Алесь КУДРЫЦКІ

Halloween і Дзяды

 

Джэк быў сквапным чалавекам і таму ня змог трапіць у рай. Аднак і ўваход у пекла быў для яго зачынены, бо Джэк жартаваў з д’ябла. Яму наканавана брысьці па зямлі аж да самага Суднага Дня, асьвятляючы свой шлях пустым кавуном з запаленай васкоўкай унутры. Джэк даўно заблукаў у нетрах ірляндзкіх легендаў, а вось ягонымі ліхтарамі сёньня поўняцца ўсе крамы ад Сан-Францыска да Лёндану. Няважна, што яны зробленыя з плястмасы, паперы ці з чаго яшчэ — jack-o’-lantern даўно стаў сымбалем сьвята Гелоўін.

Больш за 2000 гадоў таму кельцкі новы год пачынаўся 1 лістапада. Надыход халодных і цёмных месяцаў адзначаўся фэстам, прысьвечаным Сэмгену — кельцкаму богу сьмерці. У ІХ стагодзьдзі пасьля Нараджэньня Хрыстовага царква прызначыла на 1 лістапада Дзень Усіх Сьвятых. Паганскія ды хрысьціянскія традыцыі зьмяшаліся, ды ўзьнік Гелоўін, што ў перакладзе азначае «вечар перад імшой Дня Ўсіх Сьвятых».

Што такое Гелоўін сёньня? Ды што заўгодна — галоўнае, каб было вусьцішна. Дзеці апранаюць маскі вядзьмарак ці пачвараў ды йдуць па суседзях — атрымліваць пачастункі. Багацейшыя сем’і так «упрыгожваюць» свае дамы штучнымі шкілетамі ды іншымі аздобамі, ад якіх так халонее сэрца, што там можна было б зьняць адзін з тых фільмаў жахаў, што абавязкова йдуць у кіно ды тэлевізіі 31 кастрычніка.

У інтэрнэце можна знайсьці ўсё, пачынаючы адмысловымі рэцэптамі сьвяточных страваў кшталту жэле ў выглядзе чалавечых мазгоў пад брусьнічным соўсам і канчаючы парадамі, як зьберагчы сваіх дзяцей ад гвалту ды няшчасных выпадкаў пад час Гелоўіна.

Што нам да гэтага сьвята? Як ні дзіўна, з кожным годам Гелоўін пакрысе ўвахозіць у беларускае жыцьцё, так, як Дзень Сьвятога Валянціна, які паціху, але ўсё ж выцясьняе 8 сакавіка ды 23 лютага. І калі савецкія сьвяты нам заўжды непрыхавана навязваліся, дык заходнія «прыходзяць самі» — праз мэдыі, інтэрнэт, школу. У школах з паглыбленым вывучэньнем ангельскае мовы сьвяткаваньне Гелоўіна ўжо амаль зрабілася традыцыяй. На клюбныя вечарынкі «Helloween Party» ў «Альтэрнатыве» ды «Happy Halloween» у «4 апэльсынах», якія праводзіліся 31 кастрычніка, прыйшоў сьвет народу.

Ці трэба баяцца Гелоўіна? Ці ўсе гэтыя «заходнія» сьвяты ёсьць яшчэ адным уплывам, які ўносіць дадатковую блытаніну ў беларускія галовы? Сталыя людзі, вядома, сваіх завядзёнак ня зьменяць, а вось большасьць моладзі будзе рабіць выбар на карысьць яскравых і модных сьвятаў. Модным сьвяты робіць рэкляма, а рэкляму робіць бізнэс, які, у сваю чаргу, вымушаны задавальняць патрэбы спажыўцоў.

Калі Гелоўін і прыйдзе ў Беларусь, дык зможа мірна суіснаваць зь Дзядамі. Як карнавал, які папярэднічае посту.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0