальная працэдура. Павінны ж быць абгрунтаваньні, а ў маіх дзеяньнях ніякага складу злачынства не было.

 

— Калі ласка, пракамэнтуйце артыкулы ў бабруйскай і магілёўскай прэсе, якія былі напісаныя як рэакцыя на Вашае ўцякацтва.

— З задавальненьнем пракамэнтую, бо гэта больш гумар, чым нешта сур’ёзнае. У «Бабруйскім кур’еры» (здаецца, гэтак ён называецца) Галіна Процкая напісала пра мяне артыкул. Ну, яна, відаць, не ад сябе выказваецца... У матэрыяле прысутнічае невялікі аналіз, інтэрвію Ўладзімера Галавачэнкі (гэта цяперашні в.а. старшыні Ленінскага суду Бабруйску), старшыні Першамайскага суду Аляксандра Казусёнка, работніка УУС Бяляцкага і начальніка Ленінскага РАУС Касьцяневіча. Галавачэнка казаў, што я адпрацаваў у судзе ўсяго нічога — год (я адпрацаваў фактычна паўтары гады), а за гэты час рана меркаваць пра судзьдзю як пра спэцыяліста. Што я «абы-як» працаваў, і ўсё такое... Па-другое, Галавачэнка сказаў, што ў мяне ў Беларусі засталася дачка, якую дрэнны бацька, выходзіць, кінуў, пакінуў без алімэнтаў. Але я як плаціў алімэнты на дачку, так і плачу. Стабільна, праз пошту. Паколькі сам я зараз гэтым займацца не магу, я даручыў сваім бацькам выплочваць алімэнты з маіх грошай. Наш закон дазваляе мне гэта рабіць. Мае бацькі ўвесь час знаходзяцца ў Беларусі. Ленінскі райсуд Бабруйску абвесьціў мяне ў вышук. Наколькі мне вядома, гэта было ўказаньне зьверху...

 

— І Вашыя былыя калегі з гатоўнасьцю на такое пайшлі!

— Так. Мая аднакурсьніца, аднагрупніца, якая разам са мной у Харкаве вучылася, Караленка Тацяна, вынесла азначэньне аб маім вышуку. Гэты дакумэнт накіраваны ў Першамайскі РАУС для прыняцьця яго ў вытворчасьць. Я ўвогуле не разумею сэнсу гэтага вышуку: калі справа ў алімэнтах, дык бацькі маюць права плаціць за мяне алімэнты. Пісьмовы дазвол Магілёўскага ўпраўленьня юстыцыі маецца як у судзе, так і ў маіх бацькоў. Галавачэнка сказаў яшчэ, што я зьехаў у Нямеччыну таму, што маю там вельмі шмат сяброў, бо я там нарадзіўся, у Нямеччыне. Гэта проста глупства: нарадзіўшыся, я пражыў там крыху больш за год і з бацькамі зьехаў. Якія маглі быць у гадавалага дзіцяці сябры?!

Хачу паўтарыць: я зьехаў, зыходзячы толькі са сваіх поглядаў на жыцьцё. Я быў абавязаны так зрабіць.

Ведаеце, у мяне шмат сяброў у міліцыі, судзе, пракуратуры, КГБ. Гэтыя людзі мяне падтрымалі. Усе сказалі мне, што я меў рацыю, што я сказаў праўду, што ўсім вядома, якое ў нас робіцца «невядома што». Усе пра гэта ведаюць, але ня ўсе гатовыя на падобны да майго крок.

 

— Вы забярэце сваю сям’ю ў Нямеччыну?

— Пакуль што я ня стаўлю пытаньня так. Але мая жонка — мой паплечнік, яна мяне ва ўсіх справах падтрымлівала, дапамагала.

 

— Усё ж, Юры, дзе Вам хочацца жыць: на Радзіме ці за мяжою?

— Вы ведаеце, гэта залежыць толькі ад палітычнай сытуацыі. Вядома, пры зьмене рэжыму жыць на Захадзе я не зьбіраюся. Чаму я й вярнуўся, хоць часова й нелегальна — бо палітычны прытулак для мяне — не самамэта. У любым выпадку я гатовы працягваць змагацца за вольную Беларусь. Але цяпер я не магу тут знайсьці сабе легальны ўжытак.

 

— А калі дыктатура зацягнецца на пару дзясяткаў гадоў? Мне ў гэта мала верыцца, але раптам?..

— Будзем змагацца зь ёй! Нават пару дзясяткаў гадоў. І абавязкова пераможам!

Гутарыла Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0