Сьвята дрэйфуе

Было нам неяк зайздрасна і шкода,
Чаму Кастрычнік нам не аднагодак.

 

Можа Мікола Аўрамчык, аўтар гэтых радкоў, сапраўды шчыра шкадаваў, што яму не давялося пабачыць Вялікага Кастрычніка. Што да мяне, дык я ніколі не адчуваў нястачы вялікіх падзеяў у сваім жыцьці. Асабліва цяпер, калі рэвалюцыі — амаль на кожным кроку. Зьмена кіраўніцтва БНФ, Марш Свабоды (Рэвалюцыя 17-га), масавыя арышты — усё ў адзін месяц і ў адной, нашай, краіне.

Што да Кастрычніка, дык яго заўсёды сьвяткавалі то не тады, то ня там. Да 1930 г. у БССР, як і ўва ўсім Савецкім Саюзе, адзначалі ня факт гвалтоўнае зьмены ўлады, які не адмаўляўся, а чарговую гадавіну Рэвалюцыі — тады, калі яна й адбылася — у лютым. Што сьвяткавалі апошнія савецкія пакаленьні — застаецца пытаньнем. Што сьвяткуюць сёньняшнія беларусы, калі сёмага лістапада над Скарынаўскім праспэктам вывешваецца “расьцяжка”, дзе ўсіх паздраўляюць з празьнікам — таксама.

Згадваю, як напачатку 90-х зьнянацку галава Леніна ў маёй 30-й СШ зьмянілася на бюст Скарыны. На лекцыі гісторыі настаўніца неяк згадала пра кастрычніцкую рэвалюцыю, адцеміўшы, што насамрэч гэта быў “пераварот”. Ужо тады я ведаў, што жыву ў Менску — сталіцы Беларусі. Да маіх адкрыцьцяў дадалося яшчэ адно: кастрычніцкі пераварот, які мы дагэтуль сьвяткавалі ў сям’і, адбыўся, апроч усяго іншага, ня ў нас, а ў суседняй краіне. Прычым, у краіне, якая сёньня фактычна адмовіла значэньне бальшавіцкага перавароту і вярнула атрыбутыку царскіх часоў — дарэвалюцыйныя герб і сьцяг.

Такім чынам, галоўнае камуністычнае сьвята пусьцілася ў дрэйф ня толькі ў часе, але і ў прасторы.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0