Агонь астылых сэрцаў
Нядзельная дэманстрацыя ў Менску
7 лістапада, на 82-ю гадавіну кастрычніцкага перавароту ў Расеі, улады РБ, якія разам зь мясцовымі камуністамі лічаць гэты дзень дзяржаўным сьвятам, імкнуліся вывесьці на цэнтральную плошчу Менску як мага больш народу. Мэта — паказаць, што ў Беларусі ня толькі бээнэфаўцы здольныя вывесьці людзей на вуліцу. Аднак, нягледзячы на ўсе высілкі, акцыя правалілася. Халодны і шэры восеньскі дзень ужо немагчыма сагрэць агнём астылых сэрцаў.
А 9-й раніцы да Кастрычніцкай плошчы пачалі падвозіць «дэманстрантаў» на «Ікарусах». Тут ім раздавалі плякаты, сьцягі і партрэты галоўнага, як цяпер кажуць, камуніста — Лукашэнкі. Менавіта яму належыць нядаўняе прызнаньне, што з саюзам трэба сьпяшацца таму, што ўсё меней застаецца людзей старога пакаленьня, якім усё гэта дорага; прагматычная моладзь саюз не падтрымае.
Аднак была на Кастрычніцкім пляцы і моладзь. Школьнікі, якія несьлі сьцягі БССР зялёнай паласой дагары, пры першай магчымасьці сігалі ў двары й зьбягалі дадому. Як яны апынуліся на плошчы?
Макс, навучэнец ПТВ:
— Падумалі і ўсёй групай прыйшлі на сьвята... Вы зь якой газэты? А-а, тады пішыце праўду: масьцер сказаў, што калі ня прыйдзем, іспыты не здадзім.
Добраахвотна зьехаліся на плошчу Незалежнасьці толькі вэтэраны камуністычнага руху — чалавек 500. Асобнай калёнай прыйшла калякінская ПКБ.
Вакол плошчы тым часам усе двары напаўняліся грузавікамі з амонам і салдатамі. Улады баяліся, што сьвята ператворыцца ў акцыю пратэсту супраць зьбядненьня народу.
Усяго да канцовага пункту дайшлі тысяч сем дэманстрантаў. Нягледзячы нават на тое, што проста на плошчы прадавалі танную выпіўку.
Галодныя камуністы Беларусі ўсклалі кветкі да помніка Леніну. А ўжо праз хвіліну зь міліцэйскіх рупараў пачуліся знаёмыя заклікі разыходзіцца, бо ствараюцца перашкоды грамадзкаму транспарту. Расчараваныя «чырвоныя» пабрылі ў бліжэйшыя паркі, дзе й пілі гарэлку за сваё «сьвята кастрычніка», не цураючыся выпадковых мінакоў. Некаторыя камуністы з жалем канстатавалі: «Эх, мала нас стала, не пераплюнулі Марш Свабоды».
На пытаньне «Што для вас камунізм?» некаторыя сьцяганосцы, ужо добра «падагрэтыя», губляліся і не давалі ўцямных адказаў. Казалі: «Усё!» або «Ідэалёгія» або «Ды я за камунізм. Што, дрэнна было? Папсавалі ўсё! Я паўжыцьця лячыўся бясплатна, і дзеці бясплатна лячыліся!..»
Аляксей Шыдлоўскі