Навіны зь Беларусі за суботу й нядзелю

 

Пажар у мэтро

У аўторак, 2 лістапада, а 10-й гадзіне раніцы на пад’езьдзе да станцыі «Кастрычніцкая» з боку плошчы Перамогі загарэлася нешта ў мэханізьме цягніка мэтро.

Машыніст не адразу надаў увагі таму, што ў салёне пагасла сьвятло, і рушыў далей, да плошчы Незалежнасьці, але ўжо праз 100 мэтраў спыніўся. Людзям давялося пешшу выходзіць назад на станцыю. Сярод іх быў і карэспандэнт «НН». Пад час узгараньня тэрмінова трэ было ачысьціць станцыю ад людзей, але міліцыянтаў на станцыі не аказалася — яны ганялі ў пераходзе мэтро бабулек, што гандлявалі кветкамі. Толькі праз пэўны час ахоўнікі правапарадку заблякавалі ўваходныя дзьверы.

Цікава, што загарэўся цягнік, які толькі тыдзень таму (!) купілі ў Санкт-Пецярбургу. Тут узгадваецца гісторыя тыднёвай даўнасьці, калі ў шэрагу кватэр Партызанскага раёну Менску адбыліся пажары з-за таго, што кляпаны, зробленыя ў Расеі на акцыянэрным таварыстве «Арзамас», ня вытрымалі перападу ціску газу і ўзарваліся. У выніку шмат жыхароў засталіся з абгарэлымі кухнямі і з праломамі ў сьценах.

Вось такі тавар прадаюць нам з Усходу.

Аляксей Стаўпецкі

 

І агонь ня вечны

У Бабруйску маюць загасіць вечны агонь пад помнікам вызвольнікам ад фашыстаў, піша БелаПАН. Вечны агонь утрымліваў камбінат «Белшына», у якога цяпер з газам перабоі. Камбінат папрасіў, каб паклапаціліся гарадзкія ўлады, а тым — у Бабруйску ва ўладзе камунякі сядзяць — няма як на гараджанаў газу надаць, ня тое што на вечныя агні.

 

У Гомелі неспакойна

Камуністы на 7 лістапада зьбіраліся на плошчы Паўстаньня, а самыя адчайныя іх праціўнікі — на вуліцы побач з плошчай Паўстаньня. У 9.15 на іхную групу, выскачыўшы зь мікрааўтобуса, наляцелі шасьцёра ў цывільным і пацягнулі некуды, як сказалі, на гутарку, праваабаронцу Яўгена Мурашку (таго, што за прэзыдэнцкія выбары засудзілі). Празь некаторы час міліцыянты ў форме паспрабавалі забраць у Галіны Арцёменкі (а яна жонка Мурашкі) плякат. Яна не аддавала, дык і яе пацягнулі ў пастарунак. Пры гэтым прысутнічалі ўсе мясцовыя міліцэйскія начальнікі. А 10-й гадзіне на плошчы Леніна арыштавалі анархіста Юрася Глушакова, які разгарнуў плякат «Жыве рэвалюцыя! Сьмерць капіталу!» Сямёра дысыдэнтаў усё ж здолелі прабіцца ў калёну дэманстрантаў і там узьняць лёзунгі: «Расея — турма народаў. В.І.Ленін» і «Свабоду палітвязьням». Ну ж, нядоўга і яны іх пранесьлі. І тых скруцілі, так бы мовіць, «бэпээсэмаўцы». Але здавацца гомельскія дысыдэнты не зьбіраюцца.

 

Лінг заклікаў Югаславію да дэмакратыі

У Празе засядалі прэм’ер-міністры цэнтральна- і ўсходнеэўрапейскіх краінаў. Нічога ня вызасядалі, толькі паабяцалі балканскім краінам помач і падтрымку, а таксама заявілі, што Югаславію возьмуць у свае шэрагі толькі ў тым разе, калі яна неадкладна правядзе дэмакратызацыю. І Лінг пад гэтым падпісаўся.

 

Пружанскі біг-бэнд

Пружанскі біг-бэнд пад кіраўніцтвам Алега Казея стаў пераможцам фэстывалю эстрадных аркестраў, які ладзіў нястомны Фінбэрг. У аркестры граюць 25 чалавек, і сярод іх няма ніводнага прафэсіянала, затое ёсьць пэнсіянэры, вартаўнікі, беспрацоўныя і нават качагары. Летась аркестру прысвоілі званьне народнага. Выступае ён найбольш у Польшчы. А Казей скончыў Інстытут культуры ў Кулябе — гэта ў Таджыкістане, на бацькаўшчыне ці то справядліва, ці то несправядліва пераабранага ўчора прэзыдэнта Рахмонава.

 

Можна рыбу нератам лавіць

У Беларусі дазволілі — упершыню за доўгі час — лавіць рыбу сеткамі. Аднак за дазвол трэба плаціць. Раней мужыкі лавілі, але кожны раз пры гэтым парушалі закон. Добра зрабілі: цяпер парушальнікаў стане меней. Хутка мо зробяць як у Італіі, дзе і ў грыбы бясплатна можна хадзіць толькі жыхарам тых вёсак, на землях якіх лес расьце, а як хто чужы, дык мусіць квіток купляць.

 

Аўстрыйцы ордэн Скарыны зарабілі

Дваім аўстрыйцам наш урад даў ордэны Скарыны: спн.Гайдзі Бургарт і сп.Эрыху Фідэсэру. Бо яны фактычна сабралі грошы (2,8 мільёнаў даляраў) на будаўніцтва комплексу дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі ў Бараўлянах, піша БелаПАН. Уручыў ордэны беларускі пасол у Аўстрыі Валянцін Фісенка ў будынку беларускага пасольства.

Барыс Тумар

 

Сымбаль інтэграцыі

У Цюмені (Расея) 1-га лістапада гастролямі менскага Малога тэатра распачаліся дні культуры Рэспублікі Беларусі. Арганізатарам імпрэзы выступіла адміністрацыя Цюменскай вобласьці. Гаспадары казалі гучныя прамовы за «союз огромной Россіі і не менее огромной Белоруссіі», мясцовы хор прасьпявў «Беловежскую пущу», мерапрыемства ўшанаваў сваёй прысутнасьцю губэрнатар. Госьці чацьвёрачы паказалі два адрозныя спэктаклі — лубачную «Камэдыю» і эстэцкі «ART», якія былі жыва сустрэтыя сібірскай публікай, асабліва яе беларускаю часткай. Шумным посьпехам карыстаўся расейскамоўны чорт Ігара Забары, «беларускі сымбаль інтэграцыі» — як абазваў яго ў антракце нехта з дасьціпных гледачоў. Дні нашае культуры неўзабаве працягне эстрадны дэсант на чале зь Ігарам Лучанком.

Зьміцер Бартосік

 

Ураган дапамог

Ураган, які летам прайшоў на Астравеччыне, дапамог лясгасу. Работнікі лесу датэрмінова выканалі плян забесьпячэньня дровамі людзей, што маюць ільготы, і ўсё адно яшчэ ў Міхаліскім лясьніцтве застаецца паваленых каля 50 тысяч кубоў драўніны. Разьбіраюць гэтыя завалы лесьнікі. Працуюць на выезьдзе, наймаючы жытло ў суседніх вёсках.

З Астраўца — Мар’ян Вянгроўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0