Гадавіна

 

Дзіўны, пачварны анахранізм: дэманстрацыі, чырвоныя гвазьдзікі, паветраныя балёнчыкі, кіно пра рэвалюцыю ў тэлевізары... СССР, БССР...

Няслушна называць Беларусь “камуністычным запаведнікам” — камуністам тут гэтак сама цяжка, як іншым. Параўноўваць Лукашэнку з Гітлерам ці Піначэтам увогуле сьмешна — тыя былі злодзеямі. А гэты — недалуга. Вядзе дзяржаву ў «адзіна магчымым» кірунку, проста не ўсьведамляючы, што могуць быць іншыя. Цяперашняя РБ сьвята пільнуецца дзяржаўнай традыцыі БССР. Пільнуецца нічога і ідзе ў нікуды, бо дзяржаўнай традыцыі БССР не было, бо БССР — гэта толькі чатары літары і шэсьць абласьцей пры поўнай адсутнасьці дзяржаўнай, грамадзкай, культурнай рэальнасьці. БССР без СССР — нішто. І РБ як пераемніца БССР — нішто без надбудовы-мэтраполіі. Вось Лукашэнка і рвецца ў Расею. Ён мусіць напоўніць пустую, спарахнелую форму новым зьместам, надбудаваўшы новы саюз — а хоць бы і не савецкіх сацыялістычных — рэспублік.

Як высьветлілася, рэч гэта зусім няпростая, і ўжо зараз на яшчэ нестарым твары Лукашэнкі часам відаць шчырае, глыбокае расчараваньне і крыўду. Хацелася б убачыць гэты твар у тое імгненьне, калі носьбіт яго зразумее, конча і безнадзейна, што павярнуць гісторыю немагчыма.

А пакуль у Беларусі ёсьць такое дзіўнае сьвята — гадавіна кастрычніцкага перавароту ў Расейскай імпэрыі.

Алесь Пяткевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0